Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пазбавілі БАЖ дамэннага імя і пошты. БАЖ зьвяртаецца ў міжнародныя інстанцыі


Лягатып БАЖ
Лягатып БАЖ

Зараз пры адкрыцьці сайту зьяўляецца «заглушка»: «Доступ да рэсурсу абмежаваны ў сувязі з выкананьнем рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятым на падставе закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“».

Трэцяга студзеня Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку ажыцьцявіў рашэньне прыпыніць дэлегаваньне дамэннага імя Baj.by яго ўласьніку, нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэньнямі.

Раней ААЦ праз кампанію-рэгістратар ТАА «Адкрыты кантакт» накіраваў уладальніку дамэна паведамленьне аб неабходнасьці падаць дакумэнты з пацьвярджэньнем дакладнасьці асабістых зьвестак. Актыўныя дзеяньні ўладаў у гэтым кірунку пачаліся адразу пасьля апублікаваньня БАЖ пазыцыі адносна правядзеньня ў Менску рэгіянальнага Форуму ў кіраваньні інтэрнэтам, піша БАЖ.

ТАА «Адкрыты кантакт» спачатку прапанавала ўладальніку дамэна прыслаць скан пашпарта на электронную пошту, але празь некалькі дзён паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візыце ўладальніка ў офіс.

У адказ на гэта ўладальнік дамэна (намесьнік старшыні БАЖ Алег Агееў) праінфармаваў ТАА «Адкрыты кантакт» пра тое, што Інструкцыя аб парадку рэгістрацыі дамэнных імёнаў у інтэрнэце не прадугледжвае «асабістых візытаў» у офіс рэгістратара (дамэнамі ў зоне.by могуць валодаць нават замежныя асобы), а ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакумэнты былі пададзеныя, што пацьвярджае сам рэгістратар.

Нягледзячы на гэта, ААЦ прыняў рашэньне пазбавіць БАЖ беларускага дамэннага імя.

Раней, 29 сьнежня, у Беларусі анулявалі дамэннае імя tut.by, а таксама зьвязаныя з парталам дамэны afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.

Рэакцыя Беларускай асацыяцыі журналістаў

«У пазбаўленьні дамэннага імя мы бачым ня што іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэньня права на свабоду выказваньня, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундамэнтальная права — права на ўласнасьць. Амаль 20 гадоў сусьветна прызнаная Беларуская асацыяцыя журналістаў мела сайт на гэтым дамэне і праз сайт прасоўвала каштоўнасьці правоў чалавека, стандарты журналісцкай працы і права на выказваньне. І ўсе гэтыя 20 гадоў ішла вайна ўладаў Беларусі са свабодай слова.

Але нават такія яе абвастрэньні, як прамое рэйдарства, не прывядуць да спыненьня актыўнасьці незалежных мэдыяў і не пазбавяць беларусаў праўдзівых крыніц інфармацыі. БАЖ не дазволіць уладам легітымізаваць рэпрэсіі, дзяржаўную цэнзуру і ціск на незалежныя мэдыі.

Захопніцкія дзеяньні ўладаў парушаюць сусьветныя правілы адміністраваньня дамэнаў, таму БАЖ праінфармуе ICANN, Міжнародную карпарацыю ў кіраваньні дамэннымі імёнамі, і будзе разьлічваць на адпаведную ацэнку інцыдэнту на сусьветным узроўні.

Гэта ня першы выпадак дамэннага рэйдарства з боку дзяржавы ў дачыненьні незалежных мэдыя. З упэўненасьцю можна сказаць, што мець дамэн у Беларусі цяпер проста небясьпечна для любога бізнэсу. І ніводная кампанія ці бізнэс не застрахаваныя ад зьнішчэньня праз адабраньне дамэну дзяржавай з надуманых прычынаў. Байнэт дыскрэдытаваны і небясьпечны ня толькі для незалежных мэдыя, але і для любога бізнэсу, які можа стаць наступным», — так пракамэнтаваў сытуацыю намесьнік старшыні БАЖ, кіраўнік інфармацыйнага аддзелу Барыс Гарэцкі.

Таксама БАЖ паведаміла, што ад сёньняшняга дня пазбаўлена магчымасьці кантраляваць сайт Baj.by і любыя электронныя скрыні ў дамэне @baj.by.

«Мы ня ведаем, як улады будуць выкарыстоўваць іх далей, таму просім не заходзіць на стары сайт, не пісаць і не адказваць на любыя электронныя паведамленьні з электронных скрыняў @baj.by».

У БАЖ адзначылі, што чакалі падобнага яшчэ з траўня 2023 году, таму ўжо тады пераехалі на новы міжнародны дамэн Baj.media.

Асноўная паштовая скрыня арганізацыі і рэдакцыі сайту цяпер office@baj.media, адрас для міжнародных кантактаў: intercomm@baj.media.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG