Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УНС патрэбен Лукашэнку, каб прадухіліць прыход пасьля сябе новага Гарбачова


Аляксандар Лукашэнка і ўдзельнікі Ўсебеларускага народнага сходу, каляж Радыё Свабода
Аляксандар Лукашэнка і ўдзельнікі Ўсебеларускага народнага сходу, каляж Радыё Свабода

Усебеларускі народны сход, паводле задумы, павінен пасьля сыходу Лукашэнкі стаць засьцерагальнікам супраць слабога кіраўніка, які здольны прывесьці да разбурэньня рэжыму.

Сьцісла

  • Усебеларускі народны сход — «сьпячы інстытут», яго функцыі зьвязаныя зь няхуткім наступленьнем пэрыяду пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады зь біялягічных прычынаў;
  • Лукашэнка сёлета зойме пасаду кіраўніка УНС, а ў наступным годзе будзе балятавацца на прэзыдэнта;
  • УНС, паводле задумы, павінен пасьля сыходу Лукашэнкі стаць засьцерагальнікам супраць слабога кіраўніка, які здольны прывесьці да разбурэньня рэжыму;
  • Формула сацыяльнага кантракту, якую агучыць Лукашэнка перад УНС: «Бясьпека ў абмен на свабоду».

Праз тры тыдні Ўсебеларускі народны сход (УНС) зьбярэцца ў сваім новым складзе і ў новым канстытуцыйным статусе. У гэтыя дні па ўсёй краіне дзяржаўны апарат рыхтуе дэлегатаў на гэтую імпрэзу.

Чым бліжэйшая дата скліканьня УНС, тым часьцей задаецца пытаньне: навошта наогул Лукашэнку гэты новы дзяржаўны інстытут?

Наконт гэтага выказваюцца розныя думкі, часта праводзяцца аналёгіі з савецкімі часамі, са зьездамі КПСС. Але выглядае, што мэта — крыху іншая, чым адрадзіць палітычную сыстэму, якая была ў пару юнацтва Лукашэнкі.

Калі коратка, то адказ на пытаньні «Чаму?» і «Навошта?» наступны: Лукашэнка думае пра час, які надыдзе пасьля яго сыходу, пра тое, як захаваць рэжым Лукашэнкі без Лукашэнкі.

Часам гаворыцца: УНС — гэта мэханізм транзыту ўлады, маўляў, пры дапамозе УНС беларускі аўтарытарый зьбіраецца плаўна адыходзіць ад улады, паступова перадаючы яе пераемніку ці пераемнікам.

Але выглядае, што не. Пэўным тэстам будзе абраньне кіраўніка УНС. Калі раптам на гэтай пасадзе апынецца нехта іншы, гэта, зразумела, будзе сьведчыць пра тое, што Сход — і праўда мэханізм цяперашняга транзыту ўлады, адмовы Лукашэнкі ад ролі кіраўніка ў той час, калі ён яшчэ здольны яе выконваць.

Калі ж прэзыдыюм УНС ён жа і ўзначаліць, то будуць сумневы ў тым, што транзыт улады ў кароткатэрміновым пэрыядзе ўваходзіць у ягоныя пляны.

Наступным тэстам стануць прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя налета. Ізноў жа — калі сам Лукашэнка на тых выбарах будзе балятавацца, стане відавочна, што ні пра які транзыт улады гаворка не ідзе.

А пра што ідзе?

На пачатку году Лукашэнка, уручаючы дыплёмы навукоўцам, фактычна і адказаў на гэтае пытаньне:

«Хацелі б мы гэтага ці не, адбываецца зьмена пакаленьняў. І гэта заўсёды вельмі небясьпечны пэрыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсьці... Зараз я вельмі перажываю: канстытуцыйным органам стаў у нас Усебеларускі народны сход ды іншае. Калі нехта думае, што гэта проста крэсла для Лукашэнкі, глупства поўнае. Гэта ня проста. Гэта сур’ёзна. Гэта і нейкі абмежавальнік для органаў улады, і нагляд зьверху. І людзі там павінны быць адпаведныя прадстаўлены... А я думаю: а ня дай Бог, прыйдзе чалавек не „зямны“ — і пачнём шарахацца з аднаго боку ў другі ці ўвогуле не туды пойдзем. Таму вось гэты орган павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце; ён павінен бачыць, што адбываецца».

Хіба цяперашняму аўтарытарнаму ўладару Беларусі патрэбныя, у ягонай карціне сьвету, нейкія супрацьвагі і абмежавальнікі? Ён ад самага пачатку свайго кіраваньня толькі і рабіў, што гэтыя «перашкоды» зьнішчаў. Дык каму, для каго яны патрэбныя? А для таго, хто прыйдзе пасьля.

І тут трэба ўлічваць адну важную асаблівасьць сьвядомасьці аўтарытарных кіраўнікоў наагул і Лукашэнкі ў прыватнасьці — усьведамленьне сваёй незаменнасьці.

Паводле ўспамінаў Хрушчова, незадоўга да сьмерці Сталін сказаў чальцам Палітбюро: «Безь мяне імпэрыялісты перадушаць вас, як сьляпых кацянят».

У Лукашэнкі да «стаўпоў» ягонага рэжыму стаўленьне прыкладна такое ж. Можна прыгадаць яго фразу наконт таго, што «прэзыдэнтамі не становяцца, а нараджаюцца».

Ён у ягоным усьведамленьні такім нарадзіўся — з такім талентам, з такім спрытам, з такой воляй. А ці будуць яны ў пераемніка?

Такія думкі наведваюць галовы ўсіх аўтарытарыяў, якія доўга кіруюць. Але ў Лукашэнкі гэтае ўяўленьне ўзмоцненае жыцьцёвым досьведам, шокам, атрыманым у маладыя гады ад краху ўлады Міхаіла Гарбачова. Хіба ў Гарбачова было менш уладных паўнамоцтваў, чым ва ўсіх ягоных савецкіх папярэднікаў, ад Леніна да Чарненкі? Ня менш. Але ягоная ўлада проста выпетрала, высыпалася, як пясок скрозь пальцы.

У прыгаданай прамове перад навукоўцамі Лукашэнка наўпрост прыгадаў той траўматычны для яго пэрыяд: «Нам бы не паўтарыць гарбачоўскага пэрыяду, калі мы, як мульцікі, глядзелі, радаваліся: ах, шчасьце прыйдзе. Краіну развалілі і ў яму трапілі. Нам гэтага нельга паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўмантаваць у наша жыцьцё».

І таму нікуды ад улады сам Лукашэнка ня сыдзе. Бо няма асобы, якой можна яе перадаць. У яго ўяўленьні — няма і ня будзе. Але паколькі хаця б зь біялягічных прычынаў сыходзіць некалі ўсё ж давядзецца, то трэба загадзя стварыць нейкую супрацьвагу будучаму патэнцыйнаму Гарбачову.

Тут калі і праводзіць аналёгіі з савецкім пэрыядам, дык УНС больш падобны да ленінскага прызыву — масавага набору ў партыю рабочых і бяднейшых сялянаў у 1924 годзе пасьля сьмерці правадыра. Ідэя была ў тым, каб розум і воля простага люду кампэнсавала страту розуму і волі Леніна.

Лукашэнка праз УНС хоча загадзя, да свайго сыходу зладзіць нешта падобнае — «лукашэнкаўскі прызыў». 1200 адабраных апаратам дэлегатаў УНС — як бы заменьнік і нават прадстаўніцтва таго самага народу.

А чым яшчэ замяніць, як гарантаваць захаваньне рэжыму пасьля сыходу яго стваральніка і архітэктара? Ідэальна вырашыць гэтую квадратуру круга немагчыма. Пэўны час таму Лукашэнка выдаў дэкрэт, паводле якога ў выпадку яго раптоўнай сьмерці ўся паўната ўлады пераходзіць да Рады бясьпекі — калектыўнага органа кіраваньня.

У тым дэкрэце часавы гарызонт быў прапісаны наўпрост — пасьля сыходу. З УНС гэта не прапісана і на першы погляд невідавочна. Але сутнасьць тая ж — гэта на час пасьля мяне, гэта каб не зьявіўся новы Гарбачоў. Парадаксальна, але абмежаваць волю пераемніка Лукашэнку хочацца, бо ён перасьцерагаецца, што волі ў таго будзе якраз малавата, што не па руцэ яму будзе тая паўната ўлады, якую мае сам Лукашэнка.

У паліталёгіі ёсьць тэрмін «сьпячыя інстытуты». Такімі былі Саветы ў СССР на працягу дзесяцігодзьдзяў. А ў перабудову — «прачнуліся».

УНС — такі ж «сьпячы інстытут», які сьвядома ствараецца як «сьпячы» і з вызначаным тэрмінам «прачынаньня» — калі Лукашэнкі ва ўладзе ня будзе.

Ці здольны ён будзе нават тады выканаць ролю, функцыю, якую на яго ўскладае ў будучыні Лукашэнка?

Стоадсоткавых гарантыяў няма ні ў чым. Па сутнасьці, любыя схемы захаваньня рэжыму — гэта абмен адных рызыкаў на іншыя. УНС, можа, і здолее адыграць ролю абмежавальніка новага лідэра, які павядзе краіну «не туды». Але звады, сваркі, барацьбу за спадчыну Лукашэнкі яго наяўнасьць не прадухіліць. Каб яшчэ, наадварот, ён ім не паспрыяў.

Але ў любым выпадку выглядае, што УНС — гэта не на зараз, не пра цяпер.

Зразумела, што пачатак дзейнасьці новага інстытуту Лукашэнка скарыстае для таго, каб прадставіць пэрспэктыву, праграму на прэзыдэнцкія выбары і на наступныя 5 гадоў.

Складана дакладна вызначыць, якімі менавіта будуць прапанаваныя кірункі.

Але сёе-тое можна прадбачыць з высокай ступеньню імавернасьці. А менавіта — акцэнт, націск на бясьпеку, на тое, каб народ быў задаволены тым, што ўлада яго абараняе ад розных пагрозаў і разам з тым не пасылае на вайну: маўляў, за гэта і скажыце дзякуй і ня скардзіцеся на рост цэнаў і нізкія заробкі.

Невыпадкова ў парадку дня УНС на першых месцах — бясьпекавыя дакумэнты, канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі і ваенная дактрына краіны.

Пра эканоміку таксама будзе сказана шмат. Але формула сацыяльнага кантракту, якая прапаноўвалася 30 ці нават 15 гадоў таму, ужо састарэла, — што, дарэчы, паказала нядаўняе дасьледаваньне Chatham House. «Эканамічныя даброты, якія забясьпечвае дзяржава, у абмен на свабоду» — гэта ўжо ня надта працуе: і забясьпечваць усё складаней, і запыты грамадзтва зьмяніліся.

А вось калі прапанаваць бясьпеку — прынамсі, ёсьць шанец на посьпех. І захаваньне рэпрэсіўнага ціску на грамадзтва выглядае натуральным складнікам гэтай угоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG