Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая Антанта»: міністры замежных спраў Вялікай Брытаніі і Францыі заклікалі ўзмацніць намаганьні дзеля перамогі Ўкраіны


Украіна павінна атрымаць перамогу ў вайне з Расеяй, а заходнія саюзьнікі павінны прыкласьці больш намаганьняў для таго, каб забясьпечыць паражэньне Расеі.

З такімі сьцьвярджэньнямі ў сумесным артыкуле, прысьвечаным 120-годзьдзю заключэньня франка-брытанскага саюзу, які ўвайшоў у гісторыю як Антанта, выступілі кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Вялікай Брытаніі — лорд Дэвід Кэмеран і Францыі — Стэфан Сэжурнэ. Тэкст апублікавала брытанская газэта The Telegraph.

«Калі Ўкраіна прайграе, прайграем мы ўсе. Кошт нашай няздольнасьці падтрымаць Украіну зараз будзе нашмат большы, чым кошт адбіцьця агрэсіі Пуціна», — гаворыцца ў артыкуле.

У ім згаданыя канкрэтныя прыклады падтрымкі Кіева Лёнданам і Парыжам, у тым ліку пастаўкі ракет Scalp і Storm Shadow і навучаньне ўкраінскіх пілётаў. У той жа час у артыкуле гаворыцца, што для падтрымкі Ўкраіны неабходна прыкладаць яшчэ большыя намаганьні. Пры гэтым згадваецца пра лютаўскую нараду ў Парыжы, на якой абмяркоўвалася і магчымасьць адпраўкі ва Ўкраіну вайскоўцаў краін NATO. У самім тэксьце пра такую магчымасьць ня згадваецца.

Кэмэран і Сэжурнэ таксама адзначаюць важнасьць барацьбы зь міжнародным тэрарызмам і паказваюць, што, нягледзячы на «агрэсіўную вайну Пуціна супраць Украіны», Францыя і Брытанія выказалі салідарнасьць з народам Расеі ў сувязі з тэрактам у «Крокус Сіці Холе».

Міністры адзначаюць, што праз 120 гадоў пасьля стварэньня Антанты Францыя і Вялікая Брытанія працягваюць захоўваць сяброўства, а іх сумесная гісторыя дазваляе глядзець у будучыню з аптымізмам «нават у змрочныя дні». «Разам мы можам захапіць за сабой і іншых дзеля пераадоленьня цяперашніх цяжкасьцей». Кэмэран і Сэжурнэ пішуць таксама пра «абноўленую» Антанту.

У гонар 120-годзьдзя франка-брытанскага саюзу прайшлі незвычайныя цырымоніі — францускія вайскоўцы ўзялі ўдзел у зьмене варты каля Букінгемскага палаца ў Лёндане, а брытанскія — каля Елісейскага палаца ў Парыжы. Былі выкананыя гімны дзьвюх краін — «Марсэльеза» і «Божа, беражы караля».

  • Антанта (ад францускага l’Entente cordiale — «сардэчная згода») — вайскова-палітычны саюз паміж Брытанскай імпэрыяй і Францыяй, які аформіўся ў 1904 годзе. 8 красавіка 1904 году падпісалі сэрыю пагадненьняў па каляніяльных пытаньнях, якімі былі вырашаныя ўсе спрэчкі паміж гэтымі дзяржавамі.
  • Да гэтага моманту ўжо існаваў саюз паміж Францыяй і Расейскай імпэрыяй, а з заключэньнем брытанска-расейскай дамовы ў 1907 годзе аформілася так званая Траістая Антанта — саюз Францыі, Расеі і Брытаніі, які ў 1914 годзе ўступіў у Першую сусьветную вайну супраць Цэнтральных дзяржаў (Нямеччыны і яе саюзьнікаў).
  • Пасьля рэвалюцыі ў Расеі і яе выхаду з вайны Антантай называлі таксама аформлены саюз Францыі, Брытаніі і ЗША, якія і сталі галоўнымі пераможцамі Першай сусьветнай вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG