Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт паведаміў, што з пачатку году ў Менску распачата 18 крымінальных справаў за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»


Паводле Сьледчага камітэту, у 2023 годзе ў Менску былі адкрытыя 18 крымінальных справаў «за зьдзек» зь дзяржаўных сьцяга, герба і гімна.

СК на сваім сайце расказвае, як трое падлеткаў сарвалі і кінулі на зямлю два дзяржаўныя сьцягі, а таксама як мужчына сарваў сьцяг з фасаду аптэкі і схаваў яго ў пад’езьдзе.

Паводле СК, абвінавачаныя «пераважна былі ў стане алькагольнага ап’яненьня і не маглі растлумачыць прычыну сваіх дзеяньняў».

Крымінальныя справы ўва ўсіх згаданых выпадках распачатыя паводле арт. 370 («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») і ч. 1 арт. 339 («Хуліганства») Крымінальнага кодэксу.

Нягледзячы на тры гады рэпрэсіяў, грамадзяне Беларусі дагэтуль зьнішчаюць афіцыйныя дзяржаўныя сьцягі. Праваабаронцы лічаць такія ўчынкі палітычным выказваньнем і пратэстам супраць дыктатуры.

  • 6 сьнежня 2023 году праваабаронцам стала вядома, што 8 верасьня 2023 году ў судзе Першамайскага раёну Менску на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму асудзілі 25-гадовага замежнага грамадзяніна Аляксандра Сьмірнова. Судзьдзя Максім Трусевіч прызнаў яго вінаватым адпаведна ч. 2 арт. 339 («Хуліганства») і арт. 370 («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») Крымінальнага кодэксу Беларусі.
  • 7 сьнежня стала вядома, што суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў пазбаўленьнем волі Аляксандра Кандрацьева адпаведна арт. 370 Крымінальнага кодэксу «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядала судзьдзя Алена Жывіца. Паводле абвінавачаньня, Кандрацьеў увечары 31 ліпеня 2023 схапіў палотнішча дзяржаўнага сьцяга на фасадзе інтэрнату Менскага заводу цывільнай авіяцыі № 407 на вуліцы Чкалава, сарваў яго з мацаваньня, зламаўшы пры гэтым дрэўка, якое ёсьць часткай сьцяга. Скруціў палотнішча сьцяга і забраў з сабой.
  • На 10 лістапада 2023 году вядома пра 187 чалавек, якія «зьневажалі сьцяг». Праваабаронцам Dissidentby вядомыя 187 чалавек, якіх абвінавацілі ў «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў». Толькі двух зь іх асудзілі не на пазбаўленьне ці абмежаваньне волі. Сярод іх ёсьць і падлеткі, і людзі перадпэнсійнага ўзросту, грамадзяне іншых краін, гараджане і вяскоўцы. Падобныя ўчынкі робяць па ўсёй Беларусі. У многіх выпадках, калі верыць матэрыялам справы, людзі былі нападпітку.
  • Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», штотыдзень у судах разглядаюць крымінальныя справы за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі. Звычайна выносяць абвінаваўчыя прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG