Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін павінен адказаць за тое, што зрабіў з суседняй мірнай краінай», — Юлія Навальная выступіла ў Эўрапарлямэнце


Юлія Навальная падчас выступу ў Эўрапарлямэнце, 28 лютага 2024 году
Юлія Навальная падчас выступу ў Эўрапарлямэнце, 28 лютага 2024 году

Удава загінулага ў калёніі расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага Юлія 28 лютага выступіла ў Эўрапарлямэнце. Яна назвала прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна не палітыкам, а «лідэрам крымінальнай групоўкі», і падкрэсьліла, што барацьба зь ім — гэта «барацьба з мафіяй».

У сваім выступе Юлія Навальная заявіла, што Пуцін «павінен адказаць за тое, што ён зрабіў з Аляксеем Навальным», з Расеяй і «з суседняй мірнай краінай», маючы на ўвазе Ўкраіну.

Яе прамову ў Эўрапарлямэнце сустрэлі бурнымі воплескамі.

Юлія Навальная заклікала эўрапейскіх палітыкаў ня весьці перамовы з Крамлём ні па Ўкраіне, ні па іншых пытаньнях, але арганізаваць расьсьледаваньні дзейнасьці і фінансавых патокаў як самога Пуціна, так і ягонага найбліжэйшага атачэньня.

Таксама Навальная гаварыла пра жорсткае падаўленьне апазыцыі ў Расеі і пра вайну, якую Пуцін пачаў і вядзе ва Ўкраіне.

«Пачынаюць гучаць галасы, якія заклікаюць заключыць пагадненьне з Пуціным, — падкрэсьліла яна. — І вось Пуцін забівае майго мужа — Аляксея Навальнага. Менавіта на загад Пуціна Аляксея катавалі, катавалі тры гады. Ён знаходзіўся ў камэры, цалкам адрэзаны ад любых кантактаў, званкоў і нават лістоў. А потым яны яго забілі і нават пасьля гэтага працягвалі зьдзекавацца зь ягонага цела і зь ягонай маці. Мы бачым, што Пуцін здольны на ўсё, і дамаўляцца зь ім няма пра што».

Яна асобна адзначыла, што сям’я Навальнага тыдзень змагалася за тое, каб забраць цела апазыцыянэра і арганізаваць пахаваньне, якое адбудзецца 1 сакавіка. «І я ня ўпэўненая, ці будзе працэсія мірнай, ці не прыйдзе паліцыя туды па тых, хто прыйдзе разьвітацца з маім мужам», — заўважыла яна.

«Калі вы сапраўды хочаце перамагчы Пуціна, вам неабходна стаць наватарамі. Неабходна перастаць баяцца гэтага, немагчыма прычыніць яму шкоду чарговым пакетам санкцыяў ці рэзалюцыяй. Гэта нічым ня будзе адрозьнівацца ад таго, што ўжо было зроблена. Ён не чалавек маралі ці прынцыпаў, нельга яго так успрымаць. Аляксей зразумеў гэта вельмі даўно. Тут мы гаворым не пра палітыку, а пра крывавага монстра, Пуцін — гэта лідэр крымінальнай групоўкі», — адзначыла Юлія Навальная.

  • Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе за Паўночным палярным кругам. Палітыку было 47 год.
  • Па выніках ускрыцьця сьмерць Навальнага была прызнаная натуральнай, вынікае з падрыхтаванага ўладамі мэдычнага пасьведчаньня. Паплечнікі і сямʼя Навальнага не казалі, ці будзе паўторная экспэртыза. Расейскія праваабаронцы кажуць, што Навальнага, магчыма, перад сьмерцю катавалі.
  • Цела Навальнага сьледчыя аддалі ягонай маці, Людміле Навальнай, толькі 24 лютага. Дырэктар «Фонду барацьбы з карупцыяй» Іван Жданаў адзначаў, што сьледчыя прасілі Людмілу Навальную пахаваць яе сына без залішняй публічнасьці. На гэта маці палітыка не пагадзілася і менавіта таму запісала відэазварот, у якім расказала пра пагрозы з боку супрацоўнікаў СК.
  • Пахаваньне Аляксея Навальнага пройдзе 1 сакавіка на Барысаўскіх могілках у Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG