Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У памежнай службе Ўкраіны расказалі аб асаблівасьцях уезду грамадзян Беларусі падчас вайны


Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота

З улікам таго, што Беларусь падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны, беларускія грамадзяне праходзяць праз усе неабходныя «меры кантролю, папярэднія праверкі інфармацыі пра тых асобаў, якія могуць несьці пагрозу».

У Дзяржаўнай памежнай служба Ўкраіны заявілі, што ня маюць статыстыкі аб колькасьці грамадзян Беларусі, якія прыбылі ва Ўкраіну.

«Мяжа зь Беларусьсю і Расеяй закрытая, прыднястроўскі ўчастак таксама. У нас ажыцьцяўляецца памежны кантроль на мяжы з Малдовай і краінамі Эўразьвязу. Уезд ва Ўкраіну іншаземцаў дакладна рэглямэнтуецца заканадаўствам, гэта тычыцца і грамадзян Беларусі. Калі нехта не адпавядае ўмовам уезду, ня можа дакладна аргумэнтаваць сваю мэту паездкі ва Ўкраіну або ня мае пашпартных дакумэнтаў, то можа атрымаць адмову на ўезд», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў інтэрвію агенцтву «РБК-Україна».

Паводле яго, з улікам таго, што Беларусь падтрымлівае Расею ў вайне ва Ўкраіне, беларускія грамадзяне праходзяць праз усе неабходныя «меры кантролю, папярэднія праверкі інфармацыі аб тых асобах, якія могуць несьці пагрозу».

«Статыстыкі, колькі грамадзян Беларусі прыехалі ва Ўкраіну сёлета, няма. Некаторыя грамадзяне Беларусі могуць мець дазвол на часовае або сталае жыхарства ва Ўкраіне. Гэта не дае, вядома ж, падстаў бесьперашкодна перасячы мяжу, але гэта таксама ўлічваецца пры мерах памежнага кантролю. Беларусам віза ва Ўкраіну не патрэбна», — дадаў Андрэй Дземчанка.

Пасьля 24 лютага 2022 году большая частка беларусаў, якія знаходзіліся ва Ўкраіне, выехалі ў іншыя эўрапейскія краіны, але застаюцца яшчэ і тыя, хто сьвядома не пакідае ўкраінскай тэрыторыі. Сярод іх ня толькі прадстаўнікі новай хвалі міграцыі, якія мелі дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне, але і тыя, хто даўно выехаў зь Беларусі, застаўся зь беларускім пашпартам, але пачаў новае жыцьцё і бізнэс ва Ўкраіне.

З канца сьнежня 2021 году на мяжы з Украінай увялі асаблівы рэжым перамяшчэньня празь мяжу і зьмены ў працэдуру памежнага кантролю.

Праверка і афармленьне замежных грамадзян, але найперш гэта датычыць расейцаў і беларусаў, цяпер прадугледжвае абавязковую гутарку на мяжы з супрацоўнікамі памежных і спэцыяльных службаў. Яна фіксуецца на відэакамэру і можа працягвацца больш за гадзіну. У канцы размовы ў беларусаў і расейцаў, незалежна ад полу і ўзросту, абавязкова бяруць адбіткі пальцаў. У выпадку адмаўленьня ад памежнай біямэтрыі грамадзяніну адмаўляюць і ва ўезьдзе ва Ўкраіну.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG