Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю Юрыя Зісера пазбавілі права валоданьня дамэнамі «ТУТ БАЙ МЕДЫА»


Офіс TUT.BY, Менск, красавік 2021
Офіс TUT.BY, Менск, красавік 2021

Сямʼя заснавальніка «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Юрыя Зісера пазбавілася права валоданьня дамэнамі кампаніі.

Пра гэта сёньня паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на допіс у Фэйсбуку дачкі Зісера Яўгеніі Чарняўскай.

Паводле яе слоў, «КДБ адціснуў» ня толькі асноўны дамэн tut.by, але і «ўсе астатнія важныя (і нятанныя)» — afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by».

Чарняўская падкрэсьліла, што ўсе дамэны «належалі маёй сямʼі і кампаніі».

«Усё адбылося за паўтара тыдня ў аднабаковым парадку без варыянтаў рашэньня. Ну, гэта значыць з варыянтам, вядома, — „зьявіцца асабіста ў офіс рэгістратара для ліквідацыі парушэньняў“. Варыянт перадаць пашпарт і адправіць чалавека з даверанасьцю для зьверкі пашпартных дадзеных беларускім уладам не падышоў», — адзначыла Яўгенія, якая цяпер жыве за мяжой.

«Яны вельмі хацелі мяне бачыць асабіста, — дадала яна. — Засумавалі! Ложак у СІЗА вызваляць, час на допыты выдзеляць у прайм-тайм».

Яўгенія Чарняўская сьцьвярджае, што «парушэньнем паслужылі раптоўна зьмененыя на няправільныя дадзеныя майго пашпарта (дата нараджэньня) у асабістым кабінэце правайдэра hoster.by».

«Пры маёй спробе зьмяніць іх у асабістым кабінэце на сайце хостэра дадзеныя зноў ператвараліся ў няправільныя. Цуды нейкія! Я паспрабавала перапісвацца са службай падтрымкі. Але ніякай, уласна, падтрымкі не атрымала», — напісала дачка Зісера.

На яе думку, hoster.by «проста паслухмяна выканаў загад» Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Чарняўская ўдакладніла, што прэтэнзій да правайдэра ў яе няма: «Яны ў Беларусі, ім страшна, яны мусяць выконваць загады ўладаў. Кат ёсьць кат, ён працуе пры двары і ня сьмее не паслухацца. Праўда, не асуджаю, сытуацыя далікатная».

Улады разграмілі найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі tut.by у траўні 2021 году. Было затрымана 15 супрацоўнікаў. Частку зь іх пасьля адпусьцілі і памілавалі. 17 сакавіка 2023 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і гендырэктарку «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўленьня волі (абедзьве прызнаныя палітзьняволенымі).

Іншыя абвінавачаныя — рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на працэс не зьявіліся, бо пасьля вызваленьня з-пад варты пакінулі Беларусь. Іх абвясьцілі ў вышук.

Частка каманды tut.by, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені 2021 году стварыла праект «Люстэрка». У Беларусі і Расеі доступ да сайта «Люстэрка» заблякаваны.

Hoster.by — адзін з праектаў Зісера. Кампанія працягвае працу ў Беларусі.

У лістападзе hoster.by стаў арганізатарам форуму ў Менску па кіраваньні інтэрнэтам Belarus IGF — гэта частка глябальнага Internet Governance Forum, які праводзіцца па ўсім сьвеце пад эгідай ААН з 2006 году. Правайдэр займеў падтрымку Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі.

Генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы» (брэнд Нoster.by) Сяргей Павалішаў фігураваў у «справе tut.by», знаходзіўся пад вартай з траўня па верасень 2021 году, у красавіку 2022-га быў памілаваны.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG