Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты дазволілі новую пастаўку ўзбраеньняў для Ізраілю


Сьцягі ЗША і Ізраілю
Сьцягі ЗША і Ізраілю

Нягледзячы на пашырэньне рознагалосьсяў з урадам Ізраілю, адміністрацыя Байдэна працягвае санкцыянаваць перадачу 2000-фунтавых бомбаў і іншай зброі.

Апошнімі днямі адміністрацыя Джо Байдэна ціха дазволіла перадаць Ізраілю мільярды даляраў на бомбы і зьнішчальнікі, нягледзячы на занепакоенасьць Вашынгтону з нагоды чаканага ваеннага наступу на поўдні Газы, піша The Washington post.

Па словах прадстаўнікоў Пэнтагону і Дзяржаўнага дэпартамэнту, знаёмых з гэтым пытаньнем, новыя пакеты ўзбраеньня ўключаюць больш за 1800 бомбаў MK84 і 500 бомбаў MK82. 2000-фунтавыя бомбы былі зьвязаныя з папярэднімі падзеямі з масавымі ахвярамі падчас ваеннай кампаніі Ізраілю ў Газе. Гэтыя чыноўнікі, як і некаторыя іншыя, размаўлялі з The Washington Post на ўмовах ананімнасьці, бо пра апошнія дазволы не гаварылася публічна.

Адміністрацыя Байдэна, на думку выданьня, разглядае магчымасьць уплыву на дзеяньні прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу.

«Мы працягваем падтрымліваць права Ізраіля абараняць сябе», — сказаў прадстаўнік Белага дому.

На гэтым тыдні Байдэн папрасіў Нэтаньягу накіраваць у Вашынгтон групу супрацоўнікаў службы бясьпекі, каб выслухаць прапановы ЗША па абмежаваньні ваенных апэрацый. Нэтаньягу, аднак, скасаваў візыт пасьля таго, як ЗША адмовіліся накласьці вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая заклікала да часовага спыненьня агню ў Газе і вызваленьня закладнікаў, але ў якой не асуджалася ХАМАС.

У Белым доме пагадзіліся перанесьці сустрэчу з ізраільскай дэлегацыяй, хоць тая пакуль не запэўніла Вашынгтон у плянах зьмяншэньня маштабу апэрацыі.

Ізраільскія афіцыйныя асобы адмаўляюць, што іх ваенная кампанія была з парушэньнямі, і кажуць, што ахвяры сярод цывільнага насельніцтва зьяўляюцца віной ХАМАС за разьмяшчэньне сваіх байцоў сярод мірнага насельніцтва Газы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG