Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Амэрыкай і Беларусьсю. Што зрабіла Воля Дземка, якой за некалькі дзён сабралі вялікую суму на лячэньне


Воля Дземка
Воля Дземка

«Не люблю гаварыць пра хваробу і хачу, каб мяне запомнілі не празь яе, а праз мае беларускія праекты». Так кажа беларуская рэжысэрка, сьпявачка, зьбіральніца фальклёру і нацыянальных строяў Воля Дземка з амэрыканскага Сіетлу, калі я прапаную ёй інтэрвію.

Калі мы пачынаем размову, абвешчаны дабрачынны збор на дапамогу ёй практычна закрыты. Вользе трэба было сабраць на лячэньне рэдкага аўтаімуннага захворваньня 22 тысячы даляраў. Калі мы выпускаем гэты тэкст, сабрана больш за 23 тысячы.

У дні, пакуль ішоў збор, у сацыяльных сетках шмат пішуць пра тое, што зрабіла Воля —фольк-гурт VOLYA, дакумэнтальны фільм «Песьні старой Эўропы», каталёг «Беларускі строй» і вялікі альбом «Традыцыйныя строі Беларусі», удзел у Metropolitan Fashion Week у Сіетле з паказамі аўтэнтычных украінскіх касьцюмаў калекцыі VOLYA і шмат іншага. Пісьменьніца Сьвятлана Курс параўноўвае Волю Дземку з айсбэргам.

Наша размова праз зум працягвалася некалькі гадзін. Воля ўвесь час усьміхалася, часам я бачыла сьлёзы, калі яна казала пра ўдзячнасьць усім тым, хто ёй дапамагае. А пачалі мы з таго, як дваццаць гадоў таму Воля Дземка пераехала ў ЗША. Не зусім па сваім жаданьні.

Пераезд у ЗША

Воля пераехала з бацькамі зь Менску ў ЗША 20 гадоў таму. На той момант яна вучылася на хімічным факультэце БДУ.

— У нас было шмат родных у ЗША. Не хацела пераяжджаць, але бацькі сказалі, што прадаюць кватэру, а ты як хочаш. Праз паўгода я вырашыла, што больш не магу і паеду назад. Купіла квіток нават. Яшчэ дакумэнтаў нават ня мела. У выніку брат угаварыў пачакаць, дарабіць дакумэнты, каб можна было нармальна вяртацца ў Беларусь. Як ува ўсіх, хто зьяжджае, спачатку жыцьцё перакульваецца.

У ЗША Воля атрымала новую адукацыю. Яна мае ступень бакаляўра ў галіне Digital Filmmaking and Video Production. І так сталася, што ўсё яе жыцьцё ў ЗША, як прафэсійнае, так і асабістае, так ці інакш аказалася зьвязаным зь Беларусьсю.

«Махровы традыцыйны фольк-гурт» VOLYA

У 2008 Воля Дземка пачала сьпяваць у сіетлаўскім расейскім гурце народных сьпеваў. Згадвае, як на фальклёрным фэстывалі падышоў муж сяброўкі і запытаўся: «Ты ж Воля, а чаму ў цябе няма беларускага гурту?»

— І сапраўды чаму? І мы зь сяброўкай замуцілі гурт «VOLYA». Назву дзяўчаты прапанавалі. Адна з удзельніц — баўгарка, магістарка этнаграфіі, дыплём па старажытных беларускіх сьпевах абараніла ва ўнівэрсытэце Санкт-Пецярбургу. Трэцяя ўдзельніца — этнічная беларуска, чые бацькі з-пад Слуцку, сама яна нарадзілася ў Расеі, але адчувае сябе беларускай. Чаму VOLYA? Гэта як свабода. Гурт існуе з 2009 году. Выступае на фальклёрных фэстывалях у Сіетле, на розных мясцовых імпрэзах. Нам так усё шалёна падабалася, што ў 2010-м запісалі альбом «Каралеўна зямля».

Рэпэртуар гурту Воля характарызуе як «махровы традыцыйны фольк». Песьні Дземка прывозіла з экспэдыцый у беларускія вёскі.

— Я вельмі люблю нашыя абрадавыя песьні. Махровы традыцыйны фольк, нешта з такой пярчынкай. Люблю, калі гэта самыя старажытныя песьні, іншая ладавая структура. Яны гучаць абсалютна па-вар’яцку для нас. У сучасных песьнях няма такіх пераліваў, у старадаўніх песьнях ёсьць глыбіня, якая дае задавальненьне сьпяваць і слухаць.

У гурце VOLYA чатыры сьпявачкі, склад удзельніц мяняецца. Апошнім часам у сувязі з хваробай сама Воля выступала менш. Рэпэтыцыі адбываліся праз зум.

Экспэдыцыі да бабуляў, «карткі ў рукі» і «Песьні старой Эўропы»

Першыя «экспэдыцыі» ў вёску ў Волі былі ў дзяцінстве, калі езьдзіла да бабулі «есьці морквачку з градкі». У дзіцячы садок вярталася з «махровай паляшуцкай мовай».

— Гэта было больш гадаваньне ў асяродзьдзі. У акадэмічным сэнсе да таго, як я зьехала ў Амэрыку, у мяне не было экспэдыцый, але чыста ў жыцьцёвым — так. Беларуская была той мовай, на якой я пачала размаўляць у бабулі. І прыяжджала ў дзіцячы садок з махровай паляшуцкай мовай, ад якой шалелі выхавацелькі. Гэта не была літаратурная беларуская, а мова, на якой бабуля размаўляла. На жаль, зараз так не магу, гэта вельмі спэцыфічны дыялект. А ўсьведамленьне таго, дзеля чаго я еду ў гэтыя вёскі, зьявілася тады, калі я пачала здымаць фільм.

Калі Воля Дземка вучылася ва ўнівэрсытэце ў ЗША, у адным з курсаў трэба было скласьці бізнэс-плян і напісаць сцэнар.

— Я падумала: а чаму я буду пісаць пра нейкага там лепрыконса незразумелага ці аднарога, калі я вельмі хацела расказаць людзям пра тое, што ў нас ёсьць такое багацьце? Пра яго проста ніхто ня ведае, або яго ўспрымаюць як «калхоз». А гэта не калгас, гэта наноснае, трэба паскрэбці, і там будзе золата. Гэтая думка мяне ўвесь час цкавала. Сышліся зоры, і я вырашыла: а што можа быць лепей за фільм? Фільм можна паказаць, а ісьці ў архівы і калупаць тоны кніжак ніхто ня будзе. А гадзінку, калі прыгожа зьнята, людзі паглядзяць.

Праца над фільмам у Волі Дземкі ішла зь перапынкамі праз нараджэньне сына.

— Здымалася ўсё ў 2011 годзе, потым доўга ляжала, постпрадакшн вялікі час заняў. Дапамогі не было, таму я зрабіла краўдфандынг, які быў часткова пасьпяховы. Але празь яго я займела неверагодную кучу сяброў. У тым ліку пазнаёмілася зь Сержуком Доўгушавым, які дапамог знайсьці супэрскага відэаапэратара.

Для Дземкі было вельмі важным, каб фільм паглядзелі яго гераіні, беларускія бабулі.

— Бабулі скардзіліся, што да іх прыяжджаюць, нешта запісваюць, пішуць свае дыплёмныя працы, гэта ўсё ідзе ў стол, і яны ніколі ня бачаць таго, што ў выніку атрымалася. А мне так хацелася ім сказаць і паказаць, якія яны залатыя, харошыя і прыгожыя ў гэтым фільме. І я зрабіла малюсенькі краўдфандынг на тое, каб зрабіць для іх DVD-дыскі. Ужо тады гэта выходзіла з моды, але я наўмысна гэта зрабіла і яшчэ раз зьезьдзіла ў Беларусь, каб паказаць бабулям фільм. Бабулі ня верылі, што я з Амэрыкі. Казалі: «Нашая дзеўка, родных ведаем (там праз 20 км вёска), размаўляе па-беларуску, зялёныя вочы, выглядае нармальна, зь якой яна Амэрыкі?»

Воля згадвае, як усе плакалі і абдымаліся, калі яна паказала бабулям фільм. І тады ж яна зрабіла бабулям невялікія здымкі паляроідам, якія хутка праяўляліся. І яны, не згаворваючыся, называлі гэта «картка ў руку». Калі потым Дземка прыяжджала ў 2018-м да іх, то бачыла, што гэтыя здымкі бабулі за абразамі паставілі.

«Я не магла дапусьціць, каб „русское платье“ пайшло ў сьвет, калі гэта наша веткаўская кашуля»

Воля Дземка — складальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў, якую зьбірала на працягу 10 гадоў, купляючы элемэнты адзеньня ў розных людзей. А ўсё пачалося тады, калі ў расейскім фольк-гурце, у якім яна сьпявала спачатку, ёй прапанавалі надзець расейскі сарафан.

— Там была вельмі таленавітая дзяўчына, этнографка паводле адукацыі, якая езьдзіла па экспэдыцыях па расейскіх вёсках і назьбірала сарафаны. З парчы, абшытыя залатой тасьмаю, XVIII стагодзьдзя. Сарафан як музэйны экстаз. Яна давала сарафаны дзяўчатам для выступленьня, а я сказала, што сарафан не надзену. Так я стала шукаць беларускія строі. А іх няма, іх увогуле няма. Я магу знайсьці варонескі строй музэйнай якасьці. А беларускі? Таму ў нашым гурце VOLYA былі спачатку строі, якія я сама шыла ці замаўляла.

Тады ж Воля пачала шукаць у сеціве беларускія традыцыйныя строі. Першы ж вынік яе агаломшыў.

— Пабачыла неглюбскую кашулю, веткаўскую, якая прадавалася разам зь неглюбскім ручніком, як «русское платье» і «русское полотенце». Мяне крышачку перакасіла, я напісала прадаўцу, што бачу па рэчах, што гэта ніякая не расейская сукенка і не расейскі ручнік. А ён мне піша, што гэта рэчы ягонай бабулі, якая сама ўсё ткала, прала, і яна сама зь Веткі. Ён залупіў высокую цану, я крышачку яго ўламала, але нават гэта былі шалёныя грошы. І я кажу дзяўчатам з гурту, што калі мы ня выкупім, то так і пойдзе ў сьвет як «русское полотенце». Дзяўчаты выпілі валяр’янкі, мы ўсе скінуліся і выкупілі кашулю і два ручнікі. На трэці грошай не хапіла.

Гэтая неглюбская кашуля стала першай аўтэнтычнай беларускай кашуляй у калекцыі традыцыйных строяў Волі Дземкі. І яна пачала шукаць новыя строі.

— Пакуль не пачалася вайна, можна было набыць праз крамы ў Пецярбургу. Там я раней набыла маларыцкую намітку. Гэта тры мэтры шчыльна вышытай нябеснай прыгажосьці. Цана таксама была нябесная. Дзевачкі выпілі ня толькі валяр’янкі, а ўжо і карвалолу, мы сабралі разам грошы і выкупілі яе. Так і зьбіралі. Я ж не магла дапусьціць, каб «русское платье» пайшло ў сьвет, калі гэта наша веткаўская кашуля.

Каталёг «Беларускі строй» і вялікі альбом «Традыцыйныя строі Беларусі»

Воля Дземка працуе відэамантажорам. Спачатку ўвесь яе заробак ішоў на строі і культурныя праекты, а потым знайшліся мэцэнаты.

— Мы зрабілі НДА, якое займаецца дасьледаваньнем беларускай культуры і захаваньнем спадчыны, і гэта дапамагло. А да гэтага больш за 10 гадоў усё рабілі са сваёй кішэні. Калі сабралі шмат строяў, думалі як іх паказаць. Так зьявіўся першы каталёг «Беларускі строй», у якім было ўсё, што на той момант мелі. Потым быў альбом «Традыцыйныя строі Беларусі», і тады ўжо ўсё ўдасканальвала — замаўляла каптурыкі, калі не хапала, ці сама нешта дашывала. Глядзела давыд-гарадоцкія ці тураўскія строі. Сяброўкі езьдзілі ў тураўскі і давыд-гарадоцкі музэі, прасілі дырэктараў выносіць экспанаты, фатаграфавалі іх, дасылалі мне. Па гэтых дэталёвых фатаздымках частка рэчаў была адноўлена.

Воля Дземка ня лічыць свой альбом «Традыцыйныя строі Беларусі» навуковай працай, хоць ёсьць людзі, якія зь ёй не пагаджаюцца. Канцэпцыя альбома для яе іншая.

— Я хацела, каб можна было ўзяць наш альбом, наліць кубачак кавы зранку, пагартаць яго і нацешыцца. Гэта была мая асноўная мэта — паказаць прыгажосьць беларускага строю ўсім, каму можна. Таму тэксту няшмат у альбоме. Кожная рэч мае свой пашпарт.

Пытаюся Волю, чаму ў альбоме толькі вясковая вопратка? Чаму яна не зьбірала гарадзкія строі?

— Беларусь — краіна эўрапейская. Калі нешта моднае выходзіла ў Парыжы, то праз пару дзён зьяўлялася ў Кракаве ці Вільні. Быў заходнеэўрапейскі ўплыў на беларускую гарадзкую моду. Зусім іншае — вясковая кашуля. Мая бабуля сваімі рукамі садзіла лён, потым яго рвала, мяла, часала, ткала, вышывала. Менавіта вясковая мода, традыцыйны касьцюм вырас зь беларускай зямлі літаральна.

Воля Дземка вельмі хоча зрабіць у Сіетле музэй беларускай культуры, каб перадаць туды сабраныя строі і далей разьвіваць экспазыцыю.

— Патрэбныя грошы. Беларуская дыяспара ў Сіетле вельмі моцная, актыўная, працуе над гэтым. Пасьля выхаду альбома яшчэ строяў дадалося. Нядаўна я дашыла мотальскі горсік, на які знайшла сапраўдныя мэталічныя галуны 19 стагодзьдзя. Я ўвесь час нешта раблю, гэта і як тэрапія. У альбоме было 33 строі, дадалося яшчэ 5 комплексаў.

Воля Дземка згадвае, як хацела зрабіць выставу беларускіх строяў у Сіетле. Дамовіцца з музэем было цяжка, бо ўсе выставы расьпісаныя на 5 гадоў наперад. А з пачаткам вайны ёй сказалі, што пра беларускую выставу можна забыцца.

— Мы пачалі зноў сьпяваць, і я хачу зрабіць вялікі фэйшн-пэрформанс зь песьнямі, паказам строяў. Ідэяў шмат. Я ведаю, што я прадаю прадукт, які не прадаецца, але я на яго гляджу не як на прадукт. Чым больш у беларусаў сваіх каштоўнасьцяў, тым больш яны беларусы.

Каталёг ад Волі Дземка
Каталёг ад Волі Дземка

Хвароба, маці як праменьчык і вялікая падтрымка

Чатыры гады таму Волі дыягнаставалі рэдкае аўтаімуннае захворваньне, якое атакуе і разбурае бялок, што ўтрымлівае клеткі скуры.

— Калі гэта ўсё са мной здарылася, я першыя паўгода амаль ляжала, мы перасталі і выступаць. А потым здарыўся ковід. Для ўсіх ён быў горам-горачкам, а для мяне нават выратаваньнем, бо я не адключылася ад усіх, і ў той пэрыяд у жыцьці, калі я была ня вельмі здольная, усе таксама былі няздольныя. Цяпер я магу працаваць дыстанцыйна. Працую ў ложачку. Да ковіду мне не дазвалялі працаваць з хаты, а калі ўсе пайшлі па дамах, вымушаныя былі дазволіць.

У беларускі вельмі рэдкая форма аўтаімуннай хваробы. Адна на 5 мільёнаў, кажа Воля.

— Было вельмі цяжка паставіць дыягназ. У асноўным пакутуюць, таму што дыягназ ставяць зусім позна, калі ўжо нічога немагчыма зрабіць. А мяне «падлавілі» ў стане вольнага падзяжу і ўжо ведалі, што рабіць. У 2019 годзе за месяц усё абрынулася ў жыцьці. Была нібы нармальная, а потым усё паляцела ў тартарары. Празь нейкі час мусіла паляцець у Беларусь на гемадыяліз. Гэта быў мой першы збор на змаганьне з хваробай. Таньней было назьбіраць на квіток і лячэньне ў Беларусі. Гэта каштавала столькі, колькі ў ЗША адзін раз бы палекавалі.

Воля Дземка
Воля Дземка

Воля Дземка кажа, што ня любіць гаварыць пра сваю хваробу і звычайна адмаўляе, калі просяць.

— Я не хачу, каб людзі мяне запомнілі ў такім стане, нейкай хворай, нямоглай. Гэта, канечне, частка мяне, але гэта ня тая частка, якую я б хацела, каб людзі асацыявалі са мной, зь беларускай культурай. Таму я вельмі рэдка зьвяртаюся па дапамогу... У мяне зараз вельмі добрая страхоўка. Але кожны дзень майго лячэньня каштуе 25 тысяч даляраў. І на месяц у мяне ідзе тры кропельніцы. Гэта 75 тысяч даляраў. Кожны месяц у мяне ўліваюць па «Лексусу». Большую частку плаціць страхоўка, але мне самой трэба заплаціць нейкую частку. І нават гэтая частка — усё роўна шалёныя грошы для мяне, якія я сама не магу заплаціць.

Пытаюся Волю, як сябе адчувае падчас лячэньня.

— Усё больш часу ідзе на аднаўленьне пасьля кропельніц. Сэнс лячэньня ў тым, каб падтрымаць арганізм да таго моманту, калі ён перастане вар’яцець. На жаль, няма чагосьці, што можа вылечыць аўтаімунныя хваробы. Усё, што магчыма, — даць шанец арганізму вылечыць самога сябе. У мяне настолькі агрэсіўная форма хваробы, што без таго, каб стрымліваць сымптомы, прагнозы зусім ніякія. Колькі я магу пратрымацца з гэтым атамным лячэньнем, ніхто ня ведае... Мне штучна заніжаюць імунітэт, каб не праяўляліся сымптомы маёй асноўнай хваробы. І таму, калі нармальныя людзі хварэюць тыдзень, я буду хварэць два месяцы. Мне вельмі цяжка ачуньваць...

Сын Волі вучыцца ў шостай клясе. У 2022 годзе ў яе маці здарыўся інсульт, яна дагэтуль не гаворыць, паралізаваная частка цела. Воля называе маці «праменьчыкам у акенцы».

— Нягледзячы на тое, што яна не размаўляе, яна ўсё разумее і вельмі падтрымлівае мяне. Безь сям’і, сяброў я б ня вытрымала. Вельмі падтрымліваюць сябры. Нядаўна прынесьлі 4 літры ўкраінскага баршчу на бураковым квасе.

Воля Дземка вельмі ўдзячная ўсім, хто пералічыў ёй грошы на лячэньне. Яна хоча адказаць і падзякаваць кожнаму.

— Я дагэтуль у шоку. У першыя содні сабралі палову патрэбных грошай. Я раўла проста. Шмат данатаў ад людзей, якіх я ня ведаю. Вельмі вялікая ўдзячнасьць усім. Там шалёныя грошы, не чакала, што закрыюць збор за тры дні. Я ляжала і глядзела, як грошы дадаюць. Вельмі шмат было невялікіх сумаў, і па 5 даляраў пералічвалі. Я кожнаму адпішуся і падзякую.

Воля Дземка працягвае рабіць унікальныя беларускія праекты, змагаючыся зь цяжкай хваробай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG