Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці мясцовага жыхара аштрафавалі за продаж месцаў у чарзе на мяжы з Польшчай


На беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
На беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Высьветлілася, што ён спрабаваў «прадаць» месца ў аўтамабільнай чарзе супрацоўніку падатковай інспэкцыі па Берасьцейскай вобласьці.

Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці аштрафаваў мясцовага жыхара на 1200 рублёў за дзейнасьць, «накіраваную на сыстэматычнае атрыманьне прыбытку ад аказаньня паслуг у прадастаўленьні ўезду па-за чаргой у пункт пропуску».

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы, у судзе разглядалі эпізод, які меў месца 7 сакавіка 2024 году, калі мужчына прапанаваў за 170 даляраў сваю дапамогу для больш хуткага перасячэньня мяжы праз пункт пропуску «Берасьце». Высьветлілася, што ён спрабаваў прадаць месца ў аўтамабільнай чарзе супрацоўніку падатковай інспэкцыі па Берасьцейскай вобласьці.

Як вынікае з судовага рашэньня, гэтая сытуацыя была правакацыяй, каб атрымаць доказы яго «супрацьпраўнай дзейнасьці». Мужчыну, жыхару Берасьцейскага раёну, інкрымінавалі частку 2 артыкулу 13.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць»).

«Супрацьпраўную дзейнасьць грамадзяніна Т. спыніў падатковы орган шляхам абвяшчэньня аб правядзеньні датычна яго праверкі з выкарыстаньнем мэтаду кантрольнага афармленьня заказу», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Суд пацьвердзіў, што абвінавачаны прадаваў месцы ў аўтамабільнай чарзе з жніўня 2022-га да сакавіка 2024 году. Як адзначаецца ў матэрыялах справы, гэта пацьвердзілі больш за 20 тысяч тэлефонных злучэньняў з тэрыторыі, прылеглай да кантрольна-прапускнога пункту «Варшаўскі мост».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG