Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таемны знак экстрэмісцкай супольнасьці». У Расеі ў судзе над журналісткай забаранілі паказваць «сэрцайкі»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Марыя Калесьнікава паказвае «сэрцайка» ў судзе
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Марыя Калесьнікава паказвае «сэрцайка» ў судзе

Падчас суду над журналісткай Антанінай Фаворскай з расейскага выданьня SotaVision, прызнанага ў Расеі «замежным агентам», судзьдзя забараніў ёй паказваць знак «сэрцайка». Падчас выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі гэты знак стаў сымбалем каманды Віктара Бабарыкі.

Журналістку абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкай супольнасьці ФБК» (Фонд барацьбы з карупцыяй, раней заснаваны памерлым у турме палітвязьнем Аляксеем Навальным), паведамляе з суду выданьне «Собеседник».

Судовы прыстаў забараніў усім, хто прыйшоў на паседжаньне, вітацца з Фаворскай, апладзіраваць ёй, крычаць і выдаваць любыя гукі — пад пагрозай неадкладнага выправаджэньня з будынку і складаньня адміністрацыйнага пратаколу на «парушальніка».

«А хаця б сэрцайка ёй можна паказаць рукамі? — спытала журналістка «Собеседника» Алена Мільчаноўска. — Усё ж не чужая».

«Сэрцайкі па-за законам! — на поўным сур’ёзе адказаў судовы прыстаў. — Гэта будзе расцэнена як таемны знак экстрэмісцкай супольнасьці».

Пазьней судзьдзя Алена Ленская закрыла паседжаньне.

Выданьне «Медуза» падкрэсьлівае, што дыялёг журналісткі і прыстава адбыўся, верагодна, да паседжаньня: журналісты іншых СМІ яго не зафіксавалі.

Журналістку SotaVision Антаніну Фаворскую арыштавалі па справе супраць ФБК 29 сакавіка. Яна асьвятляла ўсе паседжаньні судоў па справах Аляксея Навальнага, пісала рэпартаж з Харпа, куды этапавалі палітыка, і здымала пахаваньне Навальнага. Фаворскай ставяць у віну крымінальны артыкул аб удзеле ў «экстрэмісцкай супольнасьці».

Падчас выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі знак «сэрцайка», складзены зь вялікіх і ўказальных пальцаў абедзьвюх рук, стаў сымбалем каманды Віктара Бабарыкі — яго падчас перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі аб'яднанага штабу дэмакратычных сіл паказвала каардынатарка штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава, сам Віктар Бабарыка на той час быў за кратамі.

У 2021 годзе падчас суду над Віктарам Бабарыкам судзьдзя забараніў яму «паказваць сэрцайка і іншыя жэсты».

Знак «сэрцайка» паказваў і расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны — на паседжаньні Сіманаўскага суду Масквы, які адправіў яго ў калёнію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG