Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як Расея шукала шлях «замарозіць» вайну ва Ўкраіне. Выведкі пераконваюць, што Пуціну верыць нельга

абноўлена

Расея амаль два гады пераважна абстрэльвае цывільны сэктар Украіны. Дніпро, 14 студзеня 2023
Расея амаль два гады пераважна абстрэльвае цывільны сэктар Украіны. Дніпро, 14 студзеня 2023

Пуцін спрабаваў зьвязацца з ЗША праз пасярэднікаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у канцы 2023-га – пачатку 2024 году праз пасярэднікаў зьвяртаўся да ЗША зь ініцыятывай «замарозіць» вайну ва Ўкраіне.

Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на тры расейскія крыніцы, двухбаковых кантактаў не адбылося, паколькі Вашынгтон адмовіўся ад перамоў з Расеяй без удзелу Ўкраіны.

Расейскія крыніцы сьцьвярджалі, што Пуцін нібыта спрабаваў зьвязацца з ЗША праз пасярэднікаў, сустрэча якіх адбылася ў канцы 2023 году ў Турэччыне. Расея прапаноўвала «замарозіць» вайну безь вяртаньня Ўкраіне акупаванай тэрыторыі.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, потым гэтую ініцыятыву нібыта абмяркоўвалі дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван, дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Сьцьвярджаюць, што плянавалася размова Салівана з дарадцам Пуціна ў замежнай палітыцы Юрыем Ушаковым, аднак яна не адбылася з прычыны адсутнасьці прадстаўнікоў Украіны.

Пазьней у камэнтары расейскім СМІ Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэыздэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, зьняпраўдзіў інфармацыю аб ініцыятыве «замарозіць» вайну ва Ўкраіне.

«Не, гэта няпраўда», — працытавала Пяскова расейскае агенцтва РБК.

У выведцы Эстоніі мяркуюць, што Расеі верыць нельга

Кіраўнік Дэпартамэнту замежнай выведкі Эстоніі Каўпа Росін мяркуе, што Расея спрабуе распаўсюдзіць на Захадзе чуткі аб магчымым «замірэньні» з Украінай, хоць насамрэч разглядае гэтую вайну як працяглую.

«Мы жывём побач зь вельмі злой дзяржавай, якая вядзе заваявальную вайну супраць свайго суседа і чые амбіцыі большыя, чым толькі гэтая краіна, Украіна, і чые амбіцыі таксама накіраваныя на зьмену ўсяго эўрапейскага парадку бясьпекі.

Апошнія два гады мы бачым, як ідзе вайна. На шчасьце, мэты не дасягнутыя, але мы бачым, што гэтыя мэты — палітычнае і ваеннае заняволеньне Ўкраіны — не зьмяніліся», — сказаў Каўпа Росін у эфіры тэлеканалу ETV, паведаміла выданьне Err.ee.

Паводле яго, Расея рыхтуецца да працяглай вайны.

«Расея разглядае як адзін з фактараў рызыкі для сябе падтрыманьне Ўкраіны з боку Захаду, таму адзін з кірункаў яе дзеяньняў — падарваць і, пажадана, спыніць дапамогу Захаду. Мы бачым, што ёсьць розныя людзі, якімі Расея спрабуе маніпуляваць як інфармацыйнымі агентамі або агентамі ўплыву на Захадзе, і гэты наратыў аб міры — вельмі распаўсюджаная тэма, якую прасоўваюць. Пра гэта Захаду расказваюць розныя расейскія аналітыкі, якія яшчэ могуць падарожнічаць, акадэмікі і гэтак далей. Такіх размоў пра мір вельмі шмат», — дадаў ён.

Каўпа Росін мяркуе, што заходняму грамадзтву гэтыя размовы вельмі падабаюцца, але ім нельга верыць.

«Ня варта падманвацца гэтым тэрмінам ці нечым падобным. У любым выпадку Крэмль разглядае гэты канфлікт з Украінай як доўгатэрміновы. Невялікае замірэньне, якое нібыта замарозіць гэты канфлікт, яго не завершыць. Гэта дасьць Расеі час сабраць моц, а потым вайна прадоўжыцца. Такія размовы пра мір — гэта, хутчэй, тое, пра што можна размаўляць з Захадам. Паводле расейцаў, заходняе грамадзтва вельмі адчувальнае да такога кшталту размоў», — патлумачыў кіраўнік выведкі Эстоніі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG