Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: у 1468 годзе выйшаў Судзебнік Казімера — першы звод законаў ВКЛ


Фрагмэнт старонкі Судзебніка Казімера з фонду Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Маскве
Фрагмэнт старонкі Судзебніка Казімера з фонду Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Маскве

Падзеі 28 лютага ў Беларусі, у сьвеце, у гісторыі.

Дата дня

Вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч
Вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч

29 лютага 1468 году вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч выдаў Судзебнік, які стаў першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў напісаны на старабеларускай мове.

Кодэкс усталяваў адзіныя для ўсёй дзяржавы пакараньні і судовыя працэдуры за асобныя віды злачынстваў. Ён складаўся з 25 артыкулаў і закранаў толькі злачынствы супраць уласнасьці (крадзеж і рабаваньне), мноства іншых выпадкаў ня трапілі ў кодэкс і разглядаліся паводле звычаёвага права. Упершыню законам быў усталяваны мінімальны век, зь якога пачыналася крымінальная адказнасьць: 7 гадоў.

Судзебнік дзейнічаў да стварэньня першага Статуту ВКЛ 1529 году. Арыгінал Судзебніка не захаваўся, маюцца яго сьпісы канца XV-XVІ стст.

Таксама ў гэты дзень

1888 — амэрыканскі інжынэр Герман Галерыт вынайшаў табулятар, першую электрычную лічыльную машыну.

1936 — дацкі фізык-тэарэтык Нільс Бор прапанаваў тэорыю складовага ядра атама.

1940 — амэрыканская кінаактрыса Хэці Макдэніэл стала першай афраамэрыканкай, якая атрымала прэмію «Оскар» (у намінацыі «лепшая акторка другога пляну» за ролю ў фільме «Зьнесеныя ветрам»).

2020 — ЗША і афганскі рух «Талібан» у Катары падпісалі мірнае пагадненьне, якое прадугледжвала вывад замежных войскаў з Афганістану і заключэньне перамір’я.

У гэты дзень нарадзіліся

1792 — Джаакіна Расіні, знакаміты італьянскі кампазытар, аўтар опэры «Сэвільскі цырульнік».

1840 — Джон Філіп Голанд, амэрыканскі інжынэр, стваральнік сучаснай канструкцыі падводнай лодкі.

1840 — Раман Рагінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве. У прыватнасьці, падчас ваенных дзеяньняў ён заняў Пружаны.

1872 — Вітольд Бялыніцкі-Біруля, беларускі жывапісец-пэйзажыст. Разьвіваў традыцыю лірычнага пэйзажа канца 19 стагодзьдзя.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля, «Раньняя вясна»
Вітольд Бялыніцкі-Біруля, «Раньняя вясна»

1904 — Глен Мілер, знакаміты амэрыканскі музыка і кіраўнік эстраднага аркестру.

1940 — Сусьветны патрыярх Барталамей І, кіраўнік Канстанцінопальскай царквы.

1920 — Мішэль Марган, француская актрыса тэатру і кіно, легенда французскага кінематографа,​ уладальніца імянной зоркі на Алеі славы ў Галівудзе.

1956 — Сьвятлана Навумава, вядомы беларускі палітоляг і паліттэхноляг, была адным з заснавальнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», працавала ў штабе Ўладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ў Беларусі.

Сьвятлана Навумава
Сьвятлана Навумава

1972 — Сяргей Канановіч, беларускі рок-музыка, гітарыст, быў гітарыстам праектаў «Крамбамбуля» і Zet, удзельнікам гурта Pomidor/OFF, граў з гуртамі «Палац», žygimont VAZA, Зьмітром Вайцюшкевічам, N.R.M.

У памяці

1868 — баварскі кароль Людвіг Першы, адзін з самых асьвечаных манархаў XIX стагодзьдзя, праўленьне якога лічыцца часам сапраўднага росквіту баварскай культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG