Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тата — украінец, жылі на памежжы. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомлі за «здраду дзяржаве»


Гомельскі сьледчы ізалятар, архіўнае фота
Гомельскі сьледчы ізалятар, архіўнае фота

Праваабаронцы паведамілі, што ў гомельскім СІЗА па падазрэньні ў «здрадзе дзяржаве» ўтрымліваюць цэлую сям’ю. Расказваем, хто гэтыя людзі.

Пра затрыманьне сям’і Прохаравых стала вядома 28 сьнежня. Падрабязнасьцяў пра іхную справу амаль няма. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх сямейнікаў абвінавачваюць у адным — «здрада дзяржаве».

Як стала вядома Свабодзе, Прохаравы жывуць у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. Яна знаходзіцца ў памежнай зоне, за 15 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і 17 — ад вёскі Зябраўка, дзе зь зімы 2022 году разьмяшчалася база расейскіх вайскоўцаў. Зь Зябраўкі зь лютага 2022 году рэгулярна выляталі расейскія вайсковыя самалёты і верталёты, адтуль запускалі ракеты па Ўкраіне.

Як паведамілі Свабодзе ў BelPol, старэйшы Прохараў, Васіль Васільевіч 1969 году нараджэньня, — этнічны ўкраінец. Ён нарадзіўся ва ўкраінскім Чарнобылі (Кіеўская вобласьць). Васіль Прохараў часта езьдзіў зь Беларусі ва Ўкраіну. Паводле стану на 2021 год на яго не было распачатых крымінальных спраў. Працаваў Васіль у асноўным у сфэры будаўніцтва, прарабам і майстрам.

Васіль Прохараў
Васіль Прохараў

У 2021 годзе выданьне «Вестник Кавказа» пісала пра яго як пра пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.

Журналіст сустракаўся з Васілём Прохаравым у Маскве, на Міцінскіх могілках — там пахаваныя 28 першых ліквідатараў, якія загінулі пры аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Васіль там быў разам зь сябрам — украінцам, ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Яны ўзгадвалі свайго знаёмага, які загінуў падчас ліквідацыі аварыі і пахаваны ў Маскве.

Пра жонку Васіля, Ларысу, вядома, што яна 1975 году нараджэньня, беларуска, нарадзілася ў Грабаўцы Гомельскага раёну. Там жыла і зарэгістраваная. Раней працавала санітаркай у адным з гомельскіх шпіталяў. З 2008 па 2020 год чатыры разы выяжджала ва Ўкраіну. Да затрыманьня ня мела крымінальных ці адміністрацыйных спраў.

Ларыса Прохарава
Ларыса Прохарава

Іхняя дачка, Анастасія, нарадзілася ў 2000 годзе ў Гомлі. Зарэгістраваная ў Грабаўцы, дзе і бацькі. Вядома, што яна некалькі разоў выяжджала за мяжу, у тым ліку тройчы ва Ўкраіну, з 2008 па 2019 год. Працуе мэдычнай сястрой.

Анастасія Прохарава
Анастасія Прохарава

Сын Прохаравых 1996 году нараджэньня. З 2007 па 2019 год 7 разоў быў за мяжой — ва Ўкраіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсьце.

Жыхара вёскі, якая была пад расейскім кантролем, пасадзілі за «здраду дзяржаве»

У студзені 2023 году жыхару вёскі Зябраўка Яўгену Глушкову прысудзілі 9 гадоў нібыта за «здраду дзяржаве». Рашэньне прыняў Гомельскі абласны суд на закрытым працэсе. Хлопца вінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт. 356) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядаў судзьдзя Алег Харошка. Працэс пачаўся 3 студзеня.

У ноч з 10 на 11 жніўня 2022 году на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт — падарвалі расейскі шматцэлевы радар кіраваньня агнём. Падчас праверкі мясцовых жыхароў у Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрона, а таксама кантакты грамадзян Украіны. Пасьля службы Глушкоў пэўны час жыў там. Ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі.

Ня першыя людзі, зьвязаныя з Украінай і затрыманыя органамі

Беларускія ўлады пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне з асаблівай пільнасьцю ставяцца да грамадзян Украіны ці этнічных украінцаў. У ліпені 2023 году ў Мазыры «зьнікла» жыхарка Чарнігава Натальля Захаранка. Родным удалося высьветліць толькі тое, што яе затрымалі «па лініі КДБ». Што зь ёю цяпер — невядома.

На пачатку ліпеня 2023 году з гомельскага ІЧУ вызвалілі двух украінцаў, затрыманых у траўні па дарозе дадому, у Луганскую вобласьць. Іх пратрымалі каля 2 месяцаў у ізалятары безь ніякіх абвінавачаньняў і забаранілі ім уезд у Беларусь.

19 студзеня ў Віцебску затрымалі ўкраінца Андрэя Шмая. На тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм, дзе Андрэя паказалі як «шпіёна» ці «агента». Як расказалі ў стужцы, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну праз мэсэнджар Signal. Брат Андрэя служыць ва Ўкраіне памежнікам.

У студзені 2023 году ў Кобрыні быў затрыманы 23-гадовы Арцём Макавей, таксама грамадзянін Украіны. Ягоная маці Іна прыяжджала ў Беларусь, каб знайсьці сына. Яна даведалася, што сына абвінавацілі паводле артыкула 358 КК («Агентурная дзейнасьць»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG