Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішні дылер МТЗ ва Ўкраіне прадаў беларускія трактары ў Грузію, а цяпер ня можа атрымаць за іх грошы


Прадукцыя МТЗ на выстаўцы BELAGRO ў Менску ў чэрвені 2019 году. Ілюстрацыйнае фота
Прадукцыя МТЗ на выстаўцы BELAGRO ў Менску ў чэрвені 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

Пэўна, справа ў санкцыях.

Украінская ТАА «Сучасні вантажівки», якая да пачатку вайны была афіцыйным дылерам беларускіх заводаў МАЗ і МТЗ, прадала беларускія трактары грузінскай кампаніі Agroinvestservice LLC, але ня можа атрымаць за іх грошы.

Цяпер украінская кампанія спрабуе праз суд арыштаваць рахункі грузінскага прадпрыемства і ўжо перададзеныя ў верасьні 2023 году ў межах кантракту чатыры трактары Менскага трактарнага заводу.

Як сьцьвярджаюць у ТАА «Сучасні вантажівки», яны вымушаны былі паставіць першую партыю прадукцыю ў Грузію без атрыманьня авансу, паколькі «банкаўскія ўстановы Грузіі адмаўляюцца ажыцьцяўляць за межы краіны плацяжы за тавары, якія паходзяць з Рэспублікі Беларусь безь фізычнай пастаўкі іх на грузінскую тэрыторыю».

З агульнай вартасьці кантракту ў 80 тысяч даляраў украінская кампанія атрымала толькі 10 тысяч даляраў. Пасьля гэтага кіраўніцтва грузінскай кампаніі «перастала адказваць на тэлефонныя званкі, зьмянілі нумары тэлефонаў, а электронныя лісты вяртаюцца з паведамленьнем паштовага сэрвэру аб немагчымасьці іх даставіць».

Украінскі пастаўшчык таксама сьцьвярджае, што грузінская Agroinvestservice LLC ужо пасьпела перапрадаць два трактары.

Цяпер ТАА «Сучасні вантажівки» зьвярнулася па дапамогу ў Міжнародны камэрцыйны арбітражны суд пры гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны і з пазовам ва ўкраінскі суд. Кампанія патрабуе поўнай аплаты за пастаўленыя беларускія трактары і амаль 30 тысяч даляраў так званай «няўстойкі».

Эўрапейскі зьвяз, а таксама ўрады ЗША, Японіі і Канады ўвялі шэраг санкцый супраць беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і банкаў пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Новыя санкцыі ўвялі пасьля падтрыманьня ўладамі Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Як беларускія трактары зьявіліся ва ўкраінскай кампаніі

Украінскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сучасні вантажівки» працягвала пастаўляць ва Ўкраіну прадукцыю Менскага трактарнага заводу (МТЗ) пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка.

У верасьні 2022 году генэральны дырэктар кампаніі Сяргей Кабылінскі паведаміў Свабодзе, што пастаўкі пасьля вайны адбываліся ў межах кантракту, падпісанага зь Менскім трактарным заводам у 2021 годзе.

«Ва Ўкраіну ўвозіцца прадукцыя, набытая паводле кантрактаў 2021 году. Вытворца змог вырабіць і паставіць яе толькі ў студзені–красавіку 2022 году. Улічваючы актыўныя баявыя дзеяньні і адсутнасьці лягістыкі між Беларусьсю і Ўкраінай, уся тэхніка ў гэты пэрыяд была вывезена ў свабодную мытную зону на тэрыторыі Польшчы», — патлумачыў тады Сяргей Кабылінскі ў адказ на запыт Свабоды.

Кіраўнік ТАА «Сучасні вантажівки» падкрэсьліў, што пасьля выкананьня гэтых паставак супрацу з МТЗ спынілі. Кампанія ўдзельнічала ў конкурсах на пастаўку тэхнікі ўкраінскім дзяржаўным прадпрыемствам, але цяпер ва Ўкраіне забаронена купляць за бюджэтныя грошы беларускую аўтамабільную і спэцыялізаваную тэхніку. Таму кампанія вымушана шукаць іншыя рынкі збыту набытай прадукцыі.

Што вядома пра ўкраінскую кампанію

Кампанія «Сучасні вантажівки» (гандлёвая марка «АВТЕК». — РС) зарэгістраваная ў ліпені 2008 году. Яна займаецца продажам грузавой, пасажырскай і спэцыяльнай тэхнікі і зьяўляецца афіцыйным дыстрыб’ютарам Ford Trucks і афіцыйным дылерам Rasco, Kassbohrer, Hidro-Mak, Erdemli.

Доўгі час кампанія была афіцыйным дылерам беларускіх заводаў МАЗ і МТЗ. У структуры кампаніі быў створаны нават асобны аддзел мэнэджараў у продажы тэхнікі Менскага трактарнага заводу.

Менавіта ТАА «Сучасні вантажівки» ў чэрвені 2021 году выйграла тэндэр на пастаўку беларускіх аўтобусаў у Мікалаеў, але тады вынікі гэтага конкурсу скасавалі праз увядзеньне эўрапейскіх санкцый супраць Менскага аўтамабільнага заводу.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG