Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на пагашэньне даўгоў, набыцьцё аўтакрамаў: дзяржава зноў узялася за «рэанімацыю» стратнага «Белкаапсаюзу»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў «Белкаапсаюзу»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў «Белкаапсаюзу»

Сытуацыя ў «Белкаапсаюзе» складаная, амаль усе віды дзейнасьці спажыўкаапэрацыі стратныя, акрамя нарыхтоўчай дзейнасьці і вытворчасьці, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 19 сакавіка на нарадзе аб мерах падтрымкі «Белкаапсаюзу».

Паводле Галоўчанкі, такая сытуацыя назіраецца, нягледзячы на тое, што і летась, і сёлета ўрад і асабіста Аляксандар Лукашэнка «прынялі нямала рашэньняў для забесьпячэньня падтрымкі прыбытковай работы арганізацый спажыўкаапэрацыі». Тым ня менш старшыня «Белкаапсаюзу» Інэса Караткевіч зьвярнулася да ўраду з просьбай аб дадатковых мерах падтрымкі.

На нарадзе абмеркавалі наступныя формы падтрымкі арганізацый «Белкаапсаюзу»:

  • матэрыяльнае кампэнсаваньне часткі грошай на набыцьцё аўтакрамаў (так званых «аўталавак»);
  • кампэнсацыя ці субсыдаваньне транспартных выдаткаў «Белкаапсаюзу»;
  • выдзяленьне рэсурсаў для пагашэньня існай крэдыторскай запазычанасьці;
  • лічбавізацыю працэсаў спажыўкаапэрацыі «за кошт сродкаў інавацыйных фондаў абласьцей».

16 лютага Аляксандар Лукашэнка на агульным сходзе арганізацыі заявіў, што «Белкаапсаюз» — гэта «ўнікальная структура і страціць яе нельга». Зьвяртаючыся да супрацоўнікаў спажыўкаапэрацыі, ён заявіў, што тыя «павінны быць правадніком айчынных тавараў у рэгіёны, асабліва ў глыбінку».

«Белкаапсаюз» (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі, складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў. Структуры «Белкаапсаюзу» таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у людзей ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншы харч. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя аддзелы, навучальныя ўстановы.

Выратаваньне «Белкаапсаюзу» беларускія ўлады пачалі абмяркоўваць яшчэ з другой паловы 90-х гадоў, пісала раней выданьне «Беларусы и рынок». У 2005 годзе «Белкаапсаюзу» ўлады выдалі бюджэтную пазыку на 30 млрд рублёў і паабяцалі зрабіць зь яго за два гады «карцінку», але справы пасьля гэтага лепш не пайшлі.

Калі ў 2010 годзе доля «Белкаапсаюзу» на рынку Беларусі складала 12%, дык да 2020 году яна скарацілася да 4%, а ў 2023 годзе была ўжо толькі 3%. Што не перашкаджала «Белкаапсаюзу» заставацца самай буйной гандлёвай сеткай краіны.

Па стане на пачатак лютага 2024 году, у гандлёвай сеткі было 3583 крамы. «Белкаапсаюз» кантралюе 45% усяго сельскага гандлю. Пры гэтым заробкі там адны з самых нізкіх у галіне, а большасьць арганізацыяй застаюцца глыбока стратнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG