Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскае райпо прызналі банкрутам, яго ліквідуюць


Ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў Белкаапсаюзу
Ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў Белкаапсаюзу

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў банкрутам Аршанскае раённае спажывецкае таварыства (райпо), яго мусяць ліквідаваць цягам году, піша БелТА.

Пасьля таго, як судовая пастанова набудзе моц, антыкрызісны кіраўнік Мікалай Міронаў мусіць сплаціць 148 крэдыторам больш 4,1 мільёна рублёў. У тым ліку аршанскае райпо мае запазычанасьці па заробках на суму каля 8 тысяч рублёў. Дэбіторская запазычанасьць складае 236 тысяч рублёў.

Маёмасьць банкрута ацанілі ў 3,5 мільёна рублёў. «Значная частка» будынкаў не зарэгістравана ў вызначаным парадку.

Справу аб эканамічнай няздатнасьці (банкруцтве) аршанскага райпо завялі ў верасьні 2018 году на ініцыятыву даўжніка. Сход упаўнаважаных райпо прыняў рашэньне пра немэтазгоднасьць дасудовага аздараўленьня таварыства. Паводле аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасьці, арганізацыя з 2013 году працуе са стратамі, са студзеня 2019 году неплатаздольнасьць набыла ўстойлівы характар.

Белкаапсаюз: найбуйнейшая гандлёвая сетка перажывае крызіс

Сетка Белкаапсаюзу складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам.

  • Цяпер спажывецкая каапэрацыя перажывае крызіс: крамы і сталоўкі зачыняюцца, кіраўніцтва арганізацыі страсаюць карупцыйныя скандалы.
  • Структуры Белкаапсаюзу займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы.
  • Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
  • Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці.
  • 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
  • Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Яго папярэднік Сяргей Сідзько і першы намесьнік Дзьмітры Баранаў адбываюць пакараньне за хабары і злоўжываньне ўладай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG