Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала выводзіць сваіх вайскоўцаў з Нагорнага Карабаху


Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў вывад расейскіх вайскоўцаў з Нагорнага Карабаху.

Пра гэта ён паведаміў падчас штодзённага брыфінгу.

Пра тое, што расейскія вайскоўцы пачалі пакідаць Карабах, раней пісалі азэрбайджанскія СМІ. Паводле іх дадзеных, міратворцы ўжо пакінулі манастырскі комплекс Дадыванк. Выданьне News.am са спасылкай на дыпляматычную крыніцу напісала, што вывад расейскіх войскаў будзе праходзіць паэтапна, тэрміны заканчэньня пакуль не называюцца. Расейскі кантынгент павінен быў заставацца ў рэгіёне да 2025 году.

Міратворчая місія Расеі была разьмешчана ў Нагорным Карабаху ўвосень 2020 году. Гэта адбылося пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі, калі Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (на армянскім Шушы).

На наступны дзень прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Пуцін падпісалі заяву аб спыненьні агню ў Нагорным Карабаху. Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам былі замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Расейскія міратворцы, паводле дамоўленасьцяў, павінны былі знаходзіцца ўздоўж лініі судакрананьня.

Пашыньян ня раз адзначаў, што расейскія вайскоўцы не змаглі выканаць сваю місію ў Нагорным Карабаху, у тым ліку абараніць насельніцтва рэгіёну. Ён таксама крытыкаваў Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якая, на яго думку, ня выканала свае абавязаньні па бясьпецы ў адносінах да Армэніі, асабліва ў 2021 і 2022 гадах. У сувязі з гэтым Ерэван, як ён сказаў, «замарозіў» свой удзел у працы АДКБ.

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла пра выхад з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі».
  • За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сіл Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская Рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай з краін ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вывесьці армянскія войскі з рэгіёну Карабаху і прызнаць тэрыторыю часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў горад Шуша (на армянскім Шушы). На наступны дзень Пашыньян, Аліеў і Пуцін падпісалі заяву аб спыненьні агню ў Нагорным Карабаху.
  • Пасьля гэтага Азэрбайджан пачаў блякаду раёнаў Карабаху, населеных этнічнымі армянамі: на адзінай дарозе зьявіліся блёкпасты, якія не прапускалі ў рэгіён ніякія грузы, у тым ліку харчаваньне і гуманітарную дапамогу. Жыхары армянскіх раёнаў Карабаху паведамлялі пра голад.
  • 19 верасьня 2023 году Азэрбайджан пачаў ваенную апэрацыю ў раёнах Карабаху, населеных этнічнымі армянамі. Яна скончылася капітуляцыяй уладаў самаабвешчанай рэспублікі. 28 верасьня кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі Самвэл Шахраманьян падпісаў указ аб спыненьні яе існаваньня зь першага студзеня 2024 году і роспуску дзяржустановаў. Дзясяткі тысяч людзей пакінулі Карабах і перабраліся ў Армэнію. У сакавіку 2024 году Нікол Пашыньян заявіў аб пачатку дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG