Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) у сваёй рэзалюцыі асудзіла дзяржавы, якія на міжнародных пляцоўках працягваюць падтрымліваць расейскую дэзынфармацыю, апраўдваючы агрэсію Расеі супраць Украіны.
Сярод такіх дзяржаў назвалі Беларусь, Іран, Кубу, Паўночную Карэю, Вэнэсуэлу. У ПАРЭ перакананыя, што падтрымка расейскай агрэсіі «падрывае дэмакратыю ва ўсім сьвеце».
Парлямэнцкая асамблея Рада Эўропы заклікала сваіх чальцоў і назіральнікаў у арганізацыі ўзмацніць работу ў вызваленьні і абмене палітычных зьняволеных, якіх утрымліваюць у турмах Расеі і Беларусі. «У першую чаргу — Уладзіміра Кара-Мурзу і іншых людзей зь цяжкімі захворваньнямі», — адзначаецца ў рэзалюцыі арганізацыі.
Сярод дзяржаў, якія маглі б ажыцьцявіць такую дзейнасьць, назвалі Нямеччыну, Вялікую Брытанію і ЗША.
ПАРЭ таксама выказала сваю салідарнасьць і імкненьне працягваць дыялёг з расейскімі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, якія падзяляюць каштоўнасьці Рады Эўропы і прызнаюць заснаваны на правілах міжнародны парадак, уключаючы павагу да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
«У сувязі з гэтым Асамблея нагадвае пра сваё рашэньне, выкладзенае ў рэзалюцыі „Дэмакратычная будучыня для Беларусі“, — прызначыць Генэральнага дакладчыка для дэмакратычнай Беларусі і дазволіць прадстаўнічай дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў прыняць актыўны ўдзел у некаторай яго дзейнасьці», — адзначаецца ў рэзалюцыі ПАРЭ.