Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перадасьць Беларусі заказы на вытворчасьць запчастак для самалётаў. Пакуль толькі цывільных


Самалёт Ту-214. Ілюстрацыйнае фота
Самалёт Ту-214. Ілюстрацыйнае фота

Каапэрацыю Беларусі і Расеі ў авіяцыі падштурхнулі міжнародныя санкцыі.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў ня выключыў, што на беларускіх прадпрыемствах будзе арганізаваная вытворчасьць вузлоў для пасажырскай авіяцыі, а таксама невялікіх самалётаў для мясцовых авіяліній.

«Цяпер абмяркоўваецца пытаньне авіябудаўніцтва. Гэта таксама вельмі сур’ёзны кірунак. 407-ы Менск завод цывільнай авіяцыі, 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах — яны атрымаюць заказы на вытворчасьць вузлоў расейскіх самалётаў — Ту-214, Іл-96, МС-21. Магчыма, атрымаецца ўжо і вытворчасьць канчатковых вырабаў, то бок гэта самалёты „Байкал“ і „Ладога“ — унутрырэгіянальныя невялікія самалёты», — сказаў Барыс Грызлоў у эфіры тэлеканалу ОНТ.

Што вядома пра гэтыя самалёты

Самалёты Ту-214 і Іл-96 распрацавалі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. Ту-214 можа перавозіць 210 пасажыраў, практычная далёкасьць палёту дасягае 6500 кілямэтраў (ёсьць грузавыя вэрсіі). Іл-96 разьлічаны на 300-435 пасажыраў, далёкасьць палёту 9000 кілямэтраў. На тле санкцый супраць Расеі ўлады заявілі аб магчымасьці аднавіць іх сэрыйную вытворчасьць. З 2023 году беларускія прадпрыемствы ўжо выпускалі для гэтых самалётаў некаторыя дэталі.

МС-21 — параўнальна новы самалёт. Яго распрацавалі ў 2000-я гады і пасьля сэрыйнай вытворчасьці плянавалі выпускаць як Як-242. Першы самалёт пабудавалі ў 2017 годзе, але сэрыйны выпуск адклалі. Цяпер створана толькі 6 такіх самалётаў. Разьлічаныя на перавозку пасажыраў (ад 163 да 211) і грузаў.

Самалёт «Байкал» распрацавалі для замены Ан-2. Прадугледжаны толькі адзін рухавік і магчымасьць перавозіць ад 9 да 14 пасажыраў. Сэрыйную вытворчасьць разьлічвалі пачаць у 2022 годзе, але адклалі.

Самалёт «Ладога» распрацавалі для замены парку рэгіянальных самалётаў тыпу Ан-24, Ан-26, Ан-140 і Як-40 з магчымасьцю перавозіць да 50 пасажыраў. Сэрыйнай вытворчасьці гэтых самалётаў пакуль яшчэ не пачалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG