Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта можа зрабіць толькі Масква». Як беларусаў прызнаюць сьвятымі і што на гэта ўплывае


Абраз сьвятога Казіміра ў фарным касьцёле Горадні
Абраз сьвятога Казіміра ў фарным касьцёле Горадні

Афіцыйна праваслаўных беларускіх сьвятых у разы больш, чым каталіцкіх. Прычына — у складанасьці працэдуры. Таксама сьвятары патлумачылі Свабодзе, ці можна лічыць сьвятымі палітвязьняў, якія загінулі ў турме.

Нядаўна Масква пазбавіла беларускую праваслаўную царкву права кананізаваць спачылых, да таго ж адклікала статус сьвятых у некаторых беларусаў.

Спалілі ў касьцёле, аддала жыцьцё за нявестку

Вікіпэдыя паведамляе толькі пра пяць беларускіх каталіцкіх сьвятых. Расказваем пра некаторых.

Сярод іх два ксяндзы, якіх забілі нямецка-фашысцкія карнікі ў вёсцы Росіца Віцебскай вобласьці ў 1943 годзе. Калі ў тых мясьцінах актывізаваліся партызаны, карнікі прыйшлі ў вёску і частку людзей адабралі ў канцлягер, а рэшту вырашылі спаліць. Абодвум сьвятарам дазвалялі зьехаць зь вёскі, але яны засталіся зь людзьмі. Ксяндза Антонія Ляшчэвіча расстралялі, імаверна, за тое, што ён прасіў вызваліць вяскоўцаў. Ксяндза Юрыя Кашыру спалілі разам з больш як 1500 жыхароў Росіцы ў касьцёле.

Касьцёл у Росіцы
Касьцёл у Росіцы

Казімер, каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі, які жыў у XV стагодзьдзі, таксама прызнаны сьвятым. Ён нарадзіўся ў Кракаве, часта наведваў Горадню і Вільню. Пражыў толькі 25 гадоў. Даў зарок цнатлівасьці, адмовіўся ад шлюбу з дачкой нямецкага імпэратара. Хварэў на сухоты. Паводле легенды, сьвяты Казімер зьявіўся на чале войскаў ВКЛ і Кароны Польскай падчас бітвы пад Воршай. Каля дня ягонай памяці, на пачатку сакавіка, у Вільні і Горадні праходзіць кірмаш Казюкас або Казюкі.

Уніяцкая верніца Мар’яна Бярнацкая абвешчаная благаслаўлёнай (гэта першы этап прызнаньня чалавека сьвятым). Гэта вясковая жанчына, якая аддала сваё жыцьцё за цяжарную нявестку. У 1943 годзе нямецка-фашысцкія карнікі сталі арыштоўваць жыхароў вёскі за тое, што партызаны забілі нямецкага жаўнера. Прыйшлі і па сына Мар’яны Станіслава і нявестку Ганну. Маладая жанчына празь некалькі тыдняў мелася нарадзіць. Сьвякроў папрасіла забраць яе замест нявесткі. Перад сьмерцю ў турме, паводле сьведчаньняў, яна захоўвала спакой і малілася. Яе расстралялі каля вёскі Навумавічы пад Горадняй.

Мар'яна Бярнацкая

Сын князя заснаваў манастыр, які спыніў захоп гораду

У праваслаўных вернікаў вядома пра 50 чалавек, прызнаных сьвятымі. Расказваем пра некаторых.

Айцец Валерыян Навіцкі жыў у вёсцы Цялядавічы Капыльскага раёну. Паходзіў зь сям’і сьвятара і сам пасьля сьмерці бацькі стаў сьвятаром. Гэта быў 1923 год, ужо вернікаў перасьледавалі. У 1930 годзе айца Валерыяна арыштавалі, прапаноўвалі адрачыся ад веры і ад сану, але ён адмовіўся. Жонка прасіла яго не адракацца ад Бога, хоць засталася потым зь дзецьмі адна, бяз дома. Айца Валерыяна расстралялі, калі яму было 33 гады, у лесе разам з двума іншымі сьвятарамі. Вядома, што яны самі сабе капалі магілу.

Валянціна Сулкоўская (Менская) абвешчаная бласлаўлёнай. Нарадзілася ў вёсцы Коскі каля Дзяржынску ў сям’і сьвятара. Вяла пабожнае жыцьцё. У 1931 годзе ейнага мужа арыштавалі і выслалі на Далёкі Ўсход, дзе ён памёр. Валянціна Сулкоўская прадбачыла Другую ўсясьветную вайну і «жалезных птушак». Да яе прыходзілі жанчыны, чыіх мужоў забіралі на вайну, прасілі блаславіць хусткі, якія давалі ў дарогу мужчынам.

Сын князя Елісей Лаўрышаўскі жыў у XIII стагодзьдзі, займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя літоўскага Міндоўга. Стаў хрысьціянінам, пакінуў палац і сышоў у пустынь. Там разам зь іншым манахам заснаваў Лаўрышаўскі манастыр. Каля 1250 году Елісея ноччу забіў ягоны гадаванец. Пасьля сьмерці ягоныя парэшткі лічылі цудадзейнымі. У 1505 годзе ў Наваградзкім раёне здарыўся цуд. Калі татары спустошылі навакольлі гораду і наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, ім падалося, што манастырскі двор запоўнены коньніцай, і адступілі. У Наваградку паставілі помнік гэтаму сьвятому.

«Цяпер беларусаў можа прызнаваць сьвятымі толькі Масква»

Як расказаў Свабодзе праваслаўны сьвятар айцец Георгі Рой, працэдура кананізацыі ў праваслаўнай царкве больш простая, чым у каталіцкай. Каб прызнаць сьвятым кагосьці ў каталіцкай царкве, трэба зьвяртацца ў Рым, а ў праваслаўнай царкве да нядаўняга часу такія пытаньні вырашалі самі.

Сьвятар Георгі Рой, архіўнае фота
Сьвятар Георгі Рой, архіўнае фота

«Доўгі час пасьля перабудовы Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, асабліва калі быў мітрапаліт Філарэт, уплывовы, аўтарытэтны ярарх, гэта вырашалі на мясцовым узроўні. Гэта прасьцей, бо вядома, пра каго ідзе гаворка, ёсьць сьведкі», — камэнтуе сьвятар.

Цяпер прывілей самастойна вызначаць сьвятых у беларускай царквы адабралі.

«Цяпер беларусаў можа прызнаваць сьвятымі толькі Масква», — кажа айцец Рой.

Больш за тое, некалькі месяцаў таму ў Маскве дэкананізавалі (адклікалі статус сьвятога. — РС) некаторых беларускіх сьвятых.

«Гэта полацкія япіскапы Міна, Сямён і Дзіянісій — маўляў, мы ня ведаем, калі і хто іх кананізаваў. Таксама Манефа Гомельская — бо няправільна аформілі дакумэнты. Віленскія пакутнікі Антон, Ян, Яўстафій — яны этнічныя беларусы, жылі ў Вільні. Але ў Маскве сказалі: раз яны жылі ў Вільні, то да беларускага народу дачыненьня ня маюць», — дадае суразмоўца.

Ён кажа, што беларускаму сьвятарству такое дужа не падабаецца.

«Гэта хутчэй імпэрскія замашкі. Маўляў, вы бяз нас ня можаце вызначыць, хто сьвяты, хто несьвяты», — мяркуе ён пра пазыцыю расейскіх рэлігійных чыноўнікаў.

Ці можна меркаваць, што сучасныя людзі, якія былі несправядліва асуджаныя, сядзелі за праўду і загінулі ў турме, як некаторыя беларускія палітвязьні, — сьвятыя?

Айцец Георгі Рой адказвае, што людзі, якія пайшлі на пакуту праз свае хрысьціянскія прынцыпы — сьвятыя.

«Калі гаварыць пра Алеся Пушкіна, то першы матыў — гэта любоў да радзімы, да свабоды, але таксама — і хрысьціянскія перакананьні. Наколькі ведаю пра Вітольда Ашурка, ён таксама быў хрысьціянінам. У лістах ён разважае пра Бога, пра Эвангельле. То бок любоў да праўды Божай і да радзімы прывяла іх да пакуты», — разважае сьвятар.

Ён мяркуе, што гэтыя палітвязьні — прыклад, як любіць радзіму і Божую праўду, як за гэта змагацца.

«Думаю, Хрыстос ацаніў іхнюю ахвяру, хоць яны не прызнаныя сьвятымі», — мяркуе айцец Георгі Рой.

Ён дадаў, што большасьць праваслаўных беларусаў прызнаныя сьвятымі праз тое, што былі пакутнікамі, некаторыя за тое, што былі аскетамі.

«Гэта вельмі складаная і цяжкая працэдура»

Ксёндз Дзьмітры Прыступа назваў Свабодзе некалькі прычын, чаму каталіцкіх сьвятых менш. Першая — гістарычная.

Ксёндз Дзьмітры Прыступа, архіўнае фота
Ксёндз Дзьмітры Прыступа, архіўнае фота

«Нашая краіна ўваходзіла ў ВКЛ і Рэч Паспалітую. Беларускай дзяржавы як такой доўгі час не было. Таму некаторых польскіх і літоўскіх сьвятых мы можам лічыць сваімі сьвятымі», — мяркуе ён.

Другая прычына ў тым, што працэдура абвяшчэньня чалавека сьвятым у каталіцкай царкве больш складаная. Сярод умоваў — патрэбныя два пацьверджаныя цуды за заступніцтвам гэтага чалавека: прыкладам, нехта невылечна цяжка хварэў, маліўся праз заступніцтва пэўнага памерлага і ў выніку ацаліўся. Каб пачаць працэс, трэба, каб быў культ сярод людзей, якія ўшаноўваюць гэтага памерлага і моляцца празь яго заступніцтва.

«Гэта ня так, што людзям падаецца, што ён сьвяты, або ярархам падаецца, што ён сьвяты, і яго абвяшчаюць. Гэта вельмі складаная і цяжкая працэдура. Ёсьць дзьве ступені: прызнаньне блаславёным, і толькі празь нейкі час — сьвятым», — кажа ксёндз Дзьмітры.

Ён падсумоўвае, што беларускіх каталікоў пераважна прызнавалі сьвятымі за змаганьне за чалавечую годнасьць. У некаторых выпадках гэтыя людзі прымалі пакутніцкую сьмерць.

«Гэта вельмі вялікая заслуга перад Богам, калі ты сваё жыцьцё аддаеш за веру», — кажа сьвятар.

Што да палітвязьняў, якія загінулі ў турме, то тут сьвятар думае, што да такіх сытуацый варта ставіцца асьцярожна.

«Спадзявацца, што яны сьвятыя, канечне, заўсёды можам. Мы хочам, каб кожны чалавек пасьля сьмерці стаў сьвятым. Гэта натуральная патрэба кожнага чалавека, які верыць у Бога», — заўважае ён.

Аднак прызнаваць чалавека сьвятым за тое, што ён сядзеў за праўду, нельга, удакладняе суразмоўца.

«Невядома, што чалавек думаў, каму аддаваў свае пакуты. Мы ня можам пацьвердзіць (што яны сьвятыя. — РС), бо яшчэ няма сьведак, няма ніякага працэсу», — тлумачыць сьвятар.

Паводле ксяндза Дзьмітрыя, важна, як чалавек памірае. Прыкладам, вядома, што беларускі сьвятар Андрэй Баболя памёр за веру і не адрокся ад яе, нягледзячы на жахлівае катаваньне. Таксама і польскі ксёндз Ежы Папялушка, які змагаўся з камунізмам і якога закатавалі амаль 40 гадоў таму, маліўся перад сьмерцю, аддаваў Богу сваё жыцьцё. Гэта пазьней засьведчылі самі каты.

«Кажучы пра палітзьняволеных, мы ня ведаем, у якіх умовах яны адышлі. Магло стацца, што яны страцілі веру ў Бога, расчараваліся, або наадварот — узмацніліся ў веры. Мы мусім асьцярожна камэнтаваць такія сытуацыі. Павінен прыйсьці на гэта час, калі мы даведаемся, якой была сытуацыя», — перакананы сьвятар.

Гэтаксама асьцярожна варта ставіцца да ацэнак наконт сьвятасьці прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, забітых у 1937 годзе.

«Сьмерць за праўду адрозьніваецца тым, што сьвятыя ў моманты сваёй пакуты славяць Бога па прыкладзе Хрыста, нават дзякуюць за пакутніцкую сьмерць. Таксама тым, што жыцьцё яны аддаюць не за праўду, а за Хрыста, за сваю веру», — удакладняе сьвятар.

Абодва сьвятары падкрэсьлілі, што дзень Усіх сьвятых прысьвечаны перадусім невядомым сьвятым, якіх царква яшчэ не кананізавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG