Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэты Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі аднолькавыя — розныя толькі інструмэнты», — Котаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвяшчае пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю» ва Ўкраіне, фактычна вайну. Масква, 24 лютага 2022
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвяшчае пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю» ва Ўкраіне, фактычна вайну. Масква, 24 лютага 2022

Палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў разважае, да якога стану дайшла «інтэграцыя» Беларусі і Расеі.

Анатоль Котаў таксама канстатуе, што ў Маскве назіраецца пэўная эвалюцыя ў бок больш жорсткай пазыцыі адносна незалежнасьці Беларусі, і адказвае на пытаньне, ці можа надысьці той час, калі Расея перастане плаціць Лукашэнку.

Сьцісла:

  • «Інтэграцыя» не зайшла так далёка, як было прадугледжана падпісанымі раней дакумэнтамі.
  • «Русский мир» увайшоў у Беларусь не праз інтэграцыйныя паперы, а знутры.
  • Вайна супраць Украіны ставіць пытаньне геапалітычнай прыналежнасьці Беларусі ўсё больш востра для Расеі.
  • Міт пра нэўтральны статус Беларусі, які быў вельмі папулярны на пачатку 1990-х гадоў, фактычна і прывёў у цяперашнюю сытуацыю паўзучай акупацыі з боку Расеі.
  • Абодва рэжымы цяпер у пэўнай сузалежнасьці адзін ад аднаго.

— Сёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца «Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі». Які шлях за час «інтэграцыі» ад 1996 году прайшлі беларуска-расейскія адносіны? Наколькі тыя дэклярацыі і абавязаньні, што ў розныя гады падпісвалі кіраўнікі Беларусі і Расеі, адпавядаюць цяперашняму стану рэчаў?

— Канечне, на сёньня рэальнасьць ніяк не адпавядае тым пагадненьням, якія ў свой час былі падпісаныя. З аднаго боку, «інтэграцыя» не зайшла так далёка, як было прадугледжана падпісанымі дакумэнтамі. Няма ні супольнага Канстытуцыйнага акту «саюзнай дзяржавы», ні агульнай валюты, ні адзіных кіроўных органаў.

Але, зь іншага боку, за апошнія гады фактычна адбылося паглынаньне беларускага сувэрэнітэту Масквой — зусім не ў адпаведнасьці з тым, што запісана ў розных афіцыйных пагадненьнях. «Русский мир» увайшоў у Беларусь не праз інтэграцыйныя паперы, а знутры. Лукашэнка сам заняўся вынішчэньнем беларушчыны ў краіне, выдаленьнем больш-менш нацыянальна арыентаваных кадраў унутры сваёй сыстэмы. І цяпер гэта ўсё запаўняецца «рускамірцамі» — і гэта больш небясьпечна за любыя падпісаныя дакумэнты, бо ў гэтым працэсе няма ніякіх пісаных правілаў.

Анатоль Котаў
Анатоль Котаў

— Шмат гадоў сярод палітыкаў і аналітыкаў ідуць дыскусіі наконт сапраўдных намераў Крамля. Гаварылі, што, маўляў, пазбаўляць Беларусь фармальнай і юрыдычнай незалежнасьці няма ніякай карысьці і неабходнасьці, што Крамлю лепей, каб існаваў такі пратэктарат у форме юрыдычна незалежнай дзяржавы. Але апошнім часам зьяўляецца ўсё больш заяваў расейскіх публіцыстаў, палітыкаў (ня першага шэрагу, праўда), дзе адназначна гаворыцца, што канчатковая мэта — дабіцца поўнай анэксіі Беларусі, яе ўваходу ў склад Расеі.

— Галоўнай мэтай Масквы пасьля развалу СССР было захаваньне сваёй зоны ўплыву і падкантрольнасьці постсавецкай прасторы (можа, акрамя краінаў Балтыі). Гэтая тэрыторыя павінна была заставацца зонай выключных інтарэсаў Расеі. Перш за ўсё гэта тычыцца Ўкраіны, Беларусі і Казахстану.

Беларусь у гэтым сэнсе заўсёды займала адно з ключавых месцаў. І калі раней можна было казаць, што Расею задавальняе павольная паўзучая інтэграцыя, то пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, пасьля таго як расейцы не саромеюцца казаць, што хочуць пазбавіць Украіну дзяржаўнасьці, — аналягічныя мэты Крамля становяцца відавочнымі ў дачыненьні да Беларусі.

То бок калі адразу пасьля развалу СССР у Маскве панавала думка, што Беларусь нікуды не падзенецца, бо гэта самая прасавецкая і прарасейская дзяржава на тэрыторыі былога Саюзу, то вайна супраць Украіны ставіць пытаньне геапалітычнай прыналежнасьці Беларусі ўсё вастрэй для Расеі. І ўсё больш рэзка гучаць галасы, што «мы адзін народ», таму павінна быць і адна дзяржава. У Маскве адбываецца пэўная эвалюцыя ў бок больш жорсткай пазыцыі адносна Беларусі.

— На гэтым фоне нярэдка гучаць меркаваньні, што, калі б толькі ў Беларусі адбылася зьмена курсу на больш празаходні, у Менску адразу зьявіліся б расейскія танкі. Як ставіцца да такога аргумэнту?

— Тут, на жаль, ёсьць і вялікая доля праўды, але ня ўся праўда. Бо, сапраўды, мы бачым, што адбываецца з Украінай, якая спрабуе выйсьці з-пад расейскага ўплыву. І атрымліваецца, што калі б беларусы здолелі зьмяніць сваё кіраўніцтва на праэўрапейскае, то назаўтра расейскія танкі маглі б зьявіцца ў Беларусі, і ўсё магло б скончыцца даволі крывава.

Але, зь іншага боку, гэта пацьвярджае тую тэзу, што калі ты абіраеш прадэмакратычны шлях шлях вяртаньня да эўрапейскай цывілізацыі, да якой беларускія землі належалі ўвесь час да канца XVIII стагодзьдзя, — то, па-першае, трэба гэта рабіць хутка, па-другое, мець сур’ёзныя дамоўленасьці ў галіне бясьпекі з Захадам.

Бо гэты міт пра нэўтральны статус Беларусі, які быў вельмі папулярны на пачатку 1990-х гадоў, фактычна нас і прывёў у цяперашнюю сытуацыю паўзучай акупацыі з боку Расеі. А краіны Балтыі, якія пайшлі на пэўныя рызыкі, але дзейнічалі хутка і радыкальна — цяпер адчуваюць сябе значна больш бясьпечна, знаходзячыся ў NATO.

Беларусь, Украіна, Малдова ня могуць захоўваць нэўтралітэт, не належаць да заходняга вайсковага саюзу — ва ўмовах, калі на Ўсходзе ёсьць такі сусед, які толькі марыць, каб далучыць да сябе каго-небудзь.

— Днямі прагучала навіна, што скончылася адтэрміноўка і Беларусь павінна пачаць плаціць за расейскі крэдыт, выдадзены на будаўніцтва Беларускай АЭС. Але досьвед паказвае, што «Менск ніколі ня плаціць», што, нягледзячы на ўсе канфлікты і прагнозы экспэртаў, Масква працягвае выдаваць Лукашэнку і льготы, і танныя газ і нафту, і крэдыты. Ці ёсьць падставы меркаваць, што гэта можа зьмяніцца, што Расея можа зьменшыць дапамогу альбо запатрабаваць большага ад Менску ў адказ?

— Палітычны ціск не перапыняецца. Чым больш Беларусь вінная Расеі, тым яна ў большай залежнасьці. Зь іншага боку, усе гэтыя «крызісы», малочныя і газавыя войны заўсёды заканчваліся ўмоўна перамогамі Лукашэнкі — плацяжы пераносіліся, цэны на газ заставаліся нізкімі, і гэтак далей.

Цяпер два рэжымы ў пэўнай сузалежнасьці адзін ад аднаго. Беларускі рэжым самаізаляваўся ад Захаду і можа існаваць толькі зь фінансавай дапамогі Расеі. У той жа час паслугі, якія Беларусь аказвае Расеі, таксама вельмі важныя і канцэптуальныя. Таму Беларусь вельмі важная для Крамля, які гатовы падтрымліваць Лукашэнку — але адначасова і ціснуць, каб той ня меў магчымасьці пайсьці кудысьці ў іншы бок.

— Будуць плаціць, як і раней?

— Будуць плаціць, але будуць і ціснуць, і прывязваць, каб гэты працэс завяршыўся татальнай падкантрольнасьцю Менску. Мэты Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі аднолькавыя — проста інструмэнты дасягненьня гэтых мэтаў розныя.

Ва Ўкраіне — гэта адкрытая вайна, бо там ёсьць супраціў і барацьба за незалежнасьць. А ў Беларусі — гэта падтрымка лякальнага царка, які гатовы сам зьнішчаць сваіх.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG