Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве патлумачылі, чаму закрылі пункты на мяжы, і нагадалі сваім грамадзянам аб небясьпецы паездак у Беларусь


Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Архіўнае фота
Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Архіўнае фота

Летась на мяжы зь Беларусьсю ў аўтамабільных пунктах пропуску прайшлі кантроль амаль 3,9 мільёна чалавек, што на 25,5% больш за ўзровень 2022 году. 66% склалі менавіта грамадзяне Беларусі.

Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю абумоўлена некалькімі фактарамі, у тым ліку недахопам рэсурсаў для якаснага кантролю і актывізацыяй дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Літвы.

«У суседніх дзяржавах дзейнічае па адным пункце пропуску, у Літве — чатыры. У выніку на 50 адсоткаў павялічыўся паток грузаў, транспарту і людзей праз пункты на літоўска-беларускай мяжы. Патрэбны вялікія рэсурсы для кантролю патокаў, перадухіленьня кантрабанды, забесьпячэньня міжнародных санкцый і зьніжэньня рызык бясьпекі руху. Гэтае рашэньне таксама было абумоўлена рызыкамі, зьвязанымі з узмацненьнем дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Літвы і нашых грамадзян», — заявіла Агне Білатайце.

Паводле яе, урад Літвы ўхваліў рашэньне скараціць на 50% колькасьць дазволаў, якія выдаюць беларускім і літоўскім перавозчыкам на ажыцьцяўленьне рэгулярных міжнародных пасажырскіх аўтобусных перавозак між краінамі.

У паведамленьні ўраду Літвы адзначаецца, што ў 2023 годзе на мяжы зь Беларусьсю ў аўтамабільных пунктах пропуску прайшлі кантроль амаль 3,9 мільёна чалавек, што на 25,5% больш узроўню 2022 году. Пры гэтым, 66% склалі менавіта грамадзяне Беларусі.

Згодна з апублікаванай статыстыкай, колькасьць выпадкаў перасячэньня мяжы грамадзянамі Літвы, якія наведвалі Беларусь у 2023 годзе, скарацілася на 13,4%, да 684 тысяч. Аднак літоўскі ўрад лічыць і гэтыя лічбы «надзвычайна высокімі».

Урад Літвы таксама нагадаў сваім грамадзянам аб рэкамэндацыі не наведваць Расею і Беларусь «у сувязі зь нядаўняй актывізацыяй варожых і правакацыйных дзеяньняў беларускіх і расейскіх спэцслужбаў супраць грамадзян Літвы, якія ўжо знаходзяцца або часова прыбылі ў гэтыя краіны».

Урад Літвы 21 лютага падтрымаў ініцыятыву Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі аб закрыцьці зь першага сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Адкрытымі застануцца пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі», але на іх зь вясны таксама абмяжуюць рух пешаходаў і веласіпэдыстаў.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас 6 лютага паведаміў пра ініцыятыву з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы, «Райгорад» і «Лаварышкі».

Супраць гэтай ініцыятывы выступілі Сьвятлана Ціханоўская і мясцовыя ўлады тых тэрыторый, дзе знаходзяцца гэтыя пункты пропуску.

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG