Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка беларускіх праваслаўных будзе адзначаць Раство 25 сьнежня, а не 7 студзеня


Адзін з найстарэйшых праваслаўных храмаў Вільні, царква Ўсьпеньня Прачыстай Багародзіцы, заснаваная ў 1346 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Адзін з найстарэйшых праваслаўных храмаў Вільні, царква Ўсьпеньня Прачыстай Багародзіцы, заснаваная ў 1346 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Гэта тычыцца беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага (Сусьветнага) патрыярхату.

Беларуская праваслаўная парафія Вільні, якая адносіцца да Сусьветнага патрыярхату, упершыню будзе адзначаць Каляды паводле новаюльянскага календара — 25 сьнежня, а не 7 студзеня.

Сьвяточную літургію адправяць 24 сьнежня а 21:00 Вільні ў Рэфарматарскай царкве Вільні. А ранішняя сьвяточная служба адбудзецца 25 сьнежня а 10-й у памяшканьні беларускай царквы (Boksto g., 4). Таксама спэцыяльная дзіцячая літургія пройдзе з 11:00 да 11:30 у храме Мікалая Цудатворца на Лукішках.

Беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату зьявілася ў Вільні ў красавіку 2023 году. Тады два сьвятары Беларускай праваслаўнай царквы — протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандар Кухта — з прычыны рэпрэсій зьехалі зь Беларусі і перайшлі ў Сусьветны патрыярхат — гэта значыць пад юрысдыкцыю Канстантынопалю. Пасьля гэтага Беларускі экзархат забараніў іх у служэньні (так называецца забарона праводзіць службы на пэўнай кананічнай тэрыторыі).

16 красавіка сьвятары правялі першае богаслужэньне Беларускай праваслаўнай парафіі Сусьветнага патрыярхату.

Пераход сьвятароў з РПЦ ва Ўсясьветны патрыярхат. Што гэта значыць

Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.

Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.

На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».

Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.

Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.

Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.

РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.

Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG