Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Сырскі: 10 фактаў пра новага галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны


Аляксандар Сырскі на пазыцыях украінскіх войскаў каля Кіева, 29 сакавіка 2022
Аляксандар Сырскі на пазыцыях украінскіх войскаў каля Кіева, 29 сакавіка 2022

8 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прызначыў новым галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі генэрал-палкоўніка Аляксандра Сырскага.

Сёньня Сырскі заявіў пра «новыя задачы» камандаваньня пасьля прызначэньня на пасаду галоўнакамандуючага і падзякаваў вайскоўцам, зь якімі ён служыў у сухапутных войсках і ў Хорціцкай апэратыўна-стратэгічнай групоўцы.

Сярод новых задачаў ён назваў «дакладнае і дэталёвае плянаваньне дзеяньняў усіх органаў вайсковага кіраваньня» з улікам патрэбаў фронту ў найноўшых узбраеньнях ад партнэраў Украіны.

«Жыцьцё і здароўе вайскоўцаў заўсёды былі і ёсьць галоўнай каштоўнасьцю ўкраінскай арміі. Таму захаваньне балянсу паміж выкананьнем баявых задач і аднаўленьнем частак і падразьдзяленьняў з актывізацыяй падрыхтоўкі асабовага складу застаецца як ніколі актуальным», — падкрэсьліў Сырскі.

Што вядома пра Сырскага?

Прызначаючы Сырскага галоўнакамандуючым, Зяленскі назваў яго «самым дасьведчаным украінскім камандзірам», які «мае пасьпяховы вопыт абароны — правёў Кіеўскую абарончую апэрацыю» і «пасьпяховы вопыт наступу — вызваленчую апэрацыю на Харкаўшчыне».

Да прызначэньня на вышэйшую вайсковую пасаду Ўкраіны 58-гадовы Сырскі з 2019 году камандаваў Сухапутнымі войскамі Ўзброеных сілаў Украіны.

«Голас Амэрыкі» сабраў 10 важных фактаў біяграфіі новага галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны:

1. Узрост і месца нараджэньня.

Сырскаму 58 гадоў, ён нарадзіўся ва Ўладзімірскай вобласьці Расеі.

2. Адукацыя і першая пасада

У 1986 годзе Сырскі скончыў Маскоўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню. Служыў ва Ўкраінскай ССР, дзе застаўся пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны. Скончыў Нацыянальную акадэмію абароны Ўкраіны. Камандаваў 72-й мэханізаванай брыгадай у Белай Царкве.

3. Кірунак супрацоўніцтва з NATO

Да пачатку справакаваных Расеяй баявых дзеяньняў на Данбасе Сырскі быў намесьнікам начальніка Галоўнага каманднага цэнтру Ўзброеных сілаў Украіны і кіраваў напрамкам супрацоўніцтва з NATO. У прыватнасьці, ён удзельнічаў у рэалізацыі зьменаў ва ўкраінскай арміі ў адпаведнасьці са стандартамі NATO.

4. Дэбальцаўскі кацёл

Узімку 2015 году Сырскі быў адным з галоўных камандуючых Антытэрарыстычнай апэрацыяй (АТА) падчас баёў за Дэбальцава, калі ўкраінскія войскі трапілі ў акружэньне.

Паводле СМІ, Сырскі быў узнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага за апэрацыю вываду войскаў з катла. У той жа час частка байцоў АТА, удзельнікаў баёў за Дэбальцава, заявіла, што камандаваньне Сырскага стала адной з прычын утварэньня Дэбальцаўскага катла.

5. Кіраваньне Апэрацыяй аб’яднаных сілаў

З 2016 году Сырскі ўзначальваў Абʼяднаны апэратыўны штаб па супрацьдзеяньні расейскім войскам на ўсходзе Ўкраіны, у 2017 годзе ўзначаліў штаб АТА, у 2019 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў яго кіраўніком Апэрацыі абʼяднаных сілаў.

6. Абарона Кіева

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году Сырскі адказваў за абарону Кіева. У красавіку 2022 году прэзыдэнт Зяленскі прысвоіў яму званьне Героя Ўкраіны з уручэньнем ордэна «Залатая Зорка» «за асабістую мужнасьць, значны ўнёсак у абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

7. Контранаступ у Харкаўскай вобласьці

Сярод найвялікшых перамогаў Сырскага называюць маланкавы контранаступ Узброеных сілаў Украіны ў Харкаўскай вобласьці ў ліпені 2022 году.

8. Баі за Бахмут

Паводле СМІ, Сырскі настойваў на працягу абароны Бахмуту ў 2023 годзе. Хоць тады кіраўнік Узброеных сілаў Валеры Залужны і заходнія саюзьнікі нібыта раілі засяродзіцца на прарыве на поўдні, а не раскідаць сілы на ўсходнім кірунку. Наступальны бой пад Бахмутам, дзе загінулі тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў, Сырскі назваў «справай прынцыпу і гонару», піша ВВС.

9. Студзень 2024 году: мэты Ўзброеных сілаў застаюцца нязьменнымі

У студзені 2024 году ў інтэрвію Reuters Сырскі заявіў, што мэты Ўзброеных сілаў «застаюцца нязьменнымі: утрыманьне нашых пазыцыяў, нашых тэрыторыяў, зьнясільваньне праціўніка, нанясеньне максымальных стратаў, вядзеньне актыўнай абароны, перахоп ініцыятывы». Ён таксама заявіў, што «той, хто валодае большай колькасьцю высокатэхналягічнай зброі, будзе мець шанец на перамогу».

10. Сямʼя

У Сырскага жонка і двое дзяцей. Ён расказаў заходнім СМІ, што сьпіць чатыры гадзіны ў суткі і здымае напружаньне дзякуючы спорту.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG