Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі прызначыў у Беларусь новага біскупа


Касьцёл у Лідзе.
Касьцёл у Лідзе.

Папа Рымскі Францішак прызначыў ксяндза Ўладзімера Гуляя біскупам-каад’ютарам Горадзенскай дыяцэзіі. Пра гэта паведаміў рэсурс KATOLIK.LIFE.

Рашэньне 5 красавіка 2024 году апублікавалі ў Ватыкане. 48-гадовы сьвятар з 2003 году служыць пробашчам парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Лідзе (Фара), а цяпер стане дапаможным біскупам найбольш масавай дыяцэзіі ў краіне.

Пасада біскупа-каад’ютара незвычайная і рэдкая ня толькі для Беларусі, але ў цэлым у сьвеце. Такі герарх прызначаецца, каб дапамагаць кіраўніку дыяцэзіі (ардынарыю), аднак, у адрозьненьне ад вікарнага біскупа, мае права замяшчаць ардынарыя падчас яго адсутнасьці. Таксама каад’ютар адразу аўтаматычна становіцца кіраўніком дыяцэзіі ў выпадку адстаўкі або сьмерці ардынарыя.

Фактычна гэта азначае, што ксёндз Уладзімер Гуляй будзе служыць у Горадзенскай дыяцэзіі як дапаможны біскуп і адразу ўзначаліць дыяцэзію пасьля сыходу ў адстаўку цяперашняга ардынарыя — біскупа Аляксандра Кашкевіча, якому ў верасьні споўніцца 75 гадоў.

  • Існуе прадпісаньне Сьвятога Пасаду, у якім прапаноўваецца біскупам пры дасягненьні ўзросту ў 75 гадоў падаць прашэньне аб адстаўцы, як гэта было з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Канчатковае рашэньне прымае папа Рымскі.
  • Ксёндз Уладзімер Гуляй нарадзіўся на Горадзеншчыне ў Ваўкавыску. У маладосьці ксёндз Уладзімер Гуляй быў гітарыстам і вакалістам — менавіта ён стварыў каталіцкі музычны гурт AVE, цяперашні калектыў горадзенскай сэмінарыі.
  • Тадэвуш Кандрусевіч узначальваў Канфэрэнцыю каталіцкіх біскупаў у Беларусі з 2015 году. У 2020-м кіраўнік беларускай каталіцкай царквы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта. Яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы.
  • Арцыбіскупа ўпусьцілі ў Беларусь толькі ў сьнежні 2020 году. У студзені 2021-га Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў на пэнсію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG