Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У склад выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады ўвайшлі тры юрысты, журналістка і тэоляг


Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне КР, жнівень 2023 году.
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне КР, жнівень 2023 году.

Агульнае пасяджэньне Каардынацыйнай рады зацьвердзіла склад выбарчай камісіі на выбары КР. У яе ўвайшлі пяць чалавек, яны ня могуць быць кандыдатамі на выбарах.

У складзе камісіі Андрэй Атаманчук, Дзьмітры Лазавік, Альвіна Мінгазава, Яраслаў Бекіш і Алена Прыходзька.

  • Атаманчук — юрыст, сябра і сузаснавальнік Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, былы адвакат Менскай абласной калегіі адвакатаў. У канцы сакавіка 2022 году быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 30 сутак, а затым пазбаўлены права на прафэсію. Цяпер жыве ў Літве.
  • Лазавік — юрыст, былы адвакат. Быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта ў 2020 годзе. У 2021-м па месцы рэгістрацыі адваката адбыўся ператрус у межах крымінальнай справы, у якой ён быў абаронцам. З 2021 году стала жыве ў Польшчы, працуе намесьнікам дырэктара па разьвіцьці ў камэрцыйнай арганізацыі.
  • Мінгазава — юрыстка, былы член Мінскай гарадзкой калегіі адвакатаў. У сувязі з тым, што з 2020 году большасьць спраў, якія вяла адвакатка, насілі палітычны характар, у 2022 годзе яна была вымушаная пакінуць Беларусь. Цяпер працуе ў ініцыятыве Free Belarus Center, якая дапамагае беларусам ва Ўкраіне і Польшчы.
  • Бекіш — тэоляг-рэлігіязнаўца, магістар паліталёгіі ЭГУ, каардынатар сеткі экалягічных грамадзкіх арганізацый «Зялёная сетка», былы член праўленьня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь». Дэлегат Каардынацыйнай рады другога скліканьня.
  • Прыходзька — журналістка, мэдыямэнэджарка, грамадзкая актывістка. Дэлегатка КР другога скліканьня, уваходзіць у склад фракцыі «Шчасьлівая нацыя». У 2021 годзе выехала ва Ўкраіну, з пачаткам расейскага ўварваньня пераехала ў Эўропу.

Выбары ў КР пачнуцца 25 траўня і працягнуцца да канца дня 27 траўня. Будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — два гады. Да 15 красавіка выбарчай камісіі павінны быць прадстаўленыя сьпісы кандыдатаў. Апошняя дата рэгістрацыі кандыдатаў — 22 красавіка. З 25 красавіка па 25 траўня — пэрыяд агітацыі.

Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня будзе каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь». Прагаласаваць на выбарах змогуць грамадзяне Беларусі як унутры краіны (пры мінімальным выкананьні патрабаваньняў бясьпекі, якія будуць пазначаныя распрацоўшчыкамі), так і за яе межамі.

2 красавіка Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой сьцьвярджалася, што анансаваныя выбары ў КР «не падрыхтаваныя».

Пазьней у той жа дзень на прэсавай канфэрэнцыі сьпікер КР Андрэй Ягораў не пагадзіўся з гэтай пазыцыяй, заявіўшы, што выбарчая сыстэма была ўзгодненая з кабінэтам і офісам Ціханоўскай.

Вечарам 2 красавіка прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) паведаміла, што «лідэрскі склад трох суб’ектаў» дэмакратычных сілаў правёў «грунтоўныя перамовы», па выніках якіх «дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці, рэалізацыя якіх павінна пазытыўна паўплываць на сытуацыю вакол выбараў у КР». З заявы вынікае, што бакамі ў перамовах выступілі КР, АПК і офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Адзначаецца, што «дамоўленасьці будуць выкананыя дзеючым кіраўніцтвам КР», у сувязі з гэтым кабінэт і офіс прынялі рашэньне прыпыніць камунікацыю з СМІ па пытаньнях выбараў.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG