Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ванда Марцінш: «Я і паэткай стала толькі для таго, каб услаўляць Вільню па-беларуску»


Ванда Марцінш. Фота Барыса Гарэцкага.
Ванда Марцінш. Фота Барыса Гарэцкага.

Зьявілася кніга Ванды Марцінш душ Рэйш «Маланкі над Вільняй», выдала яе фундацыя «Камунікат» (Беласток). Гэта беларуска-літоўска-польскі гімн у гонар 700-годзьдзя Вільні. Пагаварылі з паэткай пра яе падарунак любімаму гораду, яго «віленскую» мову і першыя водгукі літоўскіх чытачоў.

«Зрабіць трохмоўную кнігу пра Вільню прыдумаў польскі паэт Аляксандар Сьнежка»

— Як і калі нарадзілася ідэя кнігі вашых вершаў пра Вільню?

— Першай ідэю трохмоўнай кнігі маіх вершаў выказала вядомая літоўская перакладчыца Альма Лапінскене пару гадоў таму, пасьля прэзэнтацыі маёй кнігі «Мора мары». Я тую сваю прэзэнтацыю таксама вырашыла рабіць на трох мовах, і з гэтай мэтай папрасіла Альму Лапінскене перакласьці некалькі вершаў на літоўскую мову, а віленскага польскага паэта Аляксандра Сьнежку — на польскую. А зрабіць гэтую трохмоўную кнігу менавіта пра Вільню і выпусьціць у гонар 700-годзьдзя гораду прыдумаў Аляксандар Сьнежка. Так што гэта сапраўды наш сумесны праект у самым шырокім сэнсе слова.

— Колькі часу ўвасаблялася ў кнігу гэтая ідэя?

— Альма Лапінскене і Аляксандар Сьнежка працавалі па-рознаму. Пан Аляксандар пачаў перакладаць летась зімой. Ён горш ведае беларускую мову, і таму раз на тыдзень тэлефанаваў мне з пытаньнямі. Летам у яго былі іншыя клопаты, таму скончыў ён працу гэтай зімой. Альма Лапінскене выдатна валодае беларускай мовай і пераклала ўсё за гэты чэрвень. Тэхнічныя справы занялі яшчэ пару месяцаў, і кніга пабачыла сьвет якраз перад фэстывалем «Прадмова» ў Вільні, там я і патрымала яе ў руках першы раз.

«Адштурхоўвалася ў першую чаргу ад Анталёгіі беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя пра Вільню»

— Задумаўшы аўтарскую кнігу паэтычных твораў пра Вільню, ці цікавіліся вы тым, што ўжо было створана папярэднікамі пра ваш улюбёны горад?

— Так, вядома, цікавілася. Больш за тое, сёлета тэмай свайго выступу падчас Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ў Гданьску я абрала «Сымбалічнае значэньне Вільні ў беларускай паэзіі». Рыхтуючы даклад на Кангрэс, добра «прасеяла» творы ня толькі па пэрыядах і аўтарах, а нават згрупавала аўтараў па эмацыйнай афарбоўцы вершаў, прасачыла зьмены ў іх эмоцыях і крыху паразважала над магчымымі прычынамі гэтых зьменаў. І, вядома, тут я адштурхоўвалася ў першую чаргу ад Анталёгіі беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя пра Вільню пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца.

«Значную частку вершаў пра Вільню я напісала, яшчэ жывучы ў Шатляндыі, калі вельмі сумавала па родных мясьцінах»

— Ці ўплывалі на вашу творчасьць вершы Максіма Багдановіча, Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Жылкі, Максіма Танка, Алега Мінкіна, Тацяны Сапач і іншыя, якія дваццаць гадоў таму склалі Анталёгію беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя пра Вільню?

— Мяркую, што зусім не паўплывалі — значную частку вершаў пра Вільню я напісала, яшчэ жывучы ў Шатляндыі, калі вельмі сумавала па родных мясьцінах. Другая палова вершаў, ужо калі я вярнулася з эміграцыі, была напісана зь нейкай нагоды. Напрыклад, здымаем тэлевізійную праграму пра Цётку — пішу верш пра Цётку, ідзем на магілу Казімера Сваяка — пішу пра Сваяка, і г.д.

Акрамя Максіма Багдановіча і Максіма Танка, я ня тое што не была знаёмая з творчасьцю пералічаных паэтаў, я доўгі час нават ня ведала пра іх існаваньне.

«Калі кніга гаворыць на розныя галасы, яна гаворыць «па-віленску»

— Чым адрозная ваша кніга ад згаданай Анталёгіі?

— Памерамі. Жартую.

У першую чаргу «віленскасьцю» — прыроджаным шматмоўем. Калі кніга гаворыць на розныя галасы, яна гаворыць «па-віленску». Для мяне гэта ня проста пераклад — гэта маё ўласнае дзяцінства загаварыла да мяне тады яшчэ жывымі, а цяпер ужо, на жаль, страчанымі ў нашых вёсках мовамі.

— А ці ёсьць падобныя кнігі пра Вільню ў літоўскай і польскай паэзіі?

— Шматмоўныя зборнікі паэзіі тут выдаюцца даволі часта, але каб выключна вершаў пра Вільню — ня чула.

«Услаўляць Вільню нам ніколі ніхто тут не перашкаджаў»

— Якія першыя водгукі літоўскіх чытачоў на вашу кнігу? Ці няма ў іх нейкае засьцярогі наконт беларускага паэтычнага ўслаўленьня сталіцы літоўскай дзяржавы? Цяпер, як ведаем, гэтая тэма літоўцамі ўспрымаецца вельмі абвострана.

— Пакуль што пасьпела пазнаёміць з кнігай толькі чытачоў таго мястэчка ў глыбіні літоўскай Дзукіі (адзін зь пяці этнаграфічных раёнаў Літвы), дзе я цяпер жыву, а таксама бліжніх вёсак. Водгукі самыя лепшыя. Лецішча ў гэтым прыгожым кутку набыла мая дачка ўжо больш за 10 гадоў таму, я тады яшчэ жыла за мяжой. Ужо тры гады я жыву тут стала і актыўна ўдзельнічаю ў мясцовым культурным жыцьці — чытаю свае беларускія вершы на шматлікіх імпрэзах. Мае новыя суседзі заўсёды вельмі прыхільна ставіліся да маёй творчасьці, унесьлі мяне ў грунтоўную краязнаўчую кнігу «Асьветнікі Аўкштадварыса», цешацца разам са мной маёй кнізе пра Вільню і чакаюць, калі я выдам зборнік вершаў пра Аўкштадварыс (затрымка толькі за перакладчыкамі). Далейшыя пляны прэзэнтацыі кнігі ў Літве буду ўзгадняць зь перакладчыкамі. Першая такая прэзэнтацыя адбудзецца 25 сьнежня ў Вільні ў Доме нацыянальных супольнасьцей.

Наколькі я ведаю, літоўцы абвострана рэагуюць толькі на заявы новаліцьвінаў, што ВКЛ было беларускай дзяржавай і Вільня павінна належаць Беларусі. А ўслаўляць Вільню нам ніхто ніколі тут не перашкаджаў. Заўсёды ўслаўлялі і асобна, і разам зь людзьмі іншых нацыянальнасьцяў. Калі часам мала ўслаўлялі (а я асабіста лічу, што мала), то гэта наша ўласная віна ці бяда — заўсёды было вобмаль сьвядомых актыўных беларусаў.

Я і паэткай стала толькі для таго, каб услаўляць Вільню па-беларуску!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG