Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Татарстану пасьля атакі дронаў: «Ачуйцеся, ніхто нас не абароніць»


Інтэрнат «Алабугі» пасьля ўдару.
Інтэрнат «Алабугі» пасьля ўдару.

Кіраўнік (раіс) Татарстану Рустам Мініханаў пракамэнтаваў атаку бесьпілётнікаў на аб’екты ў Ялабузе і Ніжнякамску, якая адбылася 2 красавіка. Ён заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў не разьлічваць на сыстэму проціпаветранай абароны і бараніцца самастойна.

Словы кіраўніка рэгіёну прыводзіць, у прыватнасьці, сайт Idel.Реалии.

«Ня трэба чакаць, што спрацуе супрацьракетная абарона, яна вырашае іншыя задачы. Мы павінны вырашаць сваімі сіламі, кожнае прадпрыемства, кожны муніцыпалітэт, кожны горад», — сказаў Мініханаў.

Якія менавіта задачы вырашае сыстэма проціпаветранай абароны, ён не патлумачыў.

Кіраўнік Татарстану выказаў здагадку, зьвяртаючыся адначасова да хрысьціян і мусульман, што Ўсявышні напярэдадні «даў знак»: «Ачуйцеся, хлопцы, ніхто нас не абароніць, акрамя саміх сябе» (цытата па Idel. Реалии). Расейскія СМІ таксама прыводзяць варыянт «ніхто вас не абароніць».

Мініханаў заклікаў экстраныя службы заўсёды быць гатовымі да надзвычайных сытуацый. Пры гэтым ён не сказаў, як менавіта кіраўнікі прадпрыемстваў і муніцыпалітэтаў павінны бараніцца ад нападаў.

Мініханаў таксама заявіў, што атака на «Алабугу Палітэх» у Ялабузе і нафтаперапрацоўчы завод ТАНЭКА ў Ніжнякамску «паказала самыя ўразьлівыя і адчувальныя ўчасткі ў Татарстане», і «вораг гэта адчувае».

Гаворка ідзе пра першы за час вайны ва Ўкраіне ўдар бесьпілётнікаў па тэрыторыі Татарстану. Ад украіна-расейскай мяжы да яе больш за тысячу кілямэтраў.

Пашкоджаньні, у прыватнасьці, атрымаў комплекс гостэлаў, які пабудавалі для супрацоўнікаў асаблівай эканамічнай зоны і студэнтаў мясцовага каледжу «Алабуга Палітэх» у 2022 годзе.

Як высьветлілі журналісты, пашкоджаны інтэрнат знаходзіцца за 300–400 мэтраў ад цэху па зборцы бесьпілётнікаў тыпу «Шагед», прынятых у Расеі на ўзбраеньне пад назвай «Герань-2». Іх зьбіраюць студэнты каледжу «Алабуга Палітэх», у тым ліку непаўналетнія, гаварылася ў расьсьледаваньні журналістаў выданьня «Протокол» і YouTube-каналу РЗВРТ.

У выніку 14 чалавек пацярпелі, 8 чалавек застаюцца ў шпіталі. Сярод іх грамадзяне дзевяці краін — Расеі, Кіргізстану, Шры-Ланкі, Зымбабвэ, Руанды, Конга, Кеніі, Нігерыі, Паўднёвага Судану.

  • Украінскія выданьні са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што атака бесьпілётнікаў на прадпрыемствы ў Татарстане была зробленая ўкраінскай вайсковай выведкай і СБУ. У апошнія тыдні бесьпілётнікі нанесьлі ўдары па больш як дзесяці нафтаперапрацоўчых заводах на тэрыторыі Расеі. У выніку на некаторых зь іх выводзілася са строю абсталяваньне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG