Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Бацюкоў: «Прыйдзе ўсё, што ва ўсіх на чужыне прыходзіць — дэпрэсія, туга, апатыя»


Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

Былы дырэктар Музэю гісторыі Магілёва, знаны краязнаўца і літаратар Аляксей Бацюкоў пасьля неаднаразовага зьняволеньня за свае погляды змушаны быў пакінуць Беларусь. Пагаварылі зь ім пра арттэрапію на эміграцыі, жыцьцядайную сілу роднай зямлі ды фатаздымкі незавершаных дома твораў.

— Беларускія (і ня толькі) мэдыя не пакідаюць апошнім часам вашу асобу без увагі. Але пераважна іх інтарэс датычыць вашай грамадзка-палітычнай пазыцыі і перасьледу вас за яе ўладамі. Гэта балючая і драматычная старонка ў жыцьцяпісах многіх сучасных публічных пэрсонаў. За кадрам жа амаль у кожным выпадку застаецца шматграннасьць такіх людзей, іх навуковая, інтэлектуальная, творчая сутнасьць. Скажыце, як вы ўспрымаеце такі аднабаковы мэдыйны інтарэс да вас і іншых беларусаў, якія трапілі ў падобныя жыцьцёвыя варункі?

— Я думаю, што гэта абсалютна нармальная і натуральная зьява, бо ў мэдыя працуе свой альгарытм інфармаваньня, які не прадугледжвае якраз шматграннасьці. Шматграннасьць перагружае матэрыял, і рэсурс элемэнтарна губляе чытача. Коратка, трапна, па сутнасьці — гэты фармат цалкам апраўданы ў сучасным інфаполі. Прызнацца, я буду нават зьдзіўлены, калі раптам выявіцца, што большасьць чытачоў матэрыялаў пра такіх асобаў, як я, заходзілі ў рэпартажах далей за загалоўкі.

«У нас такі тонкі культурны слой, што любая асоба, занятая чым-небудзь публічна, становіцца мэдыйнай»

— Энцыкляпэдыі называюць вас пісьменьнікам, эсэістам і журналістам. «Наша Ніва» абвяшчае вас самым пасьпяховым мэнэджарам культуры, а сябры-паплечнікі лічаць вас легендай магілёўскага краязнаўства. А яшчэ ж вы філёзаф. То кім вы самі сябе ўсьведамляеце цяпер?

— Найперш, хацелася б падзякаваць за такія камплімэнтарныя ацэнкі, і я ня ўпэўнены, што цалкам іх заслугоўваю. Вы казалі вышэй пра шматграннасьць, але мне здаецца, што гэта, на жаль, ніякая не заслуга ў нашым грамадзтве. У нас такі тонкі культурны слой, што любая асоба, занятая чым-небудзь публічна, становіцца мэдыйнай і атрымлівае ацэнкі ці характарыстыкі, падобныя тым, што вы назвалі.

Як па мне, то дзеля таго, каб чалавек па-сапраўднаму рэалізаваўся, яму дастаткова адной інкарнацыі, адной жыцьцёвай ролі, але выкананай добра. Вы ўзгадалі маю філязофскую адукацыю (гэта менавіта адукацыя, я думаю), але сам я, прызнацца, заўсёды ўспрымаў гэта як дапаможны навык, неабходны дзеля таго, каб шырэй и ясьней глядзець на сьвет. Мэтадалягічна, сьветапоглядна філязофія — гэта бясцэнная і ўнікальная навука.

— А якой з вашых некалькіх навуковых і творчых іпастасяў пашанцавала найбольш? І чаму вы аддалі ёй перавагу перад астатнімі? Чым яе пацешылі апошнім часам?

— Напэўна, навукай усё ж я крыху больш змог займацца апошнім часам. Мне пашчасьціла атрымаць некалькі замоваў, і незадоўга да таго, як пакінуць Беларусь, я некалькі месяцаў працаваў у архівах — у Магілёўскім абласным архіве і Нацыянальным гістарычным у Менску. Дасьледаваньні, на жаль, прыйшлося спыніць на самым цікавым месцы, але пэўных посьпехаў я здолеў дасягнуць. Напрыклад, маёй задачай было высьветліць гісторыю аднаго — нават не будынку, а часткі будынку — памяшканьня ў гістарычным цэнтры Магілёва. Я выкарыстоўваў мэтад суцэльнай вычыткі дакумэнтаў, і ў нечаканых месцах удалося знайсьці водгалас падзей, што адбываліся ў тым самым памяшканьні, якое мне было патрэбна. Раней я мала працаваў у архівах, цяпер жа гэта мяне цалкам захапіла.

«Як пачаў рабіць канкрэтныя тэксты, то выявілася, што пішу іх ужо як галодны»

— У інтэрнэце можна знайсьці багата вашых літаратурных твораў, якія публікаваліся даволі рэгулярна на старонках «Нашай Нівы» і «ARCHE». Тое было ў 2010-х, так? Ці азначае гэта, што ў апошнія гады вам не пісалася?

— Так, апошнім часам я вельмі мала пісаў. Большасьць маіх тэкстаў прыходзіцца нават не на 2010-я, а на 2000-я гады, здаецца. Потым настаў такі момант, калі я адчуў, што мне мала што ёсьць сказаць. Я ня стаў спрабаваць пераадолець гэта, а проста вырашыў пачакаць, калі зноўку захочацца гаварыць празь літаратуру.

Мне здаецца, што творчасьць наогул бярэцца зь нявыказанасьці, якае цябе трывожыць. Вось мяне пэўны час не трывожыла. Напэўна, гэта ад непрафэсіяналізму, бо сапраўды адказны творца будзе такую пазыцыю ўспрымаць як нейкае манернічаньне. Трэба прымушаць сябе працаваць — зараз я разумею. Таму, калі ў сярэдзіне 2010-х зьявіўся часопіс «Наша гісторыя», то я стаў пісаць туды, каб не прастойваць, напэўна. А як пачаў рабіць канкрэтныя тэксты, то выявілася, што пішу іх ужо як галодны. Гэта было ўсяго некалькі артыкулаў, але яны вярнулі мне смак творчасьці.

— Як вы ставіцеся да сьцьверджаньня, што для творчага чалавека згубна чакаць лепшых часоў, бо найлепшы зь іх — вось тут і цяпер?

— Цалкам згодны. Калі ты знайшоў свой стыль, свой мэтад, то ты павінен працаваць і працаваць. А калі не знайшоў — тым больш трэба працаваць, каб знайсьці. Я гэта кажу вам, а сам так не раблю, здаецца, толькі ўсё пляную. Ну, альбо зусім крышачку раблю. Але я ўжо выпраўляюся.

«Я ўспрымаю сваю адсутнасьць на радзіме як творчую камандзіроўку. Пакуль што»

— Вось тут і цяпер вы змушаныя быць далёка ад роднае зямлі, якая, як лічыцца, дае творчыя сілы. Ці адчуваеце слушнасьць гэтае тэзы?

— Не, пакуль не адчуваю. І наогул, думаю, мала значэньня мае тое, дзе ты ёсьць — для творцы. Для творцы наогул лепей быць недзе па-за ўсім. Гэта мэдытатыўны працэс. Пагружацца ў штодзённасьць трэба, канечне, але для гэтага не абавязкова, нават лішне будзе яе пераядаць. Але ж, безумоўна, ёсьць і такія творцы, мэтад якіх — гэта поўнае пагружэньне. Я ня ведаю, як у іх што адбываецца, калі наступае падобны разрыў. Для мяне няма такой праблемы, таму што мае літаратурныя практыкі заўсёды былі заснаваныя больш на фантазіі і ўяўленьні.

Зьвярніце ўвагу, што літаратарам часта прапануюць творчыя летнікі, стыпэндыі ў іншых краінах. А мастакі, напрыклад, ня пішуць свае творы ў сябе дома, яны працуюць у майстэрні. Адзін знаёмы пісьменьнік падзяліўся нядаўна, што яму працаваць лепш за ўсё ноччу, самай раньняй раніцай, калі яшчэ ўсе сьпяць — калі ціха, нішто не турбуе. Таму і я ўспрымаю сваю адсутнасьць на радзіме як творчую камандзіроўку. Пакуль што. Менавіта пакуль што, бо потым, канечне ж, прыйдзе ўсё, што ўва ўсіх на чужыне прыходзіць — дэпрэсія, туга, апатыя. Мне рана пра гэта пакуль гаварыць наагул, я зусім нядаўна выехаў.

«Не магу сабе ўявіць, дзе цяпер можна друкавацца»

— А яшчэ лічыцца, што творчасьць дае магчымасьць не звар’яцець нават у самых змрочных абставінах. Ці згодныя?

— Ня ведаю, прызнацца. Творчасьць — гэта форма тэрапіі, канечне. Адна з самых эфэктыўных, здаецца. Таму, напэўна, так і ёсьць.

— Ці вярнуліся ўжо вы, апынуўшыся ў выгнаньні, да старажытнае гульні са словам і думкай? Можа маеце нешта, каб парадаваць нашых чытачоў?

— Адна з маіх першых просьбаў, пасьля таго як я зьехаў, была просьба да маіх блізкіх, каб сфатаграфавалі чарнавік апавяданьня, над якім я быў пачаў працаваць у Беларусі, і выслалі мне. У мяне не атрымалася забраць блякнот з сабой. Я апошнім часам зноўку стаў асадкай пісаць, было прыемна. Гэта караценькі і вельмі просты твор, але мне вельмі хочацца яго завяршыць. Гісторыя, якая там ёсьць, мяне не адпускае, так што абавязкова дапішу. Крыху настальгічная рэч, крыху сумная.

Іншая справа, што часам я не магу сабе ўявіць, дзе цяпер можна друкавацца? Што чытаюць, што існуе зараз, якія выданьні? Магчыма, гэта ня вельмі важна. Былі б добрыя творы. Але літаратурны працэс павінен адбывацца на нейкіх плятформах, я ўпэўнены. Вось іх я цяпер не сустракаю. Можа, я проста не заўважыў.

Выдаваць адразу цэлую кнігу, думаю, гэта крыху заўчасна. Тэксты павінны зьяўляцца кожны дзень, яны павінны быць розныя і стылёва, і па фармаце, яны павінны быць дасягальныя для аўдыторыі. Неяк вось так вось. Вельмі шмат усяго я хачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG