Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская міліцыя перайшла на ўзмоцнены перад выбарамі парадак нясеньня службы


Іван Кубракоў. Архіўнае фота
Іван Кубракоў. Архіўнае фота

У Міністэрстве ўнутраных спраў Белаурсі падчас выбараў будзе дзейнічаць апэратыўна-сытуацыйны штаб, паведаміў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў у эфіры праграмы «Тыдзень» на тэлеканале СТБ 18 лютага.

20 лютага ў Беларусі пачнецца так званае датэрміновае галасавньне да выбараў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў 25 лютага, якое назіральнікі называюць адной з крыніц масавых фальсыфікацый.

З гэтай нагоды МУС перавяла сілавікоў на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы.

«У выпадку нейкіх надзвычайных сытуацый я непасрэдна буду дакладаць кіраўніку дзяржавы», — заявіў Іван Кубракоў.

«Сёньня ўвесь горад Менск цалкам практычна знаходзіцца пад відэаназіраньнем», — дадаў ён.

Паводле яго, выява з камэр назіраньня на аб’ектах з выбарчымі ўчасткамі «будзе выведзена» ў гэты штаб.

Створаны «спэцыяльныя працоўныя месцы для супрацоўнікаў [міліцыі], якія будуць кантраляваць толькі выбарчыя ўчасткі», сказаў кіраўнік МУС.

«Мы ўводзім уводныя такія, да якіх супрацоўнікі недзе не гатовыя. Бо прадбачыць, што можа адбыцца... Мы ня ведаем. Мы бачылі 2020 год. Былі такія варыянты, дзе мы нават не маглі падумаць, што, напрыклад, напад можа быць на выбарчую камісію, на супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», — заявіў Іван Кубракоў.

Паводле яго, сыстэма МУС «робіць усё для таго, каб не было ўзьдзеяньня як на чальцоў выбарчых камісій, на старшынь участковых камісій, так і на іх сем’і»:

«Таму што мы памятаем 2020 год, калі спрабавалі пагражаць сем’ям, дзецям, ня грэбавалі нічым».

Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандар Купчэня заявіў аб магчымым прыцягненьні на выбарчыя ўчасткі мабільных груп хуткага рэагаваньня «з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і спэцпадраздзяленьняў у поўным рыштунку, узброеных аўтаматычнай зброяй».

Яны будуць працаваць у Менску, абласных і раённых цэнтрах, удакладніў Купчэня.

Раней паведамлялася, што з 19 лютага (за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня) асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў будзе пераведзены на «ўзмоцнены варыянт службы», які прадугледжвае кругласутачнае дзяжурства на ўсіх выбарчых участках.

Сёлета ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.

На 110 месцаў у ПП НС восьмага скліканьня прэтэндуе 265 кандыдатаў, на 12.512 месцаў у мясцовых саветах дэпутатаў — 18.802. Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна. Сярод кандыдатаў няма супернікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі, у гэтым актыўна ўдзельнічае судовая сыстэма.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG