Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд з «Востравам чысьціні», тэндэры ад дзяржавы. Які бізнэс зьвязаны ў Беларусі з Максімам Мірным


Максім Мірны. Архіўнае фота
Максім Мірны. Архіўнае фота

​​​​​​​У 2020 годзе беларускі тэнісіст Максім Мірны асудзіў гвалт супраць пратэстоўцаў, а ў 2023-м ён прыехаў у Беларусь і выказаў шкадаваньні аб сваёй ранейшай пазыцыі.

Залаты прызэр лёнданскіх Алімпійскіх гульняў 2012 году, беларускі тэнісіст Максім Мірны ў жніўні 2020 году асудзіў гвалт супраць пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць.

Спартовец даўно жыве ў ЗША. Сёлета ў кастрычніку тэнісіст прыехаў у Беларусь і запісаў іншае відэа, дзе пашкадаваў аб сваёй ранейшай пазыцыі.

«Я жывы чалавек. І мы ўсе схільныя рабіць памылкі. Я паўтаруся, я шкадаваў аб сваім эмацыйным выступе. І сёньня, вярнуўшыся ў маю прывычную Беларусь, я адчуваю сябе спакайней і больш упэўнена», — сказаў тэнісіст.

У Беларусі ён правёў трэніроўку для дзяцей.

Журналісты выданьня Tribuna выказалі здагадку, што прыезд Максіма Мірнага ў Беларусь і далейшыя выказваньні зьвязаныя з праблемамі ягонага бацькі Мікалая Мірнага, які ў Беларусі зьяўляецца куратарам сямейнага бізнэсу. Паводле агучанай вэрсіі, да яго ўзьніклі пытаньні з боку падаткавікоў. Глядзім, якія кампаніі сям’і Мірнага працуюць у Беларусі.

Спартовая кар’ера

Максім Мірны паходзіць зь сямʼі спартоўцаў. Ягоны бацька Мікалай Мірны гуляў у элітным дывізіёне чэмпіянату СССР у валейболе. Пасьля працаваў як трэнэр. У 1991-м Мікалай Мірны паспрыяў ад’езду свайго сына ў ЗША, дзе той мусіў трэнавацца і гуляць у тэніс пад кіраўніцтвам трэнэра Аркадзя Эдэльмана. Маці Максіма Мірнага Тацяна займалася плаваньнем.

У 1999 годзе Максім Мірны ў пары з Сэрэнай Уільямс выйграў прэстыжны брытанскі тэнісны турнір «Уімблдан», што стала яго першай буйной перамогай. У 2011 і 2012 гадах Максім Мірны перамог у Францыі на адкрытым чэмпіянаце «Ралян Гарос», у 2013-м выйграў адкрыты чэмпіянат ЗША US Open. На лёнданскіх Алімпійскіх гульнях у 2012 годзе Мірны заваяваў золата ў пары зь Вікторыяй Азаранкай.

У 2018-м беларус завяршыў кар’еру тэнісіста і пачаў займацца трэнэрствам. Ужо былы спартовец жыў у ЗША, але час ад часу прыяжджаў у Беларусь.

Сямейны бізнэс

З 2011 году ў Беларусі пачынае працаваць спартовы бізнэс пад брэндам Максіма Мірнага. Паколькі сам спартовец жыў у ЗША, у Менску бізнэсам займалася ягоная сям’я, галоўным чынам бацька Мікалай.

Увесь бізнэс Мірных сканцэнтраваны вакол будынку ў сталічным мікрараёне Малінаўка на вуліцы Громава, 14. Гэта сучасны спартовы комплекс. Першай юрыдычнай адзінкай, зарэгістраванай пад брэндам сям’і, стаў «Мірны цэнтар». Гэта адбылося ў 2011 годзе. У 2014-м зарэгістравалі яшчэ дзьве юрыдычныя адзінкі — «Мірны тэніс» і «Мірны фітнэс-цэнтар». Усе яны знаходзяцца па адным адрасе, але ў розных памяшканьнях.

Суд з «Востравам чысьціні»

З рэестру юрыдычных адзінак kartoteka.by аб дзейнасьці кожнай юрыдычнай асобы пад брэндам Мірнага вядома, што «Мірны цэнтар» — прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, якое займаецца аказаньнем паслуг, у тым ліку здачай у наём памяшканьняў. Згодна з гэтай жа крыніцай, да «Мірнага цэнтру» няма пытаньняў з боку дзяржавы ў пляне запазычанасьці ці парушэньняў. Аднак фінансавыя пытаньні ёсьць у самога «Мірнага цэнтру» да кампаніі «ЗахадХімГандаль», а гэта вядомы брэнд «Востраў чысьціні». Сёлета ў кастрычніку Эканамічны суд Менску пастанавіў, што «ЗахадХімГандаль» вінен прадпрыемству «Мірны цэнтар» 44 108 рублёў. За што канкрэтна, невядома, але поруч з будынкам, дзе «Мірны цэнтар», ёсьць крама «Востраў чысьціні» па вуліцы Громава, 28.

Здымкі роліку «Беларусь памятае»

«Мірны тэніс» — яшчэ адна кампанія пад брэндам сям’і Мірных. Гэтая кампанія трэнуе дзяцей, а таксама аказвае паслугі спартовым арганізацыям. Напрыклад, «Мірны тэніс» выйграў некалькі тэндэраў як пастаўшчык паслуг. Тут трэнавалася «Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву па тэнісе». Ім здалі ў арэнду корт, кошт дамовы — 5688 рублёў. «Бэлтелерадыёкампанія» тут здымала фрагмэнт роліку «Беларусь памятае», кошт дамовы — 200 рублёў.

Яшчэ адзін кантракт — на трэніроўкі Школы алімпійскага рэзэрву ўпраўленьня спорту і турызму Менгарвыканкаму (на 12 936 рублёў). Усе гэтыя спартовыя арганізацыі — дзяржаўныя, а фінансаваліся кантракты зь мясцовых і рэспубліканскага бюджэту.

У 2018–2019 гадах «Мірны тэніс» судзіўся з кампаніяй «Сьвет інструмэнтаў», хацелі адсудзіць 1970 рублёў. У чым канкрэтна была праблема, невядома, але ў 2021 годзе «Сьвет інструмэнтаў» спыніў сваю дзейнасьць у выніку рэарганізацыі.

У кампаніі «Мірны тэніс», згодна з картатэкай, няма спагнаньняў ад дзяржавы і даўгоў.

«Мірны фітнэс-цэнтар» — яшчэ адна кампанія пад брэндам сям’і Мірнага. Гэта трэнажорная заля, SPA-кабінэт, паслугі масажу. Паводле адкрытых крыніц, кампанія ня мела судовых разбораў, таксама няма спагнаньняў ад дзяржавы за нясплату падаткаў ці ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG