Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брата затрыманага ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах Максіма Лапаціна вінавацяць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці»


Спадарожнікавы здымак аэрадрому ў Мачулішчах пасьля дывэрсіі, 2 сакавіка 2023
Спадарожнікавы здымак аэрадрому ў Мачулішчах пасьля дывэрсіі, 2 сакавіка 2023

Брата затрыманага ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах Максіма Лапаціна Андрэя абвінавачваюць у фінансаваньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці (артыкул 361-2 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Паводле раскладу на сайце Вярхоўнага суду, працэс над Андрэем Лапаціным пачнецца 18 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.

Андрэя Лапаціна затрымалі 4 траўня 2023 году, калі ён прыехаў рабіць перадачу свайму брату Максіму Лапаціну, затрыманаму ў справе «тэракту ў Мачулішчах». Да гэтага мужчына жыў у Літве. Яго затрымалі ў той жа справе і спачатку абвінавацілі паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу («Акт тэрарызму»), але ў сакавіку 2024 году абвінавачаньне перакваліфікавалі, імаверна паводле арт. 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляюць праваабаронцы.

Цяпер Андрэй Лапацін знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Ягонага брата Максіма Лапаціна затрымалі 3 сакавіка 2023 году ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах. Максіма Лапаціна моцна пабілі пры затрыманьні, яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. У прапагандысцкім фільме, які выйшаў на дзяржаўным тэлеканале АНТ, было відаць, што ў Максіма стаяць пратэзы на сківіцы, што можа значыць, што яе зламалі. 23 сакавіка затрымалі і жонку Максіма Людмілу Лапаціну. У сужэнцаў двое непаўналетніх дзяцей.

  • 26 лютага 2023 году ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам адбылася дывэрсія. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі А-50.
  • Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазьней прызналі і правялі антыдывэрсійную апэрацыю.
  • Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. Пад перасьлед трапілі тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасьля 2020 году. Па словах супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманьні прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў. Пэўна, некаторыя падазраваныя з такімі заняткамі знаходзяцца цяпер за мяжой.
  • 3 сакавіка 2023 году КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл. Вядомыя імёны 8 затрыманых і яшчэ некалькіх падазраваных, якія знаходзяцца за мяжой. А таксама прысуд аднаму зь фігурантаў — 10 гадоў калёніі. Пасьля дывэрсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстаньне дронаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG