Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка ў Маскве прапанаваў «адным пакетам» падпісаць 30 плянаў па будаўніцтве «саюзнай дзяржавы»


Міхаіл Мішусьцін і Раман Галоўчанка на сустрэчы ў Маскве, 15 красавіка 2024
Міхаіл Мішусьцін і Раман Галоўчанка на сустрэчы ў Маскве, 15 красавіка 2024

У Маскве па выніках сустрэчы Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусьціна падпісалі некалькі міжурадавых дамоваў, у тым ліку аб  распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта «Асьвей» з двума рухавікамі.

Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў аб завяршэньні распрацоўкі больш як «30 супольных плянаў па выкананьні асноўных кірункаў дарожнай мапы па будаўніцтве саюзнай дзяржавы на бліжэйшыя тры гады».

«У мэтах забесьпячэньня безумоўнага выкананьня ключавых дамоўленасьцяў кіраўнікоў дзяржаў, мяркую, неабходна прыскорыць распрацоўку і ўхваленьне гэтых плянаў адзіным пакетам», — працытавала Рамана Галоўчанку выданьне sb.by.

Аднак іншых падрабязнасьцяў пра гэтыя пляны не паведамілі.

Пасьля сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі, як перадало дзяржаўнае агенцтва БелТА, падпісалі міжурадавую дамову аб распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта «Асьвей» з двума рухавікамі.

Апроч таго, падпісалі дамову аб парадку прызнаньня электроннага подпісу ў электронным дакумэнце пры трансьмежавым электронным узаемадзеяньні і комплекс мерапрыемстваў па стымуляваньні інвэстыцыйнай актыўнасьці ў Беларусі і Расеі.


На пачатку красавіка амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў ня выключыў, што на беларускіх прадпрыемствах будзе арганізаваная вытворчасьць вузлоў для пасажырскай авіяцыі, а таксама невялікіх самалётаў для мясцовых авіяліній „Байкал“ і „Ладога“.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG