Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе энэргаблёкі Запароскай АЭС перавялі ў стан «халоднага спыненьня»


Запароская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Запароская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Раніцай 13 красавіка рэактарную ўстаноўку энэргаблёка № 4 Запароскай АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, перавялі ў стан «халоднага спыненьня».

Як паведамляе «Расатам», цяпер усе 6 энэргаблёкаў Запароскай АЭС знаходзяцца ў стане «халоднага спыненьня» — гэта бясьпечны стан рэактара, калі яго заглушаюць пры нізкім ціску і нізкай тэмпэратуры ахладжальнай вады. У дзяржкарпарацыі заявілі, што радыяцыйны фон знаходзіцца «ў межах прыродных значэньняў».

Напярэдадні газэта The Wall Street Journal пісала, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў Міжнароднаму агенцтву па атамнай энэргіі пра пляны перазапусьціць Запароскую АЭС. Эўрапейскія дыпляматы распавялі выданьню, што мэтай Расеі, мяркуючы па ўсім, зьяўляецца вяртаньне ў эксплюатацыю хаця б аднаго рэактара. Па меркаваньні суразмоўцы WSJ, Расея можа гэта зрабіць да 40-годзьдзя падлучэньня станцыі да электрасеткі СССР у сьнежні 1984 году.

7 красавіка ЗАЭС зазнала напад дронаў, у выніку быў пашкоджаны будынак шостага энэргаблёку, але ядзерная бясьпека не была парушаная. У МАГАТЭ атаку назвалі «сур’ёзным інцыдэнтам, які можа падарваць цэласнасьць сыстэмы ахоўнай абалонкі рэактара». Адказных за ўдары міжнародныя экспэрты пры гэтым не назвалі.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Яе тэрыторыя пэрыядычна падвяргаецца абстрэлам, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня ваеннай тэхнікі і дысьлякацыі сваіх вайскоўцаў. Станцыя не выпрацоўвае электраэнэргію з 11 верасьня 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG