Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рак, хворае сэрца, патрэба ў перасадцы органаў. Хто зь беларускіх палітвязьняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем


Краты, ілюстрацыйнае фота
Краты, ілюстрацыйнае фота

20 лютага стала вядома пра сьмерць 63-гадовага палітвязьня Ігара Ледніка. Гэта пяты вядомы праваабаронцам выпадак сьмерці палітвязьня за кратамі. Расказваем пра тых зь іх, хто мае патрэбу ў тэрміновай мэдыцынскай дапамозе.

Інфармацыя ўзятая з папярэдніх публікацый Свабоды і праваабарончага цэнтру «Вясна».

Васіль Бераснеў

Асуджаны ў «справе прафсаюзаў». Вырак — 9 гадоў зьняволеньня. Адбывае тэрмін у магілёўскай калёніі № 15, мае 74 гады.

Падчас знаходжаньня ў СІЗА ў Берасьнева значна пагоршыўся стан здароўя, павысіўся ціск, абвастрыліся хранічныя захворваньні, пачаліся праблемы з ныркамі.

У пачатку кастрычніка 2023 году стала вядома, што Васіля Берасьнева накіравалі з калёніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Ён мае патрэбу ў перасадцы ныркі. Вядома, што прафсаюзнага дзеяча вярнулі ў магілёўскую калёнію, ныркі не перасадзілі. Іншых зьвестак пра яго няма.

Маюць вялікія праблемы са здароўем і іншыя прафсаюзныя дзеячы ў зьняволеньні. У Генадзя Фядыніча, якога трымаюць у бабруйскай калёніі № 2, таксама пачаліся праблемы з ныркамі, а ён мае яшчэ і цукрыцу. У Вацлава Арэшкі праблемы са зрокам, ён ня бачыць на адно вока.

Павал Кучынскі

30-гадовы жыхар Маладэчна мае анкалягічную хваробу. Яму прысудзілі 4 гады і 9 месяцаў зьняволеньня. У Кучынскага першая група інваліднасьці, дыягназ — лімфома Ходжкіна чацьвёртай стадыі. Замест калёніі Паўла Кучынскага накіравалі ў рэспубліканскую лякарню для зьняволеных у Калядзічах, дзе палітвязень праходзіць курс хіміятэрапіі. Паводле зьвестак праваабаронцаў, лячэньне не дапамагае, хвароба прагрэсуе. Пасьля абсьледаваньняў курс мяняюць, але палітвязьню не становіцца лепш. Кучынскага пракансультавалі наконт перасадкі касьцявога мозгу, але ў зьняволеньні, у такіх умовах утрыманьня зрабіць гэта немагчыма.

Рыгор Кастусёў

Асуджаны ў «справе аб змове» на 10 гадоў калёніі. Мае шмат хваробаў, у 2023 годзе праводзілася абсьледаваньне па падазрэньні на анкалёгію, вынікі якога палітвязьню не паведамілі. У яго баляць і ацякаюць ногі ад моцнага варыкозу.

У студзені 2024 году ў справе 66-гадовага Кастусёва прайшоў яшчэ адзін суд. У выніку палітвязьню ўзмацнілі пакараньне і адправілі ў крытую турму № 1 Горадні.

Натальля Таран

Мае 75 гадоў, была асуджаная за камэнтары ў сацсетках на тры з паловай гады. Мае шэраг хранічных захворваньняў.

Ірына Мельхер

Асуджаная на 17 гадоў калёніі ў «справе Аўтуховіча», мае 69 гадоў. Перанесла гіпэртанічны крыз, мае праблемы з сэрцам, нэрвамі, ныркамі.

Галіна Дзербыш

Яшчэ адна асуджаная ў «справе Аўтуховіча», атрымала 20 гадоў калёніі. Галіне 62 гады, яна мае анкалягічную хваробу, другую групу інваліднасьці, праблемы з сэрцам. У зьняволеньні пагоршыўся стан здароўя.

Уладзімер Гундар

Гундару 63. Яму прысудзілі 18 гадоў калёніі ў «справе Аўтуховіча». Уладзімер мае інваліднасьць другой групы, у яго адна нага. Вядома, што ў Гундара падвышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.

Васіль Дземідовіч

72 гады, асуджаны на 7 гадоў калёніі. Улады ўключылі Дземідовіча ў «сьпіс тэрарыстаў». Мае праблемы са здароўем.

Ала Зуева

Мае 62 гады. Зуеву асудзілі за камэнтары на 2 гады і 6 месяцаў калёніі. У яе лейкоз, праблемы са сьпінай, панічныя атакі.

Генрых Акалатовіч

Каталіцкі сьвятар, знаходзіцца пад сьледзтвам. Перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена апэрацыя на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем. Ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў. Акалатовічу споўнілася 70.

Андрэй Войніч

Атрымаў 7 гадоў калёніі. Адбывае тэрмін у магілёўскай калёніі № 15. Паводле сваякоў, ён сьмяротна хворы. Мае цыроз печані, цукровы дыябэт, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр, мноства ўскладненьняў. Да арышту Войніч штомесяц наведваў трансплянтоляга, рыхтаваўся да перасадкі печані. За кратамі 43-гадовы палітвязень пазбаўлены перадач і спатканьняў.

Аляксандар Фядута

59 гадоў, атрымаў 10-гадовы тэрмін. Мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам — вострую сардэчную недастатковасьць, здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі.

Уладзімер Малахоўскі

Атрымаў 3,5 года зьняволеньня. Мае інваліднасьць трэцяй групы, пакутуе на анкалягічную хваробу, да затрыманьня прайшоў чатыры курсы хіміятэрапіі.

Яўген Бурло

Бубнач гурту Tor Band. Атрымаў на судзе 8 гадоў зьняволеньня. Прысуд выслухаў на мыліцах, бо ня мог стаяць. У яго нэкроз тазасьцегнавых суставаў, неабходна апэрацыя. У СІЗА ў Бурло было падазрэньне на анкалягічную хваробу.

Ксенія Луцкіна

Журналістка, атрымала тэрмін 8 гадоў калёніі. Мае пухліну ў галаўным мозгу, якая расьце і правакуе цяжкія болі, Ксенія пастаянна прымае абязбольвальныя сродкі. Па словах блізкіх, Луцкіной патрэбна кансультацыя профільных спэцыялістаў, доступу да якіх няма.

Руслан Слуцкі

Рэйкавы партызан, асуджаны на 11 гадоў калёніі. Мае пухліну галаўнога мозгу, моцныя болі ў сьпіне. Перахварэў на запаленьне лёгкіх.

Сьцяпан Латыпаў

Асуджаны на 8,5 года калёніі. Суд Івацэвіцкага раёну перавёў Латыпава на турэмны рэжым адбываньня пакараньня на 2 гады. Палітвязьня этапавалі ў магілёўскую турму № 4.

У лютым 2024 году стала вядома, што Сьцяпан Латыпаў захварэў на цынгу. Цынга бывае ад нястачы вітаміну С. Пры адсутнасьці вітаміну яна можа разьвіцца за чатыры тыдні, пры недахопе — за чатыры месяцы. На фоне зьніжэньня імунітэту характарызуецца ломкасьцю сасудаў, кроватачывасьцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.

Гэта зусім ня поўны сьпіс хворых палітвязьняў. Пра многіх людзей ня маюць інфармацыі нават блізкія. Шмат хто пазбаўлены спатканьняў і іншай сувязі з вонкавым сьветам. Пра многіх палітзьняволеных сваякі баяцца даваць інфармацыю ў СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG