Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Славаччыны Фіца заявіў, што выступае за найхутчэйшае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ


Робэрт Фіца.
Робэрт Фіца.

Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца сказаў у Браціславе, што яго краіна зычыць Ўкраіне найхутчэйшага сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе.

Славаччына ня тая краіна, якая хоча чыніць перашкоды, і хоча дапамагчы Кіеву ў абмене досьведам перамоваў аб уступленьні і сяброўстве ў ЭЗ, заявіў Фіца ў чацьвер на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ерам Украіны Дзянісам Шмыгалём у Славаччыне пасьля міжурадавых кансультацый. Словы славацкага прэм’ера прыводзіць выданьне Korzar.

Фіца, сярод іншага, адзначыў, што падтрымка Славаччынай Украіны і яе амбіцый у сяброўстве ў ЭЗ — гэта паўнацэнная падтрымка. Шмыгаль заявіў у адказ, што ўдзячны Браціславе за садзейнічаньне намаганьням Украіны ў эўрапейскай інтэграцыі.

Па выніках перамоваў Фіца і Шмыгаль падпісалі дарожную мапуу, дамовіўшыся аб пытаньнях чыгуначных зносін, аб супрацоўніцтве ў энэргетычным сэктары, аб мадэрнізацыі на мяжы.

Бакі таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры, піша Korzar. Славацкае кіраўніцтва прапанавала Кіеву дапамогу ў разьмінаваньні тэрыторыі. Робэрт Фіца адзначыў, што вядзецца ня толькі пра дапамогу з экспэртызай, але і пра пастаўкі тэхнікі для разьмінаваньня, навучаньне і падрыхтоўку адпаведнага пэрсаналу. Мяркуючы па публікацыі ў славацкай газэце, Фіца казаў аб пастаўках на камэрцыйнай аснове.

Выданьне адначасова піша, што Фіца назваў выкарыстаньне расейскай вайсковай сілы ва Ўкраіне грубым парушэньнем міжнароднага права. Ён дадаў, што Ўкраіне неабходна дапамагчы і праявіць салідарнасьць.

Акрамя таго, Фіца паведаміў, што Славаччына возьме ўдзел у інаўгурацыйным саміце міру ў Швайцарыі ў сярэдзіне чэрвеня, які будзе прысьвечаны пошукам шляхоў завяршэньня вайны ва Ўкраіне, паведамляе ў чацьвер «Европейская правда».

  • Увосень 2023 году, чарговы раз узначаліўшы кабінэт міністраў Славаччыны, Робэрт Фіца заявіў, што яго ўрад ня будзе далучацца да санкцый супраць Расеі, калі яны нанясуць шкоду яго краіне. Тады Фіца адзначаў, што ўжо ўведзеныя абмежаваньні часта наносяць шкоду славакам. Фіца таксама выказваўся за спыненьне вайсковай дапамогі Ўкраіне.
  • Па выніках праведзеных раней у гэтым месяцы выбараў прэзыдэнта Славаччыны падтрымку атрымаў саюзьнік Фіца Петэр Пэлегрыні. На яго карысьць выказваліся, у прыватнасьці, прадстаўнікі вугорскай меншыні. Кандыдатуру Пэлегрыні падтрымаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які лічыцца прыхільнікам Масквы. Пэлегрыні падчас перадвыбарнай кампаніі неаднаразова заяўляў, што супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG