Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні закон аб замежных агентах


У парлямэнце Грузіі
У парлямэнце Грузіі

Парлямэнт Грузіі зацьвердзіў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які крытыкі называюць копіяй расейскага закону аб замежных агентах.

За яго аднагалосна прагаласавалі 83 дэпутаты, якія ўдзельнічаюць у пасяджэньні, перадае «Эхо Кавказа». Апазыцыя галасаваньне байкатавала.

Згодна з законапраектам, некамэрцыйныя арганізацыі, вяшчальнікі і ўладальнікі СМІ, якія атрымліваюць больш за 20% даходу на працягу году ад «замежнай сілы», абавязаныя зарэгістравацца ў якасьці арганізацыі, якая праводзіць інтарэсы замежнай сілы.

Некамэрцыйныя арганізацыі і СМІ павінны самі зьвярнуцца ў Нацыянальнае агенцтва публічнага рэестру з заявай аб рэгістрацыі. У выпадку ўхіленьня ад рэгістрацыі ім пагражае штраф у памеры 25 000 лары ($9300). Акрамя таго, штрафы прадугледжаныя за нявыпраўленыя і паўторныя парушэньні.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што накладзе вэта на гэты законапраект. Пры гэтым яна адзначыла, што парлямэнцкая большасьць можа пераадолець яго. «Маё вэта — гэта голас людзей, і гэты голас павінен быць пачуты», — сказала яна.

Камітэт парлямэнту Грузіі па юрыдычных пытаньнях 15 красавіка разглядаў законапраект у першым чытаньні. У той дзень з раніцы ў Тбілісі ды іншых гарадах Грузіі пачаліся пратэсты. Вечарам у сталіцы сабраліся некалькі тысяч пратэстоўцаў.

Пратэстоўцаў падтрымала Зурабішвілі. «Дэманстрацыя грамадзянскай супольнасьці ў Тбілісі супраць „расейскага закону“. „Спэцназ“ з вадамётамі і газавымі гарматамі гатовы перайсьці да дзеяньняў супраць цывільнага насельніцтва, якое абараняе сваю эўрапейскую будучыню. Праходзяць затрыманьні. Грузія ня зьмірыцца з рэсаветызацыяй!» — напісала яна.

Пасьля першага дня пратэстаў супрацоўнікі паліцыі затрымалі 14 чалавек, па выніках другога дня — 11 чалавек. Пратэстоўцы паведамлялі, што паліцыя без папярэджаньня ўжыла празьмерную сілу, у тым ліку супраць журналістаў.

У мінулым годзе кіруючая партыя «Грузінская мара» ужо ўносіла законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву». Сёмага сакавіка 2023 году парлямэнт Грузіі ў першым чытаньні ўхваліў законапраект, што прывяло да масавых пратэстаў. 8 сакавіка 2023 году «Грузінская мара» і рух «Сіла народу» адклікалі з парлямэнту гэты законапраект.

Нягледзячы на гэта, на пачатку красавіка 2024 году «Грузінская мара» паўторна ўнесла законапраект у парлямэнт. У адрозьненьне ад першага варыянту, у дапрацаваным дакумэнце замест тэрміну «агент замежнага ўплыву» выкарыстоўваецца фармулёўка «арганізацыя, якая праводзіць замежныя інтарэсы».

Прэзыдэнтка Зурабішвілі зьвярнулася да старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона з просьбай абмеркаваць разьвіцьцё падзеяў у Грузіі на сёньняшняй сэсіі Эўрапейскай рады. Гэта выклікала рэзкую адмоўную рэакцыю кіроўнай партыі «Грузінская мара». Аўтары заяўляюць, што закон ня мае нічога агульнага з расейскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG