Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цемра не назаўжды. Размова з музыкам і акторам Vinsent’ам


Скрыншот з кліпа Vinsent
Скрыншот з кліпа Vinsent

Беларускі рэпэр і актор Vinsent выдаў кліп «Не заўжды» — аптымістычную песьню пра вяртаньне дадому. Пагаварылі зь ім пра натхненьне на творчасьць пасьля працяглага маўчаньня.

Vinsent (сапраўднае імя Зьміцер Папко) родам зь Івацэвічаў. Скончыў журфак БДУ па спэцыяльнасьці «рэжысура тэлевізіі».

У 2009 годзе выйшаў ягоны дэбютны альбом «Пачатак».

Зьняўся ў галоўнай ролі ў мастацкім фільме «Жыве Беларусь», які ў 2012 годзе паказалі на 65-м Канскім кінафэстывалі. Гэта адзіны беларускамоўны фільм, які ёсьць на Netflix. Пасьля яго выхаду Vinsent зазнаў палітычны перасьлед.

У 2015 годзе сьпявак выпусьціў альбом «Vir». Потым яшчэ пару відэакліпаў, рабіў праект на Радыё Свабода «Цырк за дротам». Але затым зьнік з публічнай прасторы.

«Я ад сябе нікуды ня зьнікаў»

— Вінсэнт, прыкладна з 2010 году вы вельмі хутка сталі папулярным музыкам, акторам, запісвалі кліпы, якія круцілі па дзяржаўнай тэлевізіі, здымаліся ў фільмах, вялі шоў «Цырк за дротам» на Радыё Свабода. А гадоў 6-7 таму зьніклі з публічнай прасторы. І тут прэм’ера кранальнага і аптымістычнага кліпа перад Калядамі. Куды зьнікалі, чаму толькі цяпер аб’явіліся?

— Куды зьнік? Ды я ад сябе нікуды ня зьнікаў. Так, зьнік з публічнай прасторы. Для мяне былі цяжкія часы пасьля 2020 году. Нейкая рэфлексія была, я цяжка ўсё гэта перажываў і нічога не пісалася.

Мая бабуля некалі расказала мне прыпавесьць, сэнс якой такі: цемра — яна не назаўжды, хутка будзе сьвітанак, неўзабаве будзе лепей«. Гэта вывела мяне зь нейкага ступару. Песьня «Не заўжды» напісалася вельмі хутка: і сама мэлёдыя, і прыпеў. І вось зь ёй я вяртаюся. Я проста не люблю балбатаць без справы, а калі ёсьць што паказаць людзям сур’ёзнае, я выходжу зь цемры.

Зоя Белахвосьцік у кліпе «Не заўжды»
Зоя Белахвосьцік у кліпе «Не заўжды»

— У кліпе здымаліся зоркі Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосьцік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева. Як удалося ўгаварыць іх? І хто рэжысэр кліпа?

— Гэта мой першы кліп, які я сам зрэжысаваў. Менавіта я пабачыў гэтую карцінку. А сцэнар напісала Моніка Нэй, вядомая польская фатографка. Яна разумее беларускую мову, разумела, пра што песьня.

Я адразу ўявіў, што менавіта Зоя Белахвосьцік павінна сыграць маму — у мяне нават сумневаў не было! Я патэлефанаваў ёй, яна паслухала песьню і адразу пагадзілася. І ў прынцыпе ўсім, хто ўдзельнічае ў кліпе — акторам, здымачнай камандзе — я спачатку скідваў песьню, казаў: «Калі вам падабаецца, давайце працаваць». І ўсе як адзін пагадзіліся.

— Ці доўга вы працавалі над кліпам?

Гэты кліп мы рабілі цягам двух месяцаў: і запіс песьні, і мастэрынг. Месяц ішла падрыхтоўка да здымак, самі здымкі — два дні ад раніцы да ночы. І яшчэ месяц пайшоў на постпрадакшн. Усё рабілі ў кастрычніку і лістападзе.

Зоя Белахвосьцік — вялікая акторка, я гэта і ёй казаў, і вам кажу: яна для мяне назаўжды будзе прымай Купалаўскага тэатра. Для мяне людзі, якія рэклямуюць гарэлку, адкрываюць урачыста крамы з гарэлкай — гэта ня тыя акторы, якімі павінны ганарыцца беларусы. Беларусы павінны ганарыцца Зояй Белахвосьцік.

Дарэчы, усе акторы — супэрпрафэсіяналы, усе сцэны зьняты з аднаго, максымум з двух дубляў.

Што яшчэ мне хацелася паказаць гэтым кліпам, самой песьняй — што беларусы ўмеюць рабіць прадукт вельмі высокай якасьці, эўрапейскага, сусьветнага ўзроўню — і ў гуку, і ў «карцінцы».

Я вельмі ганаруся нашымі беларускімі людзьмі. Ня толькі творцамі — акторамі, музыкамі, мастакамі. Я ганаруся нашымі журналістамі. Усе рэдакцыі развалілі, я яны за мяжой зарганізаваліся і працягваюць сваю дзейнасьць. Гэта ж ня так проста. За мяжой жыцьцё нялёгкае, тут ніхто не дапамагае. Калі сам сабе не дапаможаш, ніхто не дапаможа. Гэта наша падзяка і падтрымка ўсім беларусам. Гэта наш калядны падарунак ім.

Акторка Валянціна Гарцуева ў кліпе «Не заўжды».
Акторка Валянціна Гарцуева ў кліпе «Не заўжды».

«Журфак быў свабаднейшым за іншыя факультэты»

— Вы вучыліся на спэцыяльнасьці «рэжысэр тэлевізіі». Ці дапамаглі вам веды, атрыманыя на журфаку, пры рэжысуры гэтага кліпу?

— Так, я скончыў «рэжысуру тэлевізіі». Але я ніколі не працаваў па спэцыяльнасьці. Дарэчы, практыкі там амаль не было. Але ж нешта дала адукацыя. Хаця ў наш час адукацыя без самаадукацыі, калі ты сам ня будзеш расьці і працаваць над сабой, нічога ня вартая.

Я вучыўся на журфаку на адным курсе зь вельмі файнымі людзьмі — галоўнымі рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам (вельмі рады, што ён нядаўна выйшаў на свабоду), Адар’яй Гуштын, зь Мікітам Мелказёравым («Жыцьцё-маліна»). Мы зь Ягорам і Мікітам у адной камандзе ў футбол гулялі. Хлопцаў на журфаку было малавата, камандзе фізфаку мы, натуральна, прайгравалі, а вось біяфаку фору маглі даць.

Я ўдзячны не самой адукацыі, не выкладчыкам, а менавіта людзям, зь якімі вучыўся. Вучоба была вясёлая. Франак Вячорка быў старэйшы на курс за нас. Мы арганізоўвалі шмат беларускіх імпрэзаў, канцэртаў на журфаку, там я пачаў выступаць са сваімі песьнямі. Тады адчувалася, што журфак быў свабаднейшым за іншыя факультэты. Бо такім людзям цяжка раты закрыць. Я ўспамінаю студэнцкія часы зь цеплынёй.

Адзіны беларускамоўны фільм на Netflix

— Крыху больш за 10 гадоў назад вы пачалі акторскую кар’еру, і даволі пасьпяховую. Здымаліся ў папулярным моладзевым фільме Андрэя Курэйчыка «Вышэй за неба», потым была галоўная роля ў фільме «Жыве Беларусь», які дэманстраваўся на Канскім кінафэстывалі. Дарэчы, ці трапілі вы на чырвоную дарожку Канаў?

— У Канах я ня быў. Але мы былі на шмат якіх фэстывалях у розных краінах. Я асабіста быў у Чэхіі, Швэцыі, Партугаліі, у Турэччыне, дзесьці яшчэ. Рэжысэр быў у Штатах, Канадзе, Індыі. Гэты фільм разьляцеўся па ўсім сьвеце. Ён дагэтуль ёсьць на Netflix. Дарэчы, «Жыве Беларусь» — адзіны беларускамоўны фільм, які там ёсьць. Я вельмі рады, што пашчасьціла ў ім зьняцца, нягледзячы на рэпрэсіі, якія на мяне потым абрынуліся. Давялося выехаць зь Беларусі пасьля фільма. Працягваў штосьці рабіць з-за мяжы.

Потым я вярнуўся ў Беларусь, калі была лібэралізацыя, выдаў новы альбом «Вір». Але з прэзэнтацыяй была праблема, я трапіў у «чорныя сьпісы» музыкаў. Прэзэнтацыю неяк удалося правесьці на пляцоўцы «Хол» пад Палацам Рэспублікі. Дырэктар дазволіў, сказаў, што пляцоўка і так празь месяц закрываецца. Потым пачаліся забароны адкрытыя, кшталту пажарнай бясьпекі ды іншых прыдумак. Зноў чорная паласа, і я выехаў за мяжу. Пэўны час езьдзіў туды-сюды...

Хочацца ж пісаць не ў шуфлядку, а пісаць і выступаць для беларусаў. А тады беларусы ў Беларусі яшчэ былі, мала было беларусаў па-за межамі краіны. А я быў за мяжой і ня мог ужо ў Беларусь езьдзіць. І знаходзіўся ў такім падвешаным стане. А цяпер сытуацыя іншая — за мяжой ужо шмат беларусаў. Шмат імпрэзаў, канцэртаў адбываецца.У мяне адчуваньне, што ў Варшаве цяпер больш беларускіх падзей, чым у Менску.

Vinsent
Vinsent

«Я б параіў слухаць і падтрымліваць менавіта беларускамоўных артыстаў»

— Вы сочыце за беларускім культурным, музычным жыцьцём Варшавы і Польшчы? Каго можаце адзначыць?

— Мяне не перастае зьдзіўляць Лявон Вольскі, я захапляюся ягонай энэргіяй. Столькі новага матэрыялу, канцэртаў! Для мяне гэта кумір. Усіх ня буду пералічваць, каб кагосьці не пакрыўдзіць. Але я б параіў слухаць і падтрымліваць менавіта беларускамоўных артыстаў, каб захаваць сваю тоеснасьць, нацыянальную адметнасьць.

У маім новым кліпе ёсьць сымбаль: мы перадаём адзін аднаму дэталькі лега, мы не абдымаемся. Маці бачыць гэты знак і разумее, што сын вярнуўся. Сястра дае мне нейкі знак — і я разумею, што гэта пэўны сымбаль.

У нас павінен быць гэты сымбаль. Таму я заўсёды падтрымліваю беларускіх артыстаў. Тых, хто сьпявае па-расейску, я не магу падтрымліваць. Я ня супраць расейцаў. Але яны мяне не цікавяць.

Вось зьявіўся расейскі сэрыял «Слова пацана», які ўсе абмяркоўваюць, незалежна ад таго, глядзеў ці не глядзеў. Я шчыра прызнаюся: я не глядзеў. Мне проста нецікавы сэрыял пра расейскую гапату. Мне шкада часу. У мяне ў чарзе на прагляд процьма прыстойных фільмаў. Да прыкладу, фільм 1945 года «Сустрэча» — прызэр Канскага кінафэстывалю. Мой прыярытэт — сусьветная культура, а не расейская ці зымбабвійская субкультура.

А беларусаў у Беларусі мне шкада, бо там цяпер філіял расейскай папсы. Кормяць беларусаў Бузавымі, «Фактарам-бай». У былы Купалаўскі тэатар набіраюць расейскіх артыстаў і ставяць спэктаклі па-расейску. А сапраўдны Купалаўскі тэатар раздушыў «слон», наступіўшы на творцаў у 2020 годзе.

«Палова ня вернецца, гэта факт»

— Ці можа музыка зарабляць на жыцьцё сваёй творчасьцю?

— Калі займацца беларускай музыкай, гэта вельмі і вельмі цяжка, каб з гэтага жыць. Я пішу музыку, раблю нейкія інструмэнталы на продаж, займаюся гукам, аўдыёдызайнам. Магчыма, у беларускіх музыкаў, якія маюць шмат канцэртаў, неяк атрымліваецца. Гэта, напэўна, адзінкі. Але мы павінны іх падтрымліваць, слухаць сваё. Слухаць сваё. Пакуль мы ў эміграцыі і пакуль мы выжываем.

Дом з кліпу «Не заўжды»
Дом з кліпу «Не заўжды»

— Ці верыце вы, што, як сьпяваеце ў кліпе, «неўзабаве мы вернемся дадому»? Што ў Беларусь вернуцца ўсе людзі, якія вымушаны былі эміграваць з краіны? Дзеці інтэгруюцца, пайшлі ў польскія, літоўскія школы. Ці ня згубім значную частку беларусаў?

— Палова ня вернецца, гэта факт. І гэта ня толькі праблема беларусаў, гэта сусьветная практыка: калі людзі эмігруюць, палова не вяртаецца. Але сэнс майго новага кліпа, яго ідэя — трэба мець магчымасьць вяртацца дадому. Хаця б... Паглядзіце на тую ж Заходнюю Польшчу — шмат народу жыве і працуе ў Нямеччыне. Але на сьвяты — Каляды, Вялікдзень — яны вяртаюцца на радзіму. А мы ўвогуле ня можам вярнуцца дадому.

Прынамсі, на гэтым этапе ня вернуцца. Але з часам — заробяць, будуць мець нейкі капітал, інтэгруюць яго ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG