Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыю закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла абяцаюць пачаць у І квартале 2024 году


Касьцёл у гонар сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску, Беларусь. Архіўнае фота
Касьцёл у гонар сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску, Беларусь. Архіўнае фота

Летась ноччу 26 верасьня ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены здарыўся пажар. Улады заявілі аб прыпыненьні працы сьвятыні і нікога ўнутр не пусьцілі. Празь некалькі дзён ад моманту здарэньня чыноўнікі пастанавілі забраць Чырвоны касьцёл у вернікаў.

Рэканструкцыю Чырвонага касьцёла ў Менску плянуюць пачаць у I квартале 2024 году, піша БелТА са спасылкай на інфармацыю, агучаную на нарадзе ў мэрыі дырэктарам КУП «Менская спадчына».

Паводле яго, ужо распрацавалі праектную дакумэнтацыю і ў пачатку году плянуюць пачаць работы ў рэканструкцыі ўнутры памяшканьня. Таксама зараз распрацоўваюць праектную дакумэнтацыю для рэканструкцыі касьцёла на Кальварыі.

Усяго на тэрыторыі гістарычнага цэнтру цяпер вядуцца работы на васьмі аб'ектах.

Як паведамлялася, праект рэканструкцыі Чырвонага касьцёла быў запушчаны ў працу 21 лістапада.

Гісторыя Чырвонага касьцёлу:

  • 21 лістапада 1910 году — асьвячэньне касьцёла.
  • 1932 год — савецкія ўлады закрылі касьцёл, перад гэтым разрабавалі.
  • 1941 год — нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі там маліцца.
  • 1945 год — у храме разьмясьцілі кінастудыю «Савецкая Беларусь», зрабілі некалькі прыбудоваў.
  • 1960-я гады — касьцёл маглі ўзарваць, аднак спыніліся на перабудове пад патрэбы Дома кіно.
  • 1986 год — вернікі пачалі дзейнасьць для вяртаньня касьцёла.
  • 16 траўня 1990 году — будынак вярнулі каталікам.
  • 26 жніўня 2020 году — амапаўцы ўзялі Чырвоны касьцёл у аблогу, зачынілі ўнутры дзясяткі вернікаў на 40 хвілін. Падстава — нібыта там хаваліся пратэстоўцы.
  • Ноч 26 верасьня 2022 году — пажар у Чырвоным касьцёле. Улады заявілі аб прыпыненьні працы храма і нікога ўнутр не пусьцілі.
  • 6 кастрычніка 2022 году — стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касьцёл.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам цяпер?

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG