«У сувязі з уключэньнем у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі — інтэрнэт-сайта, у якасьці ідэнтыфікатара якога ўказана дамэннае імя reform.by, адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны прынята рашэньне ануляваць у цэнтралізаванай базе зьвестак аб дамэнных імёнах, зарэгістраваных у нацыянальнай дамэннай зоне, у тым ліку пра іх уладальнікаў, запіс аб рэгістрацыі дамэннага імя reform.by», — гаворыцца ў лісьце ад 15 красавіка за подпісам намесьніка кіраўніка ААЦ Сяргея Жарнасека, які атрымала рэдакцыя сайту Reformation.
Аналягічныя лісты атрымалі рух «За свабоду», рэгіянальнае незалежнае СМІ «Медыя-Палессе» і крама нацыянальнай сымболікі Symbal.by.
Таксама былі ануляваная рэгістрацыя дамэных імёнаў выданьняў newlife.by, mediazona.by intex-press.by і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў zbsunion.by.
Уладальнікі крамы Symbal.by назвалі рашэньне ААЦ «грубым парушэньнем свабоды слова і права на ўласнасьць», рэдакцыя сайту Reformation — «цэнзурай і бессаромным маніпуляваньнем ААЦ як нацыянальнага адміністратара дамэннай зоны міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі», а галоўная рэдактарка «Медыя-Палесся» Сьвятлана Гарда заявіла БАЖ, што рашэньне ААЦ ня стала для мэдыя нечаканасьцю і што яно працягне працу.
Сайт «Медыя-Палессе» пераехаў на дамэн Media-Polesye.com, крама Symbal.by — на symbalby.com, мэдыя Reformation — на reform.news.
«Ну што ж, пазьней будуць выплачваць за гэта кампэнсацыю. Таксама гэта добры кейс, каб ужо зараз распачаць працэс пазбаўленьня правоў адносна дамэннай зоны .by тых рэгістратараў, якія прадстаўляюць рэжым», — адзначыў уладальнік дамэну рух.by, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
- Некалькі дзён таму ААЦ зьмяніў інструкцыю аб рэгістрацыі дамэнных імёнаў. Згодна зь ёю цяпер дамэнныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», змогуць ануляваць. Гаворка пра ідэнтыфікатары, зарэгістраваныя ў нацыянальнай дамэннай зоне.
- Ануляваць дамэнныя імёны будуць пасьля рашэньня адміністратара нацыянальнай дамэннай зоны. Пасьля ануляваньня запісу аб рэгістрацыі дамэннага імя яго ня будуць адміністраваць, яно будзе недаступнае для рэгістрацыі і будзе знаходзіцца ў асобным пераліку.
- Уключыць дамэн у адмысловы пералік змогуць і ў «мэтах нацыянальнай бясьпекі». Напрыклад, каб перадухіліць выкарыстаньне сукупнасьці літар, лічбаў, сымбаляў і словаў, якія не адпавядаюць агульнапрынятым маральна-этычным нормам, распальваюць сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варожасьць ці прапагандуюць гвалт або жорсткасьць.
- Выкарыстаньне дамэнных імёнаў, якія знаходзяцца ў адмысловым пераліку, дапускаецца толькі «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі».
- Акрамя таго, ААЦ легалізаваў магчымасьць забраць дамэн, калі ўладальнік асабіста не пацьвердзіць свае зьвесткі.