Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго Шуневіч стварае жаночы паляўнічы клюб


Ігар Шуневіч, 2019 год. Менск. Ілюстрацыйнае фота
Ігар Шуневіч, 2019 год. Менск. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ствараюць жаночы паляўнічы клюб.

«Жаночы клюб пры нацыянальнай паляўнічай асацыяцыі — гэта зусім не вынаходка. Такія клюбы існуюць пры шматлікіх эўрапейскіх паляўнічых аб’яднаньнях, адзін пералік якіх зойме занадта шмат месца», — заявіў старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, былы кіраўнік МУС Шуневіч.

Такім чынам на замену зачышчанай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі так званыя чыноўнікі будуюць новую. Ідэалягічна правільную, абсалютна зручную і, відавочна, Лукашэнка-арыентаваную. Такую, да якой носам не падлезе ані камар, ані таварыш маёр, ані хто старэйшы ў герархіі.

Трэба, зноўку ж, працаваць з гендэрным парадкам дня, каб надурыць міжнародную супольнасьць і выдаць чарговым разам прыгожыя лічбы для сусьветнага індэкса гендэрнай роўнасьці і іншых рэйтынгаў.

Але сапраўднай падтрымкі жанчыны, канечне, не дачакаюцца. Замест ліквідацыі сьпісу забароненых для жанчын прафэсій, барацьбы з хатнім гвалтам і вольнага доступу да перарываньня цяжарнасьці беларускам прапаноўваюць жаночы клюб паляўнічых.

З такой прапановай выступіў Ігар Шуневіч — былы міністар унутраных спраў, а цяпер кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Чалавек, які заўжды быў арыентаваны на гвалт, зьбіраецца заахвочваць жанчын карыстацца зброяй і забіваць жывёл, бо яму ці то сумна жывецца, ці то трэба ўпэўніцца, што шмат ляяльных Лукашэнку людзей умеюць карыстацца зброяй і змогуць абараніць ягоны рэжым.

Наўрад ці засталіся яшчэ такія наіўныя беларускі ці беларусы, якія вераць, што жаночы клюб ствараюць, каб жанчыны былі больш упэўненыя ў сабе ці патэнцыйна маглі абараніцца ад агрэсіўных мужчын. Такая матывацыя была б магчымая ў іншай Беларусі з іншай ідэалёгіяй, але я думаю, што і мэтады абароны жанчын у той Беларусі былі б іншыя. Цяпер жа гэта фактычна стварэньне дадатковага... хай ня войска, але ўзброенага аб’яднаньня, якое мусіць у выпадку чаго абараніць Лукашэнку і ягоны рэжым.

Вось што прыйшло на замену сапраўднай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі — абсурд і бессэнсоўнасьць, памножаная на жорсткасьць і прагу да бясконцай улады. Рэжым выкарыстоўвае фармальны падыход сабе на карысьць і супраць уласна жанчын. Фармальна ж у Беларусі ствараюць новае жаночае аб’яднаньне па інтарэсах! Гэтыя інтарэсы выходзяць далёка за межы кухні, дзяцей і царквы. Дык што ж, здавалася б, зноўку мяне, фэміністку, не задавальняе?

А я проста называю рэчы сваімі імёнамі. Індэксы, распрацаваныя ў дэмакратычных дзяржавах, адэкватна працуюць толькі ў такіх жа самых дзяржавах. А калі задача сыстэмы — стварыць свой паралельны сьвет і ўтрымацца любой цаной, яна знойдзе спосаб падстроіцца пад любыя патрабаваньні і фармальна ім адпавядаць.

І ўвесь сьвет будзе глядзець на гэта і пагаджацца. Афіцыйна ўсё ў парадку. Афіцыйна становішча беларускіх жанчын паляпшаецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG