Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў будуць пазбаўляць ДНЖ Літвы пры наведваньні радзімы часьцей як адзін раз на тры месяцы — Камітэт літоўскага Сейму


Сейм Літвы
Сейм Літвы

Камітэт Сейму Літвы ў нацыянальнай бясьпецы і абароне (КНБА) ухваліў 17 красавіка «кампрамісную прапанову» па абмежаваньні колькасьці паездак беларусаў з ДНЖ на радзіму.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на партал Delfi.

Удакладняецца, што гэты ж прынцып прапануецца распаўсюдзіць і на грамадзян Расеі.

Паводле слоў чальца КНБА Ёнаса Яруціса, «дазвол на часовае пражываньне» ў Літве, выдадзены грамадзянам Беларусі і РФ, «анулюецца ў выпадку, калі будзе ўстаноўлена, што за апошнія тры каляндарныя месяцы яны выяжджалі ў Расею або Беларусь часьцей за адзін раз».

На думку чальцоў камітэту, залішне частыя візыты на радзіму грамадзян дзьвюх краін могуць ствараць «пагрозу бясьпецы Літвы».

Раней Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ) прапанаваў абмежаваць паездкі грамадзян Беларусі на радзіму «выключнымі выпадкамі».

ДДБ у чарговы раз адзначыў, што большасьць беларусаў, якія прыбываюць у Літву, — «эканамічныя мігранты». «А тыя, хто часта вяртаецца дадому, зьяўляюцца галоўнай мішэньню для беларускіх спэцслужбаў, таму нават некалькі паездак на год становяць небясьпеку», — перакананыя ў ведамстве.

9 красавіка ў Сейме Літвы былі зарэгістраваныя папраўкі да закону Літоўскай Рэспублікі аб абмежавальных мерах адносна ваеннай агрэсіі супраць Украіны, якія, у выпадку прыняцьця, прывядуць да ануляваньня дазволаў на часовае пражываньне, выдадзеных грамадзянам Расеі і Беларусі, калі яны выяжджаюць у свае краіны «больш як адзін раз на месяц на працягу апошніх 12 месяцаў».

Аўтары паправак у абгрунтаваньні, акрамя іншага, указвалі, што «абсалютная большасьць беларусаў, якія маюць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, больш-менш рэгулярна вяртаюцца ў Беларусь».

«Сярод іх ёсьць тыя, хто мае дазвол на часовае пражываньне, выдадзены з гуманітарных меркаваньняў. Тысячы такіх выпадкаў былі зафіксаваныя ў сьнежні мінулага году. Аднак іх там могуць завэрбаваць, папрасіць выканаць пэўныя выведныя функцыі і г.д.», — сьцьвярджаецца ў абгрунтаваньні да праекту.

Аб прапанове пазбаўляць дазволу на жыхарства расейцаў і беларусаў, якія часьцей як раз на месяц езьдзяць на радзіму, 14 лютага заявіў кіраўнік Камітэту ў нацыянальнай бясьпецы і абароне Сейму Лаўрынас Кашчунас, які 25 сакавіка быў прызначаны міністрам абароны Літвы.

9 красавіка дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы зарэгістраваныя ў Сейме Літвы папраўкі, якія прапануюць увесьці новыя падставы для ануляваньня ВНЖ беларусаў, заклікала суайчыньнікаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў Літве, не наведваць Беларусь, «калі гэта пагражае небясьпекай».

Пры гэтым дэмакратычная лідэрка перасьцерагла беларусаў — уладальнікаў «гуманітарнай візы або палітычнага прытулку» — ад наведваньня Беларусі. «Бо гэта ня толькі сыгнал для рэжыму зьвярнуць на вас пільную ўвагу, але і нагода для дзяржаўных органаў Літвы ануляваць дазвол на часовае знаходжаньне. Паколькі вы пазначылі падставай для яго выдачы немагчымасьць вярнуцца ў сваю краіну», — удакладніла палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG