Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны ў РФ за «экстрэмізм» Гіркін просіць паслаць яго на вайну ва Ўкраіне


Ігар Гіркін (Стралкоў) на судзе над ім, Масква, 21 ліпеня 2023
Ігар Гіркін (Стралкоў) на судзе над ім, Масква, 21 ліпеня 2023

Былы лідэр данецкіх сэпаратыстаў Ігар Гіркін (Стралкоў), асуджаны па абвінавачаньні ў закліках да экстрэмізму, просіць адправіць яго на вайну ва Ўкраіне.

Цяпер ён спрабуе абскардзіць свой прысуд. Адвакат Гіркіна Ігар Молахаў паведаміў РБК, што да апэляцыйнай скаргі прыкладзеная згода адной з вайсковых частак расейскай арміі ў Данбасе прыняць Гіркіна на пасаду камандзіра ўзводу.

Наяўнасьць дакумэнту пацьвярджае жонка Гіркіна Міраслава Рэгінская. Паводле яе, згода вайсковай часткі РФ прыняць у свае шыхты яе мужа была атрыманая яшчэ ў студзені.

Закон забараняе асуджаным па экстрэмісцкіх артыкулах заключаць кантракты на вайсковую службу. Аднак адвакаты Гіркіна не выключаюць для яго такой магчымасьці, калі суд апэляцыйнай інстанцыі адменіць прысуд, чаго дамагаецца абарона. Гіркін таксама мог бы паступіць на вайсковую службу, калі прэзыдэнт падпіша ўказ аб яго памілаваньні і зьняцьці судзімасьці.

Судовае пасяджэньне па апэляцыі Гіркіна прызначанае на 15 траўня.

  • Крымінальную справу ў дачыненьні да Гіркіна распачалі 18 ліпеня 2023 году, а праз тры дні яго затрымалі ў Маскве. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкула аб закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці. Прычынай сталі яго пасты ў тэлеграм-канале. У студзені суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Гіркін віны не прызнаў.
  • Акрамя прысуду ў Расеі, Гіркін завочна асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў Нідэрляндах у справе аб крушэньні «Боінга» МН-17 Малайзійскіх авіяліній, пры якім загінулі 298 чалавек. Сам ён віну адмаўляе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG