Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Літвы пра «літвінізм», спэцслужбы і спробы пасварыць беларусаў і літоўцаў


Андрус Кубілюс, дэпутат Эўрапарлямэнту, колішні прэмʼер-міністар Літвы
Андрус Кубілюс, дэпутат Эўрапарлямэнту, колішні прэмʼер-міністар Літвы

Ці баяцца ў Літве нападу зь Беларусі і ці лічаць пагрозай беларусаў, якія прыехалі ў краіну? Ці можна нешта зрабіць, каб паміж дзьвюма краінамі не зьявілася «жалезная заслона»?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium адказаў Андрус Кубілюс, дэпутат Эўрапарлямэнту, колішні прэмʼер-міністар Літвы.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Фрагмэнты гутаркі.

  • Мы занепакоеныя бясьпекай ва ўсім рэгіёне і павялічваем інвэстыцыі ў сваю абарону, прыцягваем партнэраў па NATO. Якраз цяпер у Літву прыяжджае нямецкая брыгада, будуецца патрэбная інфраструктура. Але для нас першая лінія абароны — гэта Ўкраіна.
  • Нам важна ня толькі самім дапамагаць Украіне — мы разам з Эстоніяй першыя ў дапамозе на душу насельніцтва — але нам важна і тое, каб краіны Эўразьвязу і ЗША паднялі гэтую дапамогу на такі ўзровень, які б дазволіў Украіне ўрэшце перамагчы.
  • За мінулы год Расея скарыстала для вайны больш за 100 мільярдаў эўра. Украіна скарыстала на сваю абарону 80 мільярдаў, зь якіх 40 мільярдаў — гэта ўкраінскія грошы, а іншыя 40 мільярдаў — заходняя дапамога. Робіцца ясна, што такая дапамога дазваляе Ўкраіне не прайграць, але і не дазваляе перамагчы.
  • Нават з гэтай дапамогай у найбліжэйшы час могуць быць праблемы, бо амэрыканцы ня могуць прыняць рашэньне ў сваім Кангрэсе. Гэта значыць, што Эўразьвязу трэба мабілізаваць удвая больш рэсурсаў, чым мы здолелі раней.
  • Мы разумеем, што калі Захад ня зможа даць Украіне патрэбнай дапамогі і Ўкраіна пачне прайграваць вайну Пуціну, тады мы можам вельмі хутка стаць наступнай мішэньню.
  • У Захаду ўжо зьяўляецца разуменьне, наколькі небясьпечнай для саміх заходніх краінаў была б перамога Пуціна ва Ўкраіне, але пакуль няма яснага пляну, як паспрыяць Украіне перамагчы.
  • Я ня бачу нічога, што Лукашэнка мог бы зрабіць самастойна, акрамя заяваў. Але чыста ваенных рашэньняў ён сам прымаць ня будзе.
  • Пакуль што мы ня бачым нейкіх крокаў з боку Беларусі і Расеі, каб тыя зьбіралі свае рэсурсы супраць Літвы, як мы бачылі ў 2021 годзе перад агрэсіяй супраць Украіны.
  • Мы мусім улічваць, што агрэсія можа ня быць «артадаксальнай» — танкі, артылерыя, напад празь мяжу. Можа быць нешта «гібрыднае», тэрарыстычнае, што заўгодна. Ад гэтага можа быць цяжэй абараняцца. Але гэта павінна падштурхнуць увесь заходні сьвет да разуменьня, што з аўтарытарных рэжымаў вынікае доўгачасовая пагроза і трэба зрабіць усё, каб на гэтай прасторы не засталося такіх аўтарытарных рэжымаў.
  • Галоўным трыгерам для такіх пераменаў павінна стаць перамога Ўкраіны. І тут мы бачым розныя погляды. [Прэзыдэнт Францыі] Макрон, як я жартую, ужо прамаўляе як па нашых нататках, але, напрыклад, нямецкі канцлер Шольц выказваецца нашмат асьцярожней. Ён кажа, што Ўкраіна павінна стрымліваць расейскую агрэсію, і тады Пуцін некалі, магчыма, стоміцца і забярэ свае войскі з Украіны.
  • Захад дагэтуль баіцца, што калі Ўкраіна пераможа, пуцінскі рэжым каляпсуе, дык што будзе пасьля? Баіцца, што можа быць яшчэ горш.
  • Рашэньне пра закрыцьцё яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю прымалася з улікам думкі нашых спэцыяльных службаў. Нашыя спэцслужбы бачаць, што тымі нашымі людзьмі, якія часта выяжджаюць у Беларусь, на беларускай тэрыторыі займаюцца лукашэнкаўскія спэцслужбы. На жаль, у такіх умовах нейкія абмежаваньні кантактаў атрымоўваюцца натуральна.
  • З другога боку, мы і далей будзем працягваць і павінны думаць, як узмацніць падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі, у тым ліку тым, хто знайшоў магчымасьць працягваць дзейнасьць у Літве.
  • Нашыя спэцслужбы занепакоеныя тым, што сярод нейкіх беларусаў у Літве могуць зьявіцца агенты Лукашэнкі. Такія праблемы ўзьнікаюць, і працы ў нашых спэцслужбаў зьяўляецца больш. Мы разумеем, што Лукашэнка і Пуцін у такі час будуць спрабаваць нешта рабіць.
  • Важна, каб пры гэтым нармальна сябе адчувалі тыя беларусы ў Літве, якія ня маюць дачыненьня да агентурнай дзейнасьці. Бо лукашэнкаўскі рэжым спрабуе правакацыямі ствараць эмацыйнае напружаньне сярод літоўскага насельніцтва, сярод беларусаў, сярод расейцаў.
  • Для мяне ясна, што тыя пагрозы, якія рэгулярна зьяўляюцца апошнім часам, — гэта правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі. Добра, што нашыя спэцслужбы таксама бачаць, што Лукашэнка спрабуе ствараць напружаньне паміж літоўцамі і беларусамі, каб зьменшыць дапамогу беларускай апазыцыі з боку Літвы. Я спадзяюся, што нашыя спэцслужбы знойдуць магчымасьці, як гэта перадухіляць.
  • Пагрозы з боку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі скіраваныя ня толькі на акупацыю нашых тэрыторый, але гэта і спробы акупаваць нашыя сэрцы і розумы, ствараць супрацьстаяньне.
  • Я ня бачу ніякай сурʼёзнасьці ў «літвінізьме». Я лічу, што мы, Літва, як краіна Эўразьвязу і NATO, павінны сябе адчуваць моцнай дзяржавай і не паддавацца на нейкія правакацыі.
  • З другога боку, мы павінны разумець, што і зь беларусамі, і з украінцамі мы падзяляем гісторыю Вялікага Княства Літоўскага — і перамогамі, і праваламі. Гэтая гісторыя важная ня толькі для нас, але і для тоеснасьці Беларусі, і для Ўкраіны. Я тут ніяк ня бачу, што ў нас нібыта адбіраюць нашую гісторыю. Я якраз бачу, што мы ўсе, хто быў часткай Вялікага Княства Літоўскага, падзяляем адну гісторыю. Тое, што стваралася Скарынам ці некім яшчэ, важна і для беларусаў, і для нас.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG