Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады памежных зь Беларусьсю рэгіёнаў Літвы выступілі супраць закрыцьця яшчэ двух кантрольных пунктаў на мяжы


Літоўскі памежны пункт «Лаварышкі» на мяжы зь Беларусьсю могуць закрыць з 1 сакавіка
Літоўскі памежны пункт «Лаварышкі» на мяжы зь Беларусьсю могуць закрыць з 1 сакавіка

Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы прапанаваў ураду з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — у Райгорадзе і Лаварышках.

Мэр літоўскага горада Друскенікі (Друскінінкай) Рычардас Малінаўскас крытычна ацаніў намер ураду закрыць памежны пункт «Райгорад» («Райгардас») на мяжы зь Беларусьсю.

«Мы курорт. Курорт для ўсіх. Мы ня ўвязваемся ў геапалітычныя пытаньні, у пытаньні бясьпекі, гэта ня наша функцыя, ня наш узровень. Мы за тое, каб да нас прыяжджалі адпачываць, лячыцца ўсе ахвочыя, добразычлівыя людзі. А добразычлівасьцю павінны займацца спэцслужбы», — працытавала выданьне delfi.lt Рычардаса Малінаўскаса.

Паводле яго, закрыцьцё пункту «Райгорад» можа кепска адбіцца і на мясцовым бізнэсе.

«Ведаеце, кожная перашкода, кожны бар’ер — дадатковы цяжар, праблема і цяжкасьць. [...] Я ня думаю, што было правільным рашэньне зьнішчыць санаторый, які знаходзіцца ў Друскеніках (санаторый „Беларусь“. — РС) толькі таму, што ўвесь час там лячылі хворых дзяцей. Мы [...] не дэманструем прыязнай супрацы з суседзямі, народамі», — дадаў мэр літоўскага горада.

Ён лічыць такія дзеяньні памылковымі. «Мы сапраўды зрабілі бязглуздыя памылкі. Сёньня я ня ведаю, ці палепшаць яны становішча. Ня мне вырашаць. Але гледзячы, як мы перашкаджаем уезду простых людзей, я мяркую, такім чынам мы паказваем простым людзям наша стаўленьне і нашы сувязі», — дадаў Рычардас Малінаўскас.

Робэрт Духневіч, мэр Віленскага раёну, якому падпарадкоўваецца ў тым ліку і староства Лаварышак, заявіў, што дзяржавы павінна клапаціцца ня толькі пра бясьпеку, але і сувязі жыхароў зь беларускімі сваякамі.

«Я ня думаю, што закрыцьцё КПП „Лаварышкі“ („Лаварышкес“) — сур’ёзная праблема. Мы павінны зразумець, што гэтыя тэрыторыі на мяжы цесна зьвязаныя і сваякі нашых грамадзян жывуць там з пэўных гістарычных прычын. Размова не пра людзей, якія езьдзяць на закупы, яны езьдзяць да сваіх сем’яў, да людзей старэйшага ўзросту. Мы павінны зрабіць так, каб праезд ня быў татальна абмежаваны, людзі павінны мець магчымасьць кантактаваць з сваякамі», — сказаў Робэрт Духневіч.

Мэр Віленскага раёну таксама дадаў, што трэба пакінуць магчымасьці і для апанэнтаў улады Беларусі.

«Калі мы гаворым аб абмежаваньні патокаў, якія езьдзяць на закупы або па паліва, асабіста я падтрымліваю такія абмежаваньні. Нашы людзі езьдзяць у недружалюбную краіну», — падкрэсьліў Робэрт Духневіч.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас 6 лютага паведаміў аб ініцыятыве з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Канчаткова гэтую прапанову мае зацьвердзіць урад. Калі ён падтрымае гэтую ініцыятыву, на мяжы зь Беларусьсю адкрытымі застануцца толькі два з ранейшых шасьці памежных пунктаў — «Меднікі» і «Салечнікі».

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG