Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што кіраўніцтва Ўзброеных сілаў Украіны просіць мабілізаваць 450-500 тысяч чалавек


Уладзімір Зяленскі ў часе прэс-канфэрэнцыі.
Уладзімір Зяленскі ў часе прэс-канфэрэнцыі.

У Кіеве адбываецца прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, якая ідзе ў жывой трансьляцыі праз тэле- і ютубканалы.

Сярод іншага, Уладзімір Зяленскі адзначыў:

  • Галоўнае — пачатак працэдуры далучэньня Ўкраіны да ЭЗ;
  • Некалькі сыстэмаў Patriot будуць неўзабаве ў Украіне;
  • Рашэньне аб дадатковай мабілізацыі 450-500 тысяч чалавек, чаго патрабуюць вайскоўцы, не прынятае, патрэбна больш аргумэнтаў;
  • Найважнейшая праблема ў часе баявых дзеяньняў — Украіна не кантралюе неба, таксама не хапае боепрыпасаў;
  • Ніхто ня ведае, ці завершыцца вайна ў 2024 годзе. Прагнозы вельмі часта розьняцца ад рэальнасьці. Цяперашні этап вайны ня ёсьць пачаткам шляху Кіеву да паразы — раней Украіна была ў больш складанай сытуацыі;
  • Зяленскі абверг наяўнасць канфлікту з галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Ўкраіны Валерыем Залужным.

На пытаньне аб тым, ці плянуе ён звольніць Залужнага, прэзыдэнт Украіны адказаў: «Я пляную працаваць, я чакаю ад іх рашэньня па мабілізацыі, я чакаю ад іх рашэньня, каб мы дапамагалі людзям на фронце, я чакаю вельмі канкрэтных рэчаў на поле бою — я хачу бачыць дэталі».

Апошняя выніковая прэс-канфэрэнцыя Зяленскага праходзіла ў гадавіну поўнамаштабнага ўварваньня Расеі — 24 лютага 2023 году, адзначае РБК-Украіна.

Незадоўга да цяперашняй прэс-канфэрэнцыі Зяленскі пабываў у працяглай замежнай паездцы, якая ўключала наведваньне Каба-Вэрдэ, Аргентыны, ЗША і Нарвэгіі. Галоўнай мэтай візытаў была задача дамагчыся далейшай вайсковай і фінансавай дапамогі Ўкраіне з боку заходніх краінаў і пашырыць міжнародную падтрымку Кіева ў яго намаганьнях адбіць расійскую ваенную агрэсію.

Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна пакуль не ўдалося дамагчыся, каб амэрыканскі Кангрэс ухваліў бюджэтны запыт, які ўключае новую дапамогу Ўкраіне на суму больш за 60 мільярдаў даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG