Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 сьнежня: У Гомлі за «здраду дзяржаве» затрымалі цэлую сям'ю; ператрус у кіраўніка фонду «Вольная Беларусь»

абноўлена

Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Гомлі за «здраду дзяржаве» затрымалі цэлую сям’ю, паведамляюць праваабаронцы. Бацькі і двое іхных дзяцей знаходзяцца ў гомельскім СІЗА № 3.

Гэта Прохаравы Васіль (будаўнік) і Ларыса (санітарка ў ГГКБ № 3), а таксама іх дзеці Анастасія (мэдсястра ў абласной лякарні) і Павал (работнік будоўлі).

Сям’і ставяць у віну арт. 356 КК РБ («Здрада дзяржаве»). Кожнаму зь іх пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Сілавікі затрымалі менчука за «фэйк аб марадэрстве ПВК „Вагнэр“ у Асіповічах»

«Медиазона» з спасылкай на праўладны тэлеграм-канал паведамляе пра затрыманьне менчука нібыта за распаўсюд «фэйку аб ПВК „Вагнэр“».

На камэру затрыманы кажа, што «распаўсюдзіў заведама лжывую інфармацыю» пра марадэрства і гвалт з боку наймітаў ПВК «Вагнэр» у Асіповічах. У роліку выкарыстоўваюць фатаздымак, як сьцьвярджаецца, «ліпавай заявы» пра дзеяньні байцоў.

Ператрус у доме кіраўніка дабрачыннага фонду

28 сьнежня сілавікі прыйшлі зь ператрусам да Аляксея Францкевіча, кіраўніка дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь». У якасьці панятых запрасілі суседзяў. Зь іх узялі падпіску аб невыдаваньні. Сам Францкевіч цяпер за мяжой.

Пра ператрус паведаміў сам Францкевіч у фэйсбуку.

Фонд «Вольная Беларусь» быў заснаваны ва Ўкраіне. Сваімі мэтамі фонд называе дапамогу Ўкраіне ў дасягненьні перамогі над Расеяй і абарону правоў беларусаў ва Ўкраіне.

Плятформу «Новая Беларусь» і супольнасьць «Лісты Салідарнасьці Беларусь 2020» і прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

КДБ Беларусі 26 сьнежня прызнаў Фэйсбук-супольнасьць «Лісты Салідарнасьці Беларусь 2020» і плятформу «Новая Беларусь» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Адпаведная інфармацыя зьявілася на сайце МУС.

«Экстрэмісткімі» прызнаныя два сайты плятформы «Новая Беларусь», а таксама старонкі ў сацыяльных сетках Twitter, Instagram, Facebook і YouTube-канал. «Экстрэмісцкім» прызнаная і мабільная праграма «Новая Беларусь», даступная для загрузкі ў Google Play і App Store.

КДБ унесла ў сьпіс і людзей, якія маюць дачыненьне да распрацоўкі плятформы «Новая Беларусь» (гэта Яраслаў Ліхачэўскі і Павал Лібер, у дачыненьні да якога СК сёньня пачаў спэцвытворчасьць) і да групы ў фэйсбуку «Лісты Салідарнасьці Беларусь 2020» (Марына Касінерава, Іван Дзяшук, Натальля Малец, Ірына Надвор’ева).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG