Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вошы, блохі, прусакі, пацукі. Хто жыве ў беларускіх турмах разам зь вязьнямі


Каляж
Каляж

У цэнтры Эўропы, у краіне з разьвітай мэдыцынай людзі, якія нават яшчэ не асуджаныя, пакутуюць ад антысанітарыі і ўкусаў вошай і клапоў. Расказваем, што адбываецца ва ўстановах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы

«Мы правяралі галовы і вычэсвалі вошай і гнідаў»

Увосень 2020 году шырока разышлася інфармацыя аб тым, што пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушэньняў (ЦІП) і Ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на Акрэсьціна былыя арыштанты расказвалі пра зьневажальныя ўмовы знаходжаньня ў гэтых установах.

Розгалас атрымала гісторыя Вольгі Хіжынковай, «міс Беларусь — 2008», якую затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Вольга знаходзілася ў ЦІПе больш за 40 дзён, да яе ў камэру пастаянна падсялялі жанчын з вошамі. Журналістка парталу Tut.by Аляксандра Квіткевіч, якая адседзела з Хіжынковай 15 дзён, расказвала пра зьдзекі з Вольгі, якой не передавалі шампуняў супраць паразытаў. Пры вызваленьні ёй аддалі ажно 5 фляконаў, якія пастаянна перадаваў Вользе муж.

14 сьнежня 2020 года праваабаронцы запатрабавалі правесьці пракурорскую праверку па фактах катаваньняў Вольгі Хіжынковай і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Сярод пералічаных імі фактаў былі неаказаньне мэдыцынскай дапамогі, холад у камэры, падсажваньне ў камэру бяздомніц з паразытамі, зьнікненьне зь перадачы шампуню супраць вошай. Адказу праваабаронцы не атрымалі.

Вольга Хіжынкова пасьля вызваленьня
Вольга Хіжынкова пасьля вызваленьня

«У знакамітай 15-й камэры ЦІП, разьлічанай на двух чалавек, нас пастаянна было 8-10. І абавязкова да нас падсаджвалі пару-тройку бамжых — легендарную Алу Ільлінічну, былую крымінальніцу Любу і яшчэ адну жанчыну, якую ласкава называлі „Вішанькай“. Смурод ад іх стаяў невыносны. На іх галовах вошы і гніды віселі гронкамі. Мы туга запляталі свае валасы ў коскі, спрабавалі дыстанцыявацца ад гэтых жанчын, але пры такой скучанасьці цяжка было засьцерагчыся.

Спачатку мяне трэсла, сьвярбела ўсё цела на нэрвовай глебе. А потым я ўзяла сябе ў рукі і разам зь яшчэ дзьвюма дзяўчатамі мы правяралі ўсе галовы ў камэры і вычэсвалі гэтых вошай і гнідаў. А ў Любы яшчэ былі адзежныя вошы... Колькі мы не прасілі забраць ейныя рэчы на пражарку, гэтага ніхто не рабіў», — успамінае былая зьняволеная Юля, якая знаходзілася ў ЦІП і СІЗА ўвесну і ўлетку 2022 году.

У Гомельскай жаночай калёніі № 4 была праблема з адзежнымі вошамі, успамінае былая зьняволеная Ганна Вішняк.

«Яны пасяляліся ў адзеньні, у пасьцельнай бялізьне, а потым упіваліся ў скуру. Я пастаянна чухалася і не магла зразумець, ад чаго. Пакуль выпадкова, чытаючы ў акулярах, рэальна не пабачыла іх. Вельмі непрыемныя ўражаньні. Спрабавала прыпякаць кіпяцільнікам швы швэдра, іншага адзеньня, каб зьнішчыць паразытаў.

Раз на год нібыта ўсе рэчы, матрацы павінны былі забіраць на так званую „пражарку“, але за 2 гады маёй адседкі гэтага ні разу не было», — кажа Ганна.

Ізалятар на завулку Акрэсьціна, 2020
Ізалятар на завулку Акрэсьціна, 2020

«Клапы поўзалі па сьценах, па столі»

Пра клапоў у ІЧУ Пінску, Ленінскага раёну Берасьця, іншых ізалятарах у рэгіёнах шмат пісалі яшчэ летам-восеньню 2020 году. А вось на Акрэсьціна тады такіх крывасмокаў яшчэ не было. Зьявіліся яны, паводле тагачасных сядзельцаў, увосень 2021 году. Хто і як іх туды занёс, невядома. Але цяпер яны ёсьць і ў ІЧУ, і ў ЦІП.

«У ІЧУ палітычным не выдаюць матрацаў. У камэрах драўляная рассохлая падлога зь вялікімі шчылінамі і дашчаныя шконкі, пафарбаваныя ў сіні колер. Магчыма, да нас там былі людзі з матрацамі і бялізнай. Але гэтыя брыдкія казуркі, мабыць, хаваліся ў шчылінах. Спаць было невыносна! Клапы поўзалі па сьценах, па падлозе, па столі — і пікіравалі на нас зьверху. Мы паперай іх душылі, а яны былі з крывёю. Відовішча не для людзей са слабымі нэрвамі. Рэакцыя на ўкусы была розная. У мяне былі проста чырвоныя кропкі на месцы ўкусаў. А дзьве дзяўчыны былі такія апухлыя, проста жах! Мабыць, у іх такая алергічная рэакцыя арганізму была на ўкусы.

Калі мы ўзбунтаваліся, прыйшоў прадольны з пульвэрызатарам і зьдзекліва папшыкаў ім па сьценах і шконках», — расказала былая палітзьняволеная Алена.

Пацукі на «промцы»

Звычайна на тэрыторыі калёній жывуць каты. Вязьні іх падкормліваюць, а тыя ловяць грызуноў. Міхаіл, які сядзеў у Наваполацкай калёніі № 1 і нядаўна вызваліўся, распавёў, што нядаўна ўсіх катоў павыганялі.

«Таму на зоне бегаюць вялізныя пацукі. Звычайна яны жывуць на „промцы“ ці каля сталовай. Але іншым разам могуць забегчы і на „жылку“ (жылая зона. — РС). І вось аднойчы на прамзоне здох пацук. Так сьмешна: у сядзячай позе, прытуліўшыся да слупа. Вязьні вырашылі пазабаўляцца: падставілі ў адну лапу палачку, падобную да стрэльбы. А ў другую лапу — акурак. Так гэты пацук некалькі дзён нёс сваю варту, пакуль мы хадзілі на працу. Калі сур’ёзна, гэта выпадак сьведчыць, што мянты ня надта аглядаюць тэрыторыю зоны, калі на бачным месцы некалькі дзён валяецца дохлы пацук».

Расказаў Міхаіл і яшчэ пра адну гісторыю, як начальства вырашыла пазбавіцца ад лавак, на якіх вязьні часам драмалі пасьля абеду. А таксама ад цьвікоў над імі, куды вешалі вопратку. Замест іх паставілі шафы для рэчаў безь дзьвярэй. А па шафах пачалі ўзьбірацца пацукі і грызьці вопратку. Калі яна вісела на цьвіках, грызуны не маглі да яго дабрацца.

«Пагрызьлі ўсё, што толькі было магчыма: драўляныя лыжкі, мыла, цыгарэты. Паразрывалі кішэні, дзе заставаліся хлебныя крошкі», — расказаў Міхаіл.

Сталоўка ў віцебскай калёніі
Сталоўка ў віцебскай калёніі

Ці магчыма пазбавіцца ад жыўнасьці ў турмах

Былы турэмны мэдык Васіль Завадзкі, які працаваў у Навасадзкай калёніі № 13 і ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, называе такое стаўленьне да людзей бесчалавечным і прыніжальным для чалавечай годнасьці. І на гэта, на яго думку, ёсьць шэраг прычын.

«Па-першае, з гэтай навалай нечысьці ня так лёгка змагацца. Па-другое, у кіраўнікоў ІЧУ, ЦІП, калёній іншыя прыярытэты, антысанітарыю яны проста ігнаруюць. Па-трэцяе, калі ня поўная адсутнасьць кантролю, дык відавочна зьніжаны кантроль з боку санітарных службаў — як ведамасных, так і дзяржаўных да ўстановаў пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Што да клапоў, дык прывезьці гэтых насякомых дастаткова проста, часам з такіх месцаў, пра якія і не падумаеш. А змагацца зь імі надзвычай цяжка. Можа, хіба што з вошамі прасьцей, і тое ва ўмовах ЦІП, ІЧУ для гэтага трэба добра папрацаваць.

Каб правесьці эфэктыўную дэзынсэкцыю, трэба як мінімум апрацаваць усе памяшканьні адначасова, у адзін дзень. Значыць, трэба, каб там не было людзей у гэты час. А гэта пры загружанасьці і перанаселенасьці ізалятара на Акрэсьціна нерэальна», — выказаў думку былы турэмны мэдык Васіль Завадзкі.

Самаўхіленьне мэдыкаў

Лекар Андрэй (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), які шмат гадоў працуе ў адной з цэнтральных установаў санітарна-эпідэміялягічнай службы, сьцьвярджае, што ў пэнітэнцыярнай сыстэме цалкам адсутнічае мэдычны кантроль. Нягледзячы на тое, што ўсе інструкцыі, правілы ўнутранага распарадку, санітарныя нормы ўтрыманьня ў СІЗА, калёніях, турмах падпісаныя прадстаўнікамі МУС, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і мэдыкамі зь Міністэрства аховы здароўя. І кантраляваць сытуацыю абавязаныя ўсе гэтыя ведамствы. Але мэдыкі фактычна самаўхіліліся ад кантролю, аддаўшы ўсё на водкуп МУС і ДВП.

Што да вырашэньня праблем з тымі ж вошамі і клапамі ў ІЧУ і СІЗА, усё ня так проста, мяркуе адмыслоўца.

«Перамагчы вошай можна. Асноўны шлях перадачы вошай — непасрэдны кантакт з галавой заражанага чалавека. Вошы ня скачуць і не лятаюць, таму на адлегласьці заразіцца імі немагчыма. Ёсьць невялікая рызыка перадаць паразытаў праз грабянцы, ручнікі, падушкі. Цяпер шмат так званых пэдыкуліцыдаў — прэпаратаў-дэзынсэктараў, якія выпускаюцца ў форме шампуняў, крэмаў, спрэяў, ласьёнаў, геляў. Сёньня ёсьць маса даступных і правераных лекавых прэпаратаў ад вошай, таму ня варта нават задумвацца аб народных сродках кшталту газы ці дзягцярнага мыла», — кажа санітарны лекар Андрэй.

А вось са зьнішчэньнем клапоў значна складаней, кажа ён. У запушчаных выпадках, калі клапоў ужо занадта шмат, увесь гэты працэс зойме працяглы час, і тут без дапамогі прафэсійных дэзынсэктараў не абыдзесься.

Жаночая калёнія ў Гомлі, 2011
Жаночая калёнія ў Гомлі, 2011

«Спачатку неабходная так званая „зьнішчальная дэзынсэкцыя“. Моцнымі эфэктыўнымі прэпаратамі апрацоўваюцца ўсе спальныя і дапаможныя памяшканьні. Адмыслоўцы ведаюць, якія ёсьць хімічныя і тэрмічныя спосабы ўзьдзеяньня. Але трэба памятаць пра бясьпеку. Людзей неабходна выселіць з памяшканьняў, бо прэпараты вельмі таксычныя і небясьпечныя. Ну і пэрыядычна неабходна праводзіць прафіляктычную дэзынсэкцыю.

Як гэта можна правесьці ў СІЗА, ІЧУ, дзе камэры перапоўненыя, шчыра кажучы, я не ўяўляю. Але трэба ўказаньне зьверху. Я ня веру, што ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС ня ведаюць аб праблеме. Было б жаданьне, воля і загад кіраўніцтва.

Скажу зараз крамольную рэч. Памятаеце песьню, якая была папулярнай ўвосень 2020 году? „Разбуры турмы муры“. Сядзельцаў „Валадаркі“ нібыта неўзабаве пераселяць у новы будынак у Калядзічы. Ну а акрэсьцінскія муры варта разбурыць», — кажа санітарны лекар, які назваўся Андрэем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG