Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пачаў спэцыяльнае вядзеньне адносна Франака Вячоркі. Яму закідаюць дзевяць крымінальных артыкулаў


Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская падчас інтэрвію Радыё Свабода, 25 кастрычніка 2023 году, Вільня.
Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская падчас інтэрвію Радыё Свабода, 25 кастрычніка 2023 году, Вільня.

У Тэлеграм-канале Сьледчага камітэту зьявілася паведамленьне аб завядзеньні адносна галоўнага дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франака Вячоркі спэцыяльнага вядзеньня.

Сьцьвярджаецца, што справа заведзеная паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  1. здрада дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК);
  2. змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК);
  3. публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады (ч.3 арт. 361 КК);
  4. дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК);
  5. стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем, у тым ліку паўторна (ч.1, 2 арт. 361-1 КК);
  6. распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  7. арганізацыя масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК);
  8. арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК);
  9. паклёп на Аляксандра Лукашэнку (ч.2 арт.367 КК).

«Калі рэжым цябе атакуе — значыць, ты ўсё робіш правільна. Мне прасьцей, бо сваімі лапамі да мяне ім не дабрацца. Балюча за тых, хто атрымлівае рэальныя тэрміны і каго цяпер катуюць і фізычна зьнішчаюць у турмах. Вось пра іх мы павінны ў першую чаргу думаць і за іх змагацца», — заявіў Франак Вячорка, камэнтуючы для агенцтва «Позірк» завядзеньне спэцыяльнай вытворчасьці.

15 лютага ў Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі выракі ў крымінальнай справе, заведзенай супраць актывістаў ByPol, арганізацыі былых сілавікоў, якія перайшлі ў апазыцыю да Лукашэнкі, а таксама «Сытуацыйна-аналітычнага цэнтру» і «Мабілізацыйнага пляну „Перамога“».

Як паведамляе дзяржаўнае агентцва «БелТА», Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў зьняволеньня. Мацьвею Купрэйчыку, Уладзімеру Жыхару і Ігару Лобану — па 12 гадоў, Андрэю Астаповічу — 11 гадоў.

Судзьдзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам «справы BYPOL» таксама штрафаў амаль на 350 000 эўра.

Аляксандр Азараў мае выплаціць 400 000 рублёў, Мацьвей Купрэйчык — 220 000 рублёў, Уладзімір Жыгар, Ігар Лобан, Андрэй Астаповіч — па 200 000 рублёў, Алег Талерчык — 40 000 рублёў. Агулам 1 262 000 беларускіх рублёў (амаль 364 тысячы эўра).

Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG